Новости / Спадчына

Знакі Першай сусветнай вайны на баранавіцкай зямлі

29.05.2014, 9:58 

Знакі Першай сусветнай вайны на баранавіцкай зямлі

Фартыфікацыйныя збудаванні

Доўгатэрміновая агнявая кропка (ДАК) часоў Першай сусветнай вайны паміж вёскамі Скарчава і Загор’е Баранавіцкага раёна. Уздоўж былой лініі руска-германскага фронту пад Баранавічамі захавалася безліч ДАКаў, бліндажоў і капаніраў самых розных форм і памераў, якія і сёння можна ўбачыць, нават не збочваючы з вялікіх дарог на Мінск альбо на Ляхавічы. Ланцужок гэтых абарончых збудаванняў цягнецца ад Рыгі да мяжы з Румыніяй. Кожнаму апорнаму пункту немцы давалі сваю назву. На многіх з іх да сёння захаваліся даты пабудовы, нумары вайсковых падраздзяленняў, надпісы па-нямецку “З намі Бог”, лэйбы фірмаў, якія выраблялі ўсе гэтыя канструкцыі, а таксама захраслыя ў бетонных сценах кулі ды снарады, што апошнім часам робяцца аб’ектам здабычы вандалаў.

Нямецкія могілкі

Нямецкія могілкі

Нямецкія могілкі

Нямецкія могілкі часоў Першай сусветнай на ўзгорку пры аб’язной дарозе вакол Гарадзішча, побач з в. Кісялі. Адны са шматлікіх вайсковых могілак на былой лініі фронту. Пахаванні датуюцца 1916 – 1918 гадамі. Мемарыял тут быў створаны ў 90-я гады пры падтрымцы нямецкага боку. На могілках ацалелі і некалькі арыгінальных надмагілляў тых часоў. Гэта найбольш вядомыя, хаця і не самыя вялікія вайсковыя могілкі тых часоў на баранавіцкай зямлі. Дзясяткі масавых пахаванняў, асабліва рускіх, у нашых ваколіцах знішчаныя альбо застаюцца не пазначаныя нават крыжам.

Помнік нямецкаму жаўнеру

Мемарыял на брацкай магіле нямецкіх жаўнераў на вясковых могілках у Вялікай Каўпеніцы. Бетонны жаўнер стаіць на пастаменце ў жалобе па палеглых таварышах. У адной ацалелай руцэ ён трымае каску, другая рука, якая трымала вінтоўку, ужо адбіта. Галавы таксама няма. Ад пастамента на два бакі паўкругам разыходзіцца агароджа з лавамі – для тых, хто прысядзе побач у смутку. На жаль, помнік сёння знаходзіцца ў занядбаным стане. Пашкоджаны і сам жаўнер, развальваюцца і лавы. Тэрыторыю мемарыяла займаюць новыя пахаванні.

Помнік з нямецкім арлом

Каменны абеліск з мураваным нямецкім арлом каля царквы ў в. Вялікія Лукі. У царкве падчас вайны размяшчаўся вайсковы шпіталь. Памерлыя ад ранаў жаўнеры знаходзілі спачын на могілках побач з царквою. Хоць шыльда з надпісам на помніку ўжо знікла, зразумела, што арол стаіць у гонар жаўнераў, якія аддалі жыцці за радзіму.

Стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага

Рэшткі будынкаў былой стаўкі кіраўніка войска Расійскай імперыі Мікалая ІІ у Баранавічах у сённяшнім вайсковым гарадку. Апроч штаба вярхоўнага начальніка расійскага войска, тут былі канцылярыя і нават свая царква. За першы год вайны, пакуль стаўка функцыянавала ў Баранавічах, цар дзесяць разоў наведаў наш горад. На жаль, гэта гістарычнае месца дагэтуль не заслужыла свайго ўшанавання і, нягледзячы на размовы, так і не стала музеем Першай сусветнай вайны. Драўляныя будынкі былой царскай стаўкі разбіраюць і вывозяць на смецце.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.