Новости / Экономика

Чым замяніць на стале беларуса шкварку

13.06.2014, 13:41 / remove_red_eye 135 / chat_bubble

Кошты на свініну кожны тыдзень паднімаюцца ўгару. Ва ўмовах, калі за кілаграм прыходзіцца аддаваць усё больш грошай, беларусы проста сталі есці менш мяса.

– Мы сказалі б, што пакупнікі бяруць часцей за ўсё, калі б хоць штосьці бралі! – з іроніяй кажуць гандляры свінінаю на Чарнышэўскім кірмашы.

Праблемы з рэалізацыяй велізарныя: людзі ці ўвогуле не купляюць свініну, ці робяць гэта рэдка. Як лічаць гандляры, прычына адна  – нерэальныя кошты: пакупнікі не ў стане купляць кілаграм больш чым за 100 тысяч. Аб шалёным росце коштаў на мяса «ІР» ужо пісала раней, і надзея на паляпшэнне сітуацыі па-ранейшаму малая: у Польшчы і Літве бушуе афрыканская чума, і ўвоз свініны з гэтых краін пакуль забаронены.

Раней АЧС нанесла сур’ёзны ўдар па пагалоўі свіней і ў нашай краіне. З красавіка 2013-га па красавік 2014 года пагалоўе свіней знізілася амаль на 20%.

РЕКЛАМА

Каб захаваць мяса ў дзяржаве, Беларусь знізіла экспарт свініны ўтрая. Аднак завозіць больш не стала! Дэфіцыт сыравіны адбіўся на вытворчасці: асноўная частка свініны, згодна са статыстыкай, накіроўвалася на выраб паўфабрыкатаў, каўбас і кансерваў, а вось вытворчасць чыстага мяса скарацілася.

Запасы свініны сталі імкліва змяншацца, а кошты, наадварот, расці. У выніку, калі раней кіло свініны каштавала прыкладна на 20% танней, чым ялавічыны, то цяпер цэны на мяса амаль зраўняліся.

Зараз Беларусь шукае экстранныя выхады з сітуацыі, прэзідэнт нават распарадзіўся тэрмінова павялічыць пагалоўе свіней. Але пакуль адбываецца супрацьлеглае: калі ў 1 квартале мінулага года мы завезлі з-за мяжы 172 племянныя свінні для гадоўлі, то ў гэтым годзе – усяго 6.

Гаспадаркі проста баяцца заводзіць свіней. «Няма гарантыі, што праз паўгода, калі свіней выгадуем і можна будзе прадаваць, не здарыцца паўтарэння гісторыі з чумой. Мы баімся пайсці па свеце», – распавялі рэсурсу «Беларускія навіны» ў адной з гаспадарак краіны.

На КПС «Усходні», дзе ў параўнанні з мінулым годам пагалоўе зменшылася напалову, вырашыць гэту праблему таксама не могуць з-за аварыйнага стану некаторых будынкаў комплекса.

Цяпер Беларусь шукае альтэрнатыўных пастаўшчыкоў свініны. У якасці асноўнага прэтэндэнта Мінсельгасхарч разглядае Канаду, аб гэтым паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Седзін.

Цікава, што цесных сувязей у пастаўках свініны з гэтай краінай  у нас не было. У 2013 годзе, напрыклад, на долю Канады прыйшлося менш за 1% ад усяго імпарту свініны. Больш за тое, з гэтай краіны мы завезлі ў 63 разы менш мяса, чым ад нашага асноўнага пастаўшчыка — Германіі, якую не закранула АЧС.

Каментарый спецыяліста

Леанід Заіка, кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Аналітычны цэнтр «Стратэгія»:

– Тое, што мяса з Канады не пачалі вазіць яшчэ год таму – вялікая памылка кіраўніцтва рэспублікі.  Дэфіцыт якога-небудзь харчовага тавару пры наяўнасці сусветнага рынку – гэта надуманая праблема: мяса нам могуць прапанаваць столькі, што мы яго ніколі не пераямо. Канадская свініна будзе каштаваць не больш чым 5 долараў за кілаграм. Калі ўжо ў беларусіх крамах будуць пытаць больш, то гэта значыць, што прадаўцы падманваюць насельніцтва.  

Вольга Буевіч, тэхнік-тэхнолаг грамадскага харчавання, намеснік дырэктара Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа:

– Каб замяніць свініну, неабходна ўжываць іншае мяса – раслінная соя тут не падыдзе. Справа ў тым, што поўную стужку амінакіслотаў мае толькі жывёльны бялок. Я раіла б людзям, у якіх няма магчымасці купляць свіное мяса, перайсці на рыбу ці кураціну, але час ад часу ўсё ж вяртацца да ялавічыны і свініны.

На колькі падаражэлі мяса, мясныя прадукты і рыба ў красавіку 2014-га ў параўнанні з красавіком 2013 года

свініна (акрамя бескасцёвага мяса)…………………….22%

рыба марожаная (трасковыя, скумбрыевыя)……16%

рыбныя кансервы………………………………………………..12%

ялавічына (акрамя бескасцёвага  мяса)…………….10%

РЕКЛАМА

селядзец салёны…………………………………………………….9%

куры (уключаючы бройлераў)………………………………8%

кілбасныя вырабы і вэнджаніна……………………….7%

мясныя кансервы…………………………………………………..5%

Чым можна замяніць свініну і ў колькі гэта абыдзеццца, падлічылі журналісты «ІР»

Курынае філе…………каля 50 тысяч/кг

Курыца цалкам………каля 60 тысяч

Філе ялавічыны……..каля 90 тысяч/кг

Кальмар…………………..каля 32 тысяч/кг

Мінтай…………………….каля 30 тысяч/кг

Мойва, салака………..каля 20 тысяч/кг

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up