Автор: Руслан Равяка

10:03, 30 мая 2014

Культура

remove_red_eye 122

Памёр Генадзь Бураўкін – знакаміты беларускі паэт

Аўтар вядомай усім "Калыханкі" апошнія месяцы змагаўся з анкалагічным захворваннем.

Раніцай 30 мая памёр паэт Генадзь Бураўкін, паведаміла Наша Ніва. Генадзю Мікалаевічу было 77 гадоў.

Нарадзіўся ён 28 верасня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959). Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».

З 1978 Генадзь Бураўкін — старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З’яўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР (1978—1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу.

РЕКЛАМА

У 1990 атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, але ў 1993 звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994—1995, быў намеснікам міністра культуры і друку.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 10 і 11 склікання (1980—1990), быў адным з ініцыятараў прыняцця Закона аб мовах. Быў старшынёй ТБМ імя Ф. Скарыны. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

У 1995—2001 працаваў у часопісе «Вожык».  Член Беларускага ПЭН-Цэнтра, сустаршыня ўсебеларускага з’езда за Незалежнасць (2000), Член Рады беларускай інтэлігенцыі.

За сваё жыццё выдаў больш за 20 кніжак. На вершы Бураўкіна напісана шмат папулярных песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). У паэта ёсць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984).

«Калыханку» на словы Г. Бураўкіна кожны вечар па тэлебачанні пяюць малым Беларусі.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up