Новости / Политика

Што набылі і што страцілі беларусы ў часы кіравання Лукашэнкі

20.07.2014, 12:30 / remove_red_eye 139 / chat_bubble

Дваццаць гадоў кіравання Лукашэнкі адбіліся на ўсіх сферах жыцця грамадства. «ІР» папрасіла экспертаў вызначыць станоўчыя і адмоўныя вынікі кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

ПАЛІТЫКА

«Беларусь чакае доўгі і пакутлівы шлях развітання з Саўком»
 

Аляксандр Класкоўскі, аналітык

РЕКЛАМА

– Трэба прызнаць, што Беларусь мае некаторыя поспехі: на пастсавецкай прасторы мы жывем не горш за ўсіх. Лукашэнка забяспечыў пэўны ўзровень жыцця, хай сабе і сціслы, але і беларусы не вельмі патрабавальныя.

З адмоўнага трэба падкрэсліць тое, што адносіны з Захадам цалкам сапсаваныя і Беларусь пастаўлена ў абсалютную залежнасць ад Расіі. Асабліва шкада згубленага і скрадзенага Лукашэнкам гістарычнага часу: нішто не вечна, і Беларусь чакае доўгі і пакутлівы шлях развітання з Саўком. Як гэта бачна на прыкладзе Украіны: нельга проста так узяць і скокнуць з аўтарытарызму ў царства дэмакратыі.

Яшчэ адна вялікая памылка Лукашэнкі – зацягванне Беларусі ў інтэграцыйную пастку Еўразійскага саюза. Гэта нясе прамую пагрозу страты суверэнітэту, што разумее і сам прэзідэнт, але шляху назад ужо няма. Ва ўмовах узросшых імперскіх амбіцый Расеі існуе рызыка, што ўсходні сусед проста праглыне нашую краіну праз малую нацыянальную самасвядомасць, з якой цягам 20 гадоў самааддана змагаўся Лукашэнка.

КУЛЬТУРА

«Неўзабаве нас чакае выбух беларускасці»

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы ім. Францыска Скарыны

  – Станоўчым момантам я назваў бы рэканструкцыю і аднаўленне некаторых помнікаў архітэктуры, раней аб гэтым мы не маглі нават марыць. Аднак адмоўнага значна больш. За гады кіравання цяперашняй улады не было адчынена ніводнай беларускамоўнай школы, хаця зачыняць іх працягваюць сотнямі. Я ўвогуле лічу, што нашае Міністэрства адукацыі – варожае для Беларусі міністэрства, фактычна – гэта міністэрства русіфікацыі.

Можна параўнаць сучасны стан нашай культуры з тарфянікам, які заліваюць вадою: яго тушаць, але пажар усё роўна ўзнікае ў самым нечаканым месцы. І нават нягледзячы на дваццацігоддзе ціску дзяржавы на культуру, ідэя нашага нацыянальнага адраджэння настолькі моцная, што з кожным днём набывае ўсё большы аўтарытэт сярод людзей – паглядзіце хаця б на папулярнасць моўных курсаў (Мова нанова і Мова ці кава. – А.Г.). У сталіцы, напрыклад, размаўляць па-беларуску сярод моладзі – гэта модна, гэта крута.

Усё сведчыць аб тым, што неўзабаве нас чакае моцны выбух беларускасці і нацыянальнага адраджэння, яшчэ большы, чым быў у 90-х. Тады нацыянальная хваля была звязаная з развалам Саюза і ўплывам іншых краін, цяпер жа варта чакаць адраджэння, якое нарадзілася самастойна.

ЭКАНОМІКА

«Я думаю, што пасля Лукашэнкі прэзідэнтаў у Беларусі ўжо не будзе»


Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія»

 – За 20 гадоў ніякіх змяненняў не адбылося: па сутнасці, Беларусь – гэта эксперымент па працягванні сацыялізму. Мы не стварылі ўласнага бізнесу, эканамічнай эліты. Прыватызацыі таксама не было – гэта адначасова і плюс, і мінус.  Не ствараліся новыя кластэры эканомікі, што ў перспектыве робіць усю прамыслова-аграрную мадэль неканкурэнтнай.

Эканоміка трымаецца на субсідзіях – за кошт расейскіх энэрганосьбітаў стымулююцца прыбыткі, якія рэальна не зароблены: чалавек напрацаваў на 300-400 долараў, а плацяць яму 700. У будучыні гэта абернецца вялікім шокам, і я вельмі спачуваю тым людзям, якім у наступным давядзецца адвучваць нас ад крэдытнай соскі. Я мяркую, што пасля Лукашэнкі прэзідэнтаў у Беларусі ўжо не будзе.

РЕКЛАМА

СВАБОДА СЛОВА

«Мы пазбеглі самага горшага варыянту – знішчэння ўладамі незалежных СМІ»

Жанна Ліцьвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

 – Кожны новы кандыдат у прэзідэнты Беларусі можа даваць тыя ж самыя абяцанкі, якія некалі даваў кандыдат Лукашэнка: ліквідацыя манаполіі на тэлебачанне, адмова ад цэнзуры, спыненне пераследу журналістаў па палітычных матывах, стварэнне прымальных умоваў для працы, калі доступ да інфармацыі не залежыць ад волі чыноўніка, –  ніводны з гэтых пунктаў за 20 гадоў не рэалізаваны. Трэба адзначыць яшчэ і незапатрабаванасць грамадствам нецэнзураванай інфармацыі, адсутнасці ў людзей крытычнага стаўлення да прапагандысцкіх матэрыялаў. У такіх умовах здаецца вялікім дасягненнем тое, што мы пазбеглі самага горшага варыянту – знішчэння ўладамі незалежных СМІ.

САЦЫЯЛЬНАЯ СФЕРА

«Засталіся льготы, якіх не павінна быць»

Аляксандр Сасноў, былы міністр працы

– Каб утрымліваць уладу, Лукашэнка дастаткова ўвагі надаваў менавіта сацыяльнай сферы, рабіў усё, каб жыццё большай часткі насельніцтва не пагоршылася. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся ўсе магчымасці: вялікія падаткі, якія тармазілі развіццё эканомікі, расейская дапамога, распродаж дзяржаўнай маёмасці. Думаю, што такім чынам ён будзе дзейнічаць і далей.

Аднак такая палітыка не можа цягнуцца вечна, і мы бачым скарачэнне і знішчэнне некаторых ільгот, напрыклад, адмена бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце школьнікам, адмена чарнобыльскіх ільгот, ільгот па доглядзе старых. Засталіся толькі тыя, якіх увогуле не павінна быць: спецыяльныя лякарні, пансіён для сілавікоў у 45 гадоў, ільготная аплата камунальных паслуг і дармовая зямля пад будаўніцтва катэджаў для высокага чынавенства. Асабліва варта адзначыць праваленую мадэрнізацыю і стан адукацыі: за тыя грошы, якія сёння патрабуюць нашыя ўніверсітэты, можна вывучыцца ў Еўропе ў нядрэннай ВНУ.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up