Баранавіцкія актывісты ўпарадкавалі помнікі ў гонар Мілавідскай бітвы
2 чэрвеня жыхарам горада давялося самастойна добраўпарадкаваць месца пахавання ўдзельнікаў бітвы 1863 года.
Як расказаў «ІР» старшыня Баранавіцкай рады ТБМ Віктар Сырыца, грамадскія актывісты з Баранавіч напярэдадні ўгодкаў бітвы наведалі помнікі, высадзілі каля іх кветкі і прыбралі смецце.
– Мы нічога грандыёзнага не праводзілі, – дадаў Віктар Сырыца. – Прыбралі шмат пластыкавых бутэлек і пасадзілі кветкі каля помнікаў, на жаль, нам вельмі перашкодзіў дождж.
Па яго словах, аднадумцы ўбачылі, што вакол помнікаў расце высокая трава, якую ніхто не абкошваў. Грамадскія актывісты збіраюцца на днях прыехаць яшчэ раз ужо з трымерам і абкасіць траву.
– Шкада, што ні мясцовыя, ні раённыя ўлады нічога не прадпрымаюць, каб тэрыторыя каля мілавідскіх помнікаў была добраўпарадкавана, – кажа Віктара Сырыца. – Летась 2 чэрвеня мы таксама самі высаджвалі кветкі і прыбіралі гэтую тэрыторыю.
Даведка
Мілавідская бітва адбылася 3 чэрвеня 1863 года падчас паўстання Кастуся Каліноўскага.
У сярэдзіне мая 1863 года пад Мілавідамі сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў.
22 мая (3 чэрвеня па новым стылі) расійскія войскі з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы адбілі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі адступілі на зыходныя пазіцыі, страціўшы 50 чалавек забітымі і параненымі. Паўстанцы страцілі 18 чалавек. Уночы на дапамогу расійскім войскам падаспелі яшчэ дзве роты. Назаўтра наступленне рускіх аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер і адышлі.
Забітыя паўстанцы і царскія вайскоўцы былі пахаваны каля шашы ў розных магілах. На магіле расійскіх салдат за царскім часам быў усталяваны чыгунны крыж. У 1930-х польскія ўлады на магіле паўстанцаў паставілі капліцу.
У 1990 годзе беларускія ўлады ўсталявалі яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітою і надпісам па-беларуску.