Новости / Общество

Беларуска са Славянска: «Кожную хвіліну баяліся за сябе…»

18.07.2014, 11:02 / remove_red_eye 108 / chat_bubble

Украінскае войска працягвае антытэрарыстычную аперацыю на ўсходзе краіны – ад баявікоў ужо вызвалілі шэраг гарадоў, сярод якіх і  Славянск, што на два месяцы пераўтварыўся ў пляцоўку баявых дзеянняў. Карэспандэнты «ІР» звязаліся з беларускаю, якая жыла ў гэтым горадзе і бачыла ўсе жахі вайны.

Бацькі Юлі – так зваць нашу суразмоўцу – яшчэ ў часы Саюзу перабраліся ва Ўкраіну і засталіся там жыць. Сама яна разам з сынам апошнім часам жыла ў Славянску, працуючы на адным з харчовых прадпрыемстваў горада.

Калі Славянск захапілі тэрарысты, Юля шукала першую магчымасць, каб уцячы разам з сынам. Атрымалася гэта толькі праз месяц.

– Юля, што, па-вашаму, адбывалася ў Славянску? Ці было гэта «народным паўстаннем» супраць новай улады?

РЕКЛАМА

– Я агучу самую папулярную версію сярод нас, мясцовых: нібыта пад Славянскам, часткова і Краматорскам, існуюць вялікія запасы сланцавага газу – літаральна на мільярды. Вось з-за гэтых радовішчаў усё і пачалося – права на здабычу быццам бы перадалі амерыканскім кампаніям, чым былі незадаволены рускія. Такое вось скрыжаванне інтарэсаў на нашым горадзе. А там ужо, як пачалося, у кожнага маглі адшукацца свае ўласныя прычыны паваяваць.
– Ці былі сярод тэрарыстаў мясцовыя?

– Сярод тэрарыстаў было шмат розных персанажаў. Прыблізна палова – сапраўды жыхары горада. Але ў адэкватнасці большасці з іх я сумняюся – такія недобранадзейныя элементы, як іх звычайна называюць, крыміналітэт. Не хачу пра гэта асабліва распавядаць, але багата было рускіх і, што дзіўна, чачэнаў. Яны, па сутнасці, і ваявалі – захоплівалі міліцыю, адміністрацыю. Мы жылі каля СБУ (Служба бяспекі Украіны – А.Г.) – кожную хвіліну баяліся за сябе. У гэтым будынку і закладнікаў трымалі, і тэрарыстаў заўсёды было шмат. Думалі, што, калі пачнецца штурм, у першую чаргу войска і будзе бамбіць СБУ – каб па нас хаця не патрапілі.

– Як вы жылі гэты час?

– Спачатку здавалася, што гэта фільм ці сон – мірна жылі, а тут страляніна, выбухі, захоп будынкаў нейкімі людзьмі. Было страшна, канешне. Снарады, бывала, прыляталі і на надворак – тэрарысты казалі, што гэта нацгвардыя па нас страляе, але дзе ты там праўду высветліш? Маглі і самі страляць, каб распаліць нянавісць да войска. Ды і ўвогуле, лагічна, што калі ты страляеш, то рана ці позна хтосьці стрэльне і ў твой бок.

Па тэлебачанні транслявалі толькі расійскія каналы, але інтэрнэт нам не адключылі – глядзелі і ўкраінскія. Калі сур’ёзныя баі пачаліся, то на вуліцу не выходзілі – дазнаваліся пра ўсё з навінаў. Ведаеце, ся-дзіш вось у хаце, глядзіш у экран, а там паказваюць трупы на вуліцы, якая праз квартал. Страшна. На міліцыю надзеі не было – у першыя дні захопу яна быццам бы знікла, а потым зноў з’явілася. Патрулявалі вуліцы, але баявікоў не чапалі – у іх ва ўсіх выдатнае ўзбраенне, куды там.

– У вас ёсць сын, і яму таксама прыйшлося гэта ўсё перажыць…

– Так, ён у гэтым годзе дзясяты клас скончыў. Ну, як, скончыў… Адзнакі за год мы так і не даведаліся – апошнім часам у школу хадзіць было небяспечна.

Я ў ім асаблівых зменаў у сувязі з вайною не заўважыла, але цяжка было, безумоўна. Баялася за нас абодвух – увесь час шукалі момант, каб збегчы. Праз месяц атрымалася. Узялі некаторыя рэчы і паехалі. Дзякуй богу, што прапусцілі на блок-посце без праблемаў.

– Як плануеце жыць далей?

– Добра, што кватэра ў Славянску была не мая ўласная – я яе здымала. Там засталося багата нашых рэчаў, можа, як-небудзь атрымаецца прыехаць і забраць. Думаю, што пазней – пакуль туды не даедзеш: ў мяне няма славянскай прапіскі. А для вайскоўцаў цяпер усё, што ты ім кажаш без доказаў, – пусты гук, нават не прапусцяць.

Накіроўваюся вось зараз у Харкаў – адшукала там працу. Сын будзе хадзіць у школу ў новым месцы. Хачу, каб усе гэтыя жудасці хутчэй забыліся.

Даведка. Славянск – горад на ўсходзе Украіны. У сярэдзіне мая ўзброеныя «зялёныя чалавечкі» захапілі месца і вывесілі на будынак гарадской адміністрацыі сцягі Расеі і самаабвешчанай ДНР. Адначасова з гэтым невядомыя баявікі пачалі з’яўляцца ў іншых гарадах Данбасу.  

Праз захоп населеных пунктаў украінскае войска распачало антытэрарыстычную аперацыю, у выніку якой нацгвардыя ды дабраахвотніцкія батальёны ўжо вызвалілі значную частку захопленых тэрыторый, сярод якіх – 5 ліпеня і Славянск.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up