Новости / Культура

Вечарына ў памяць баранавіцкага паэта і філосафа Валерыя Ігнаценкі

19.06.2014, 9:53 / remove_red_eye 109 / chat_bubble

Мерапрыемства адбылося 17 чэрвеня ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая.

У гэты дзень яму споўнілася б 70 гадоў. Але ў апошні дзень лета 1996 года Валерый трагічна загінуў: у суседкі па лесвічнай пляцоўцы на чацвёртым паверсе нечакана зачыніліся дзверы, яна засталася без ключа, і Валерый, вырашыўшы ёй дапамагчы, палез праз акно з адной кватэры ў другую… Кажуць, апошнімі яго словамі на зямлі былі: ”Ну вось і ўсё…”

Прысутныя мелі магчымасць паглядзець слайдфільм пра Валерыя і відэафільм, дзе ён чытае свае вершы.

У Валерыя Дзянісавіча ў нашым горадзе было шмат сяброў і знаёмых. Ён выпраменьваў такую станоўчую энергію! Многія з тых, хто яго ведаў, і сабраліся ў гэты вечар у бібліятэцы. Супрацоўніца ўстановы Ірына Паўлаўна Дракоўская, якая пачынала імпрэзу, напомніла прысутным асноўныя вехі жыцця паэта. Пасля навучання ў пятай школе, дзе ён быў добрым вучнем і выдатным спартсменам, Валерый паступіў у адну з самых элітных ВНУ краіны – Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут імя Баўмана. Вучыўся ў самога акадэміка Ландау! Але… Паэзія, якую ён так любіў, вызначыла для яго іншы накірунак, і ён апынуўся ў не менш прэстыжным Літаратурным інстытуце імя Горкага. Больш таго, Валерыю пашчасціла жыць у адным пакоі са знакамітым расійскім паэтам Мікалаем Рубцовым…

РЕКЛАМА

Спробы знайсці сябе на гэтым не скончыліся. Пасля Ігнаценка пераходзіць у БДУ на факультэт журналістыкі, а ў сорак год паспяхова завяршае вучобу ўжо на факультэце філасофіі гэтай жа навучальнай установы. Працаваць яму таксама прыйшлося шмат дзе – і ў рэдакцыі мясцовай раёнкі, і грузчыкам на кантэйнерным двары, і нават далёка-далёка ад дому, на Мангышлаку… І ўвесь час з ім была яго вялікасць Паэзія. Свае вершы ён пісаў і перапісваў, таму некаторыя творы маюць па сем-дзесяць варыянтаў. Такім жа патрабавальным Валерый быў і ў адносінах іншых літаратараў – ён шмат год на грамадскіх пачатках быў літкансультантам у газеце “Знамя коммунизма”.

“Ён жыў няпроста. Часамі не было грошай нават на кавалак хлеба і Валерый вымушаны быў несці ў “Букініст” якую-небудзь з кніжак з надзеяй, што потым будзе магчымасць выкупіць яе назад. Трэба сказаць, што бібліятэка ў Ігнаценкі была адной з найлепшых у горадзе, кнігі проста выштурхоўвалі яго з кватэры”, – распавёў прысутным адзін з удзельнікаў мерапрыемства, Аляксей Белы. Ён адзначыў, што напрыканцы жыцця справы ў Валерыя Дзянісавіча наладзіліся, ён працаваў у выдавецтве “Эрыдан”, няблага зарабляў, выдаў некалькі часопісаў са сваімі творамі. Гэта была фантастыка, і гэта адзінае, што ён, як выдавец і літаратар, паспеў зрабіць для сябе. Пры гэтым Валерый выдатна ведаў матэматыку, а таксама займаўся перакладамі з замежных моваў. Ён шмат чаго мог і спадзяваўся, што ўсё яшчэ наперадзе. Тады, у дзевяноста шостым, Валерый набыў дамок у Добрым Бары, спадзяваўся перавезці туды частку бібліятэкі, зрабіць рамонт…

 

Валерый Палікарпаў, які ў часы маладосці Ігнаценкі працаваў дырэктарам краязнаўчага музея, узгадаў пра першыя публікацыі паэта, што прыпадаюць на пачатак шасцідзясятых, прачытаў верш Ігнаценкі “Рубаха”. Валерый падкрэсліў, што Ігнаценка віртуозна валодаў словам.

Суседка па пляцоўцы ў доме па Царука, 20 Алена адзначыла, што Валерый вельмі любіў класічную музыку (і разбіраўся ў ёй!), у яго кватэры гучалі творы Баха, іншых творцаў. Ён і сам запісваў свае элегіі на магнітафонныя стужкі.

Выступіў перад прысутнымі і Станіслаў Паўлоўскі. Гэта ён дапамог Валерыю знайсці той дамок у Добрым Бары. Станіслаў, які таксама займаўся ў тыя гады літаратурнай дзейнасцю, адзначыў, што Валерый быў інтэлігентам вышэйшай пробы, дабрэйшай душы чалавекам, ад яго ніхто ніколі не чуў брыдкага слова. А ў Добрым Бары Валерыю было добра. Можа, і таму, што там з гары відаць Жыровічы, манастыр, цячэ Шчара, і Валера, заядлы турыст, мог скарыстацца чоўнам мясцовых хлопцаў.

Вершы ў гэты дзень у памяць Ігнаценкі чыталі Браніслава Лапкоўская, Галіна Ліс, Людміла Шувалава. Спяваў песні пад гітару Сяргей Карповіч. Краязнаўца і літаратар Здзіслаў Сіцька распавёў пра тое, як разам з Ігнаценкам яны выдавалі ў нашым горадзе газету “Гаспадар”. І гэты суразмоўца адзначыў, што Валерый быў апантаным, вельмі моцным духам чалавекам. Юрый Мацюшка, які вучыўся ў паралельным з Валерыем класе, расказаў, як яны спаборнічалі ў скачках у вышыню, як у больш сталым узросце вандравалі па краіне, прачытаў адзін са сваіх твораў.

Алена Кім, жонка пайшоўшага з жыцця паэта Генадзя Гапановіча, сказала пра Ігнаценку так: ”Ён быў вельмі заўважны, паўз яго нельга было прайсці проста так. Гэта быў вельмі адукаваны чалавек з поглядам, накіраваным у бясконцасць. У Валерыя было касмічнае стаўленне да жыцця”.

Алесь Бакач, кіраўнік творчага згуртавання “Святліца”, узгадаў, што выбраныя творы Ігнаценкі, якія выйшлі ўжо пасля таго, як ён загінуў, пабачылі свет дзякуючы намаганням Юрыя Маслава, які і з’яўляецца асноўным захавальнікам літаратурнай спадчыны паэта. Дарэчы, вокладку да гэтай кнігі рабіў наш калега, паэт Венанцы Бутрым. Алесь Бакач успомніў, як аднойчы, сыходзячы ад Ігнаценкі, азірнуўся на дзверы і ўбачыў, што той перахрысціў яго на дарогу…

 

Пачынаючы аповед пра Ігнаценку, Аляксей Белы прачытаў свой верш “Добры Бор, дом 89”, прысвечаны сябру. Там былі такія словы: ”На ўзбярэжжы пары, што падорыць лістам фарбы жніўня і колер жытнёвы, “Хай хоць ТАМ будзе добра табе, хай хоць ТАМ…” – мы ўбачым апошнія словы.” Няхай бы так і было!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up