Новости / Культура

Бюст Грыцаўцу усталююць у Златавусце

10.06.2014, 11:42 

У расійскім горадзе на Урале ўвекавечаць памяць аб нашым земляку-лётчыку.

Летась у сакавіку новай вуліцы ў горадзе Златавуст надалі імя двойчы Героя СССР Сяргея Грыцаўца, паведамляе сайт URAL24.

 

Улады ўральскага гарадка на рацэ Ай распрацавалі праграму для ўвекавечання памяці лётчыка, які ў маладосці з 1927 па 1931 год жыў і працаваў у Златавусце. У гэтым горадзе Грыцавец працаваў слесарам на механічным заводзе.

У чэрвені ў Златавусце адбудзецца лёгкаатлетычны забег, прысвечаны 105-годдзю Грыцаўца. Таксама плануецца, што адбудзецца ўстаноўка бюста лётчыка.

 

Бюст Сяргея Грыцаўца ў Баранавічах. Фотао Людміла ПРАКОПАВА/INTEX-PRESS

Бюст Сяргея Грыцаўца ў Баранавічах. Фота Людміла ПРАКОПАВА/INTEX-PRESS

Даведка

Грыцавец Сяргей Іванавіч, нарадзіўся 19.07.1909 года ў в. Бараўцы пад Баранавічамі. 

Падчас Першай сусветнай вайны з бацькамі з’ехаў у бежанства ў Расію. У 1927–1931 гадах жыў у Златавусце. У 1931 годзе паступіў у Арэнбургскае лётнае вучылішча. У 1932 і 1939 гадах вучыўся ў Адэскай школе лётчыкаў па вядзенні паветранага бою. Вясною 1938 года, як добраахвотнік, ваяваў у Кітаі супраць японцаў. Падчас аднаго бою за 30 хвілін  знішчыў 2 ці 3 аэрапланы.

У той самы год Грыцавец добраахвотнікам прымае ўдзел у Грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Там на самалёце І-16 ён атрымаў 30 перамог. За гэта 22 снежня 1938 года быў ўзнагароджаны зоркаю Героя Савецкага Саюза і ордэнам Чырвонай Зоркі.

У маі 1939 года ён разам з 48 савецкімі лётчыкамі быў накіраваны ў Манголію для ўдзелу ў баях з японцамі. 26 чэрвеня пасадзіў свой самалёт на варожай тэрыторыі каля падбітага самалёта камандзіра часткі маёра Забалуева. Забалуеў здолеў сесці ў самалёт Грыцаўца і тым самым пазбегнуў палону. За гэта 29 жніўня 1939 года Грыцавец атрымаў званне двойчы героя Савецкага Саюза і другі ордэн Чырвонай Зоркі. Падчас вайны з японцамі збіў 11 самалётаў.

У пачатку верасня 1939 года Грыцавец і 20 іншых пілотаў былі адкліканы для падрыхтоўкі нападу на Польшчу. Але 16 верасня, за дзень да пераходу граніцы, ён разбіўся на аэрадроме пад Віцебскам. Другі лётчык пратараніў яго самалёт падчас вырульвання на ўзлёт.

Усяго Грыцавец збіў 42 самалёты. Акрамя двух зорак Героя СССР і двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама мангольскім ордэнам. Помнікі, бюсты і мемарыяльныя табліцы ўсталяваны ў Маскве, Мінску, Харкаве, Баранавічах. На сцяне аднаго з цэхаў завода «Булат» у Златавусце вісіць барэльеф Грыцаўца.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.
Поделиться: