Расійскія знішчальнікі СУ-27 скончылі дзяжурства ў Баранавічах
4 чэрвеня на аэрадромах 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах і 83-га асобнага інжынерна-аэрадромнага палка ў Бабруйску адбыліся цырымоніі развітання з вайскоўцамі дзяжурных сіл расійскай авіяцыі.
Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Алег Двігалёў падзякаваў расійскім калегам за сумленнае выкананне задач па нясенні баявога дзяжурства на тэрыторыі нашай краіны. Ва ўрачыстай абстаноўцы ён уручыў ім сувеніры з сімволікай мінулага чэмпіянату свету па хакеі, а таксама каштоўныя падарункі.
Гэта чарговая ратацыя расійскіх вайсковых адзінак. Нагадаем, што са снежня 2013 года ў Баранавічах баявое дзяжурства па чарзе несла некалькі звенняў расійскіх знішчальнікаў Су-27.
12 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Расіі размясціць у краіне дадаткова да 15 баявых самалётаў. Па словах Лукашэнкі, з-за пачатку вучэнняў войскаў НАТА ля беларускай мяжы ён парэкамендаваў расійскаму кіраўніцтву павялічыць ваенную прысутнасць у нашай краіне.
Ужо 13 сакавіка ў Бабруйск прыбыло 6 расійскіх СУ-27 і тры ваенна-транспартныя самалёты.