Автор: Арцём ГАРБАЦЭВІЧ

9:39, 7 июня 2014

Культура

remove_red_eye 102

«Беларусы не ведаюць сваёй гісторыі»

Недалёка ад Баранавіч, у вёсцы Ястрамбель, ураджэнец нашага горада Андрэй Сянько прыблізна за 90000 долараў набыў старажытную сядзібу. Як кажа новы ўласнік, аб’ём інвестыцый для развіцця старога будынка ў шмат разоў перабольшвае суму пакупкі, а адпачынак у месцы пасля рэстаўрацыі не будзе бюджэтным.

З Андрэем мы сустрэліся ў Ястрамбелі. На думку мужчыны, гаварыць аб такіх рэчах абстрактна не мае сэнсу – трэба глядзець ужывую.

– Не кожны купіць сабе голыя сцены старажытнай сядзібы…  – пачынаю размову.

– Так, зараз усё ўбачыце, – кажа Андрэй, – там працы яшчэ непачаты край: трэба ўзгадніць нюансы аднаўлення, атрымаць дазволы ад Міністэрства архітэктуры – выканаць усе ўмовы аўкцыёна, карацей.

РЕКЛАМА

Са словаў суразмоўцы, толькі пасля завяршэння ўсіх тэхнічных дэталяў можна будзе казаць аб другім жыцці сядзібы.
– Гэта перш за ўсё бізнес-праект, які нарадзіўся праз маю любоў да гісторыі, – распавядае аб матывах пакупкі Андрэй, – нешта кшталту эмацыйнага парыву.

На думку мужчыны, беларусы вельмі мала ведаюць аб сваіх каранях. А маючы такую багатую гісторыю, гэта, прынамсі, ганебна.

– На нашай зямлі адбывалася столькі ўсяго, але мы  нічога не памятаем, – разважае Андрэй. – І палякі былі, і немцы, і французы. Я хачу, каб людзі ведалі, як жылі іх продкі тут сотні гадоў таму.

У ідэале бізнесовец плануе зрабіць у Ястрамбелі цэлы комплекс з гатэлем, сажалкай, рэстаранам і музеем – некалькі калекцыянераў ужо самі прапанавалі запоўніць будучыя паліцы мастацкіх галерэяў сваімі калекцыямі. Засталося пашырыць тэрыторыю сядзібы.

– У нас крыху незразумелы падыход да продажу гістарычных каштоўнасцяў, – дзівіцца Андрэй. – Прадалі будынак і 80 сотак вакол яго. І атрымалася, што гэтая зямля – анклаў на тэрыторыі кадэцкага вучылішча: дэ-юрэ праход толькі праз КПП.

Цяпер Андрэй вядзе перамовы з кіраўніцтвам вучылішча, каб яму перадалі астатнюю зямлю разам з сажалкай  – без гэтага турыстычнай Меккі не атрымаецца.

– Паглядзіце на  тыя будынкі – гэта стары спіртзавод, – ківае галавою ўбок Андрэй, – яго я таксама спадзяюся набыць, калі не будуць завышаць кошт.

Бізнесовец плануе пабудаваць на тым месцы гатэль, пастаяльцы якога будуць атрымліваць асалоду ад жывапіснага віду на сядзібу і сажалку.
– Адразу магу сказаць, што гэта будзе не самы бюджэтны адпачынак, – палохае Андрэй. – Чалавек, які прыедзе адпачываць у такое старажытнае месца, павінен быць гатовым за гэта заплаціць.

– А як жа студэнты, якія захочуць азнаёміцца з гісторыяй краю? – пытаюся ў бізнесоўца.
– Яны, безумоўна, таксама здолеюць пагуляць па парку, будынку, паглядзець экспазіцыі. Але гэта хутчэй можна назваць экскурсіяй, а не адпачынкам, – кажа Андрэй.

Ён яшчэ думае, як лепш размежаваць дзве катэгорыі наведвальнікаў, каб яны засталіся задаволенымі. Але ўсё роўна свае дзверы адноўленая сядзіба адчыніць яшчэ не хутка.
– Вы бачыце, які ў будынка выгляд, – Андрэй паказвае рукою на бярозку, якая прабіваецца на даху сядзібы. – Перш-наперш яго неабходна закансерваваць.

Толькі пасля кансервацыі, якая таксама каштуе немалых грошай, і ўсіх узгадненняў можна будзе прыступаць да стварэння турыстычнага аб’екту. У дадатак неабходна будзе пачысціць сажалку, «перасяліць» варон, пабудаваць камфортны пад’езд да сядзібы.  Карацей, на сваю радзіму Андрэю давядзецца прыязджаць часцей.
– У мяне часу вольнага мала, жыву паміж Беларуссю ды Іспаніяй, – прызнаецца мужчына, – у Баранавічах бываю не часта.

Андрэй вучыўся ў некалькіх школах горада, потым паступіў у Палітэх, адслужыў у арміі, пачаў займацца бізнесам. Мае двух дзяцей: старэйшы сын ужо дарослы, а дачка – школьніца. Сярод маёмасці Андрэя ў Баранавічах – ТЦ «Легіён» і іншыя гандлёвыя кропкі. Аб сваіх грашах мужчына размаўляць не хоча, лічыць гэта маветонам, фатаграфавацца таксама прынцыпова адмаўляецца. Затое больш ахвотна распавядае аб сваім жыцці ў Еўропе.

– Мне там падабаецца, – кажа Андрэй, – той стыль жыцця, каштоўнасці.

Са словаў бізнесоўца, знаёмства з іншай культураю – гэта добры досвед для чалавека. А нас ад іншаземцаў значна адрознівае тое, што беларусы згубілі сваю самасвядомасць. Для яе адраджэння і неабходна ведаць гісторыю – такую магчымасць ён людзям дасць.

Даведка

Сядзіба ў Ястрамбелі – радавое гняздо Катлубаяў, беларускіх шляхцічаў з татарскімі каранямі. Пабудаваная  ў 1897 годзе. Першапачаткова ў палацы было 18 пакояў – іх упрыгожвалі малюнкі са сцэнамі з антычнай гісторыі. У сваёй сядзібе Катлубаі збіралі каштоўныя мастацкія творы, але  пасля прыходу да ўлады Саветаў  тыя разрабавалі маёнтак і знішчылі ўнікальны інтэр’ер.

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up