Новости / Общество

«П’юць коні, а мы – выпіваем»

8.06.2014, 10:44 / remove_red_eye 89 / chat_bubble

Карціны, калі цэлыя натоўпы людзей сумніўнага выгляду з самага ранку стаяць каля крамаў, не рэдкія для Баранавіч. Журналіст Іntex-press 23 мая правёў некалькі гадзін у кампаніі алкаголікаў, каб зразумець, чаму людзі співаюцца.

“Мяне мілая чакае”

Халаднаватая раніца пятніцы, сонца яшчэ ледзь паказваецца над дахамі дамоў. Сярод першых мінакоў  трапляюцца і тыя, хто падняўся рана не дзеля таго, каб паспець на працу, прычына іншая – неўзабаве адчыніцца крама. У ёй можна набыць тое, што супакоіць галаўны боль і прывядзе ў парадак думкі.

Завязаць размову з «сіняком» няпроста: вочы на распухшым з бадуна твары глядзяць варожа і недаверліва.
– Слухай, я пасля ўчарашняга ледзь на нагах стаю, – пыша перагарам адзін з першых наведвальнікаў крамы, трымаючы ў руках бутэльку «чарнілаў», – давай наступным разам пагаворым, мяне мілая чакае.

РЕКЛАМА

Азіраючыся па баках, аматар пладова-ягадных вінаў хаваецца за вуглом. Літаральна праз хвіліну ў краму заходзіць яшчэ адзін. Нават не гледзячы на асартымент, ён кідае прадаўцу: «Адну вялікую і цыгарэты».  Грошы разлічаны капейка ў капейку – ані рубля рэшты.

– Мне працаваць яшчэ 5 гадзін, а да абеду дацягнуць трэба, – тлумачыць пакупку мужчына. – Каб не допінг (ганарліва паднімае дрыжачай рукою бутэльку), то і не ведаю, як бы рабіў.

Суразмоўца цяпер на жыццё зарабляе тым, што косіць траву – з мінулага месца працы яго звольнілі. Але ён не крыўдуе – каса сама робіць сваю працу, толькі трымай, папярэдне «жахнуўшы».  Што яшчэ для шчасця трэба?
Каб усё ж пагаварыць і зразумець алкаголіка, сам купляю бырла і шпацырую шукаць сяброў «па стакане». Далёка ісці не давялося: у суседнім двары сядзіць прыкметная кампанія. Прагу да ўсяго, што гарыць, выдае знешні выгляд.

“У нас тут усе мужыкі п’юць”

– Здарова, выпіць хочаце? – пытаюся ў мужыкоў.

– А ёсць што? Тады сядай, – пераглянуўшыся, ківаюць галовамі новыя знаёмыя.

Тут жа з’яўляецца стакан, адзін на ўсіх – ён з мінулага вечара сушыўся сярод галін бліжэйшага куста. Адмаўляюся ад права «распячатаць флян» і моўчкі назіраю за працэсам – паўбутэлькі знікаюць у глотках за хвіліну. Выпіўшы, мужыкі вяртаюцца да гульні ў карты, якую абарваў мой прыход.

– Давай першую стаўку па 500, а потым паднімаем, – раве адзін з прысутных, кідаючы банкноту на стол.
Хтосьці сёння ўжо выйграў больш за 20 тысяч, акурат на маленькую віна. Прысутныя сапраўды лічаць, што гульня ў карты на грошы сярод працоўнага дня – вартая справа для здаровага мужыка. А маглі б грошы зарабляць замест таго, каб губляць час на лаўках у кожным двары Баранавіч.

– А на што вы існуеце? – пытаюся ва ўсіх адразу.

Вытрымаўшы паўзу, па аднаму пачынаюць адказваць.

– Я кіроўца, працую па зменах, – распавядае адзін. – Яшчэ некалькі дзён выхадных, вось гуляю.
З яго словаў, дастаткова толькі ноч перад выхадам на працу добра паспаць, і алкаголь цалкам выветрыцца. Хлопцу ўжо пад 30, але ні сям’і, ні дзяцей у яго няма.  

– Ды пайшла ты, – гучна перарывае нашую размову іншы сусед па лаўцы.  Гэта ён аблаяў сваю жонку.
– Чаго ты так? – пытаюся.

– Надакучыла, – распавядае мужык, – усё ёй трэба ведаць: дзе я, з кім я. Абыдзецца.
З жонкаю ён сварыцца часта, мінулай ноччу не начаваў дома – «адпачываў» з сябрамі. На жыццё зарабляе тым, што ездзіць на будоўлю ў Расію падсобнікам. Прывезеных грошай хапае на тое, каб месяц гуляць дома. Потым алгарытм паўтараецца.

Распавядаю прысутным аб тым, што Беларусь названа краінаю, у якой больш за ўсіх п’юць. А потым пытаюся, навошта яны сваімі дзеяннямі ствараюць дзяржаве такую «славу».

– Які сэнс бухаць? Я не ведаю, – са стаканам у руцэ разважае самы гаварлівы з прысутных. – Вось толькі сэнс жыцця ж таксама невядомы, правільна? Але ўсе жывуць і аб гэтым неяк не задумваюцца.

Аргументы наступных яшчэ больш уражваюць – людзі проста не ведаюць, чым сябе заняць.
– Бухаю, бо больш няма чаго рабіць, – падабрэўшы, кажа яшчэ адзін алкаш. – У нас тут усе мужыкі п’юць, а мне нельга ці што?

“Мне надакучыла так жыць”

РЕКЛАМА

У разгар палемікі звініць дамафон суседняга пад’езда – з яго выходзіць жонка аднаго з кампаніі. Той падскоквае і бяжыць да яе – просіць 10 тысяч, якія застаўся павінен у карты. Размова хутка перарастае ў сямейную сварку.
– Мне надакучыла так жыць, – на ўвесь двор галосіць жанчына. – Ідзі працуй, я не дам табе грошай!

Не саромеючыся ў выразах, яна лае яго і ўсіх сяброў.  Выгаварыўшыся, жанчына хуткімі крокамі адыходзіць, кідаючы свайму п’янаму мужу: «Будзеш бухаць – пайду да каханка».  

Пасля вяртання мужыка за стол сябры робяць выгляд, быццам бы не чулі абразлівых словаў яго жонкі. Усе вяртаюцца да гульні ў карты і адрываюцца ад яе толькі калі ў двары з’яўляецца паштальёнка – кампанія ломіцца правяраць свае скрыні. Такі энтузіязм становіцца зразумелым толькі потым: аднаму алкаголіку «пашанцавала» – плюючыся, ён паказвае белую паперку.

– Зноў штраф далі, – абураецца мужык, – 450 тысяч!

З яго словаў, гісторыя адбылася даволі тыповая:

– П’янага міліцыянты «прынялі», завезлі ў свой «гатэль». Там пераначаваў, і раніцай у суд. Штраф далі ды адпусцілі.
Грошай, якія належыць выплаціць дзяржаве, шкада толькі з адной нагоды – за іх можна было б купіць цэлую скрыню віна. Аб тым, каб кінуць піць, гаворка нават не ідзе, бо «п’юць коні, а мы – выпіваем».

Зінаіда Філімонава, дырэктар крамы «Усход»:

– За 50 гадоў майго досведу ў гандлі як толькі не спрабавалі змагацца з п’янствам: забаранялі продаж, прадавалі спіртныя напоі толькі некалькі гадзін у дзень, паднімалі кошт… Але гэта ўсё бессэнсоўна – алкаголь ідзе ў падполле і яго прадаюць нелегальна. А што прадаюць? Ніхто не ведае.

Я лічу, што п’янства можна перамагчы толькі павышэннем якасці жыцця і ўзроўню інтэлекту: адукаваны чалавек ніколі не пойдзе выклянчваць грошы пад крамаю, каб купіць сабе пладовага віна.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up