Автор: Алесь Гізун

0:48, 25 мая 2014

Культура

remove_red_eye 128

Першая, сусветная, забытая вайна…

Сёлета мінае сто гадоў ад пачатку Першай сусветнай вайны, якую ў свеце называюць Вялікай, у Савецкім Саюзе лічылі ганебнай імперыялістычнай, а ў сучаснай Беларусі, трэба прызнаць, пра яе проста забыліся.

Пекла Першай сусветнай знаходзілася пад Баранавічамі

Баранавічы і баранавіцкія ваколіцы асабліва шчодра ўпісаныя ў гісторыю Першай сусветнай вайны, бо доўгі час знаходзіліся ў эпіцэнтры падзеяў. Прыкладна за 5 км на ўсход ад сённяшняга горада праходзіла ўмацаваная лінія расійска-германскага фронту. Найбольш маштабныя і крывавыя падзеі ў нашых ваколіцах улетку 1916 года ўвайшлі ў гісторыю пад назваю Баранавіцкая (або Скробава-Гарадзішчанская) аперацыя, калі расійскія войскі паўтара месяца спрабавалі прабіцца праз нямецкі фронт пад Баранавічамі. Няўдалая аперацыя каштавала расійскаму войску каля 80 тысяч забітых ды параненых, немцам – каля 10 тысяч ахвяраў.

Баранавіцкая зямля была полем для чужых эксперыментаў

РЕКЛАМА

Надзвычай крывавы характар Баранавіцкай аперацыі можна растлумачыць тым, што менавіта падчас яе абодва бакі выкарыстоўвалі найноўшыя віды зброі масавага знішчэння. Каля Скробава і Крошына немцы ўпершыню ўжылі атрутны газ, а пад Скробавам правялі яшчэ і самую маштабную за часы вайны агнямётную атаку. Рускія, у сваю чаргу, пад Баранавічамі ўпершыню выпрабавалі на немцах свае новыя кулямёты і самаўзгаральную шрапнэль.

Германцы фенаменальна ўмелі ўдасканальваць свае ўмацаванні.

Германцы фенаменальна ўмелі ўдасканальваць свае ўмацаванні.

Расійскае войска мела перавагу перад нямецкім па колькасці вайскоўцаў, але саступала яму ў ваенных тэхналогіях, чым і тлумачыцца неверагодная розніца ў колькасці ахвяр з двух бакоў. Па словах баранавіцкага гісторыка Ірыны Дубейкі, рускія заўсёды ведалі толькі пра першую лінію абароны германцаў, і ніколі не ведалі, што іх чакае на другой і трэцяй лініях.

– Германцы фенаменальна ўмелі ўдасканальваць свае ўмацаванні: капалі акопы зігзагападобнай формы, каб іх няпроста было знішчыць; велізарныя плошчы зацягвалі сталёвым павуціннем, каб затрымаць пяхоту, капалі падземныя хады; надзіва ўмела выкарыстоўвалі геаграфічныя асаблівасці нашай мясцовасці, – распавядае Ірына Дубейка. – І калі рускія ў акопах часцяком стаялі па пояс у вадзе, дык немцы высушвалі свае акопы адмысловымі помпамі.

Нямецкі лётчык на аэрадроме пад Баранавічамі.

Нямецкі лётчык на аэрадроме пад Баранавічамі.

У Баранавічы прыязджалі і расійскі цар, і нямецкі кайзер

Баранавічы ўнікальныя яшчэ і тым, што ў гады Першай сусветнай у нашым горадзе бывалі кіраўнікі дзвюх варожых дзяржаў: двойчы – імператар Германіі (кайзер) Вільгельм II і дзесяць разоў – расійскі цар Мікалай II, у якога на тэрыторыі сённяшняга вайсковага гарадка ў Баранавічах размяшчалася стаўка. Праз гэта падчас вайны да нас наведвалася рэкордная колькасць генералаў і замежных дыпламатаў.

Чаму Першая сусветная вайна  забытая?

Бальшавікі называлі Першую сусветную імперыялістычнай вайной паміж манархамі, а таму лічылі яе ганебнай і не вартай памяці. Яны больш прапагандавалі культ грамадзянскай вайны і рэвалюцыі, што адбыліся пад шумок Вялікай вайны. Не дарма, як кажа Ірына Дубейка, савецкі маршал Жукаў хаваў ад грамадскасці свае Георгіеўскія крыжы, заслужаныя ў Першую сусветную. У часы сталінскіх рэпрэсій афіцэраў той вайны расстрэльвалі.

– На жаль, і мы цяпер маем тое, што маем. Другая сусветная вайна сёння акружана бясконцай славай, а сцежкі і акопы Першай сусветнай зараслі і застаюцца ў забыцці, – кажа Ірына Дубейка.

Люлька Гіндэнбурга як метафара абыякавасці

Нядаўна на пагорку пад Новай Мышшу была знойдзена іменная люлька начальніка Усходняга фронту Паўля фон Гіндэнбурга – другога пасля кайзера ўплывовага чалавека ў Германіі, які пазней перадаў уладу Гітлеру. Па словах Ірыны Дубейкі, якая бачыла рарытэт на свае вочы, гэта светла-карычневая люлька з каштоўнага дрэва ў выдатным стане, з выразаным прозвішчам і партрэтам Гіндэнбурга.

– Чалавек, які знайшоў гэту люльку, шукаў спосаб прадаць яе за мяжу. А добра было б захаваць яе ў нас, як і багата чаго іншага, – кажа Ірына Дубейка.

РЕКЛАМА

На жаль, да аб’ектаў Першай сусветнай вайны, якія дагэтуль не ўзяла пад ахову дзяржава, пакуль праяўляюць цікавасць выключна вандалы і чорнакапальнікі. Яны выразаюць фрагменты фартыфікацыйных збудаванняў на сувеніры і вышукваюць артэфакты вайны ў зямлі. На нашых вачах знікаюць драўляныя будынкі былой царскай стаўкі, як у ранейшыя гады ў баранавіцкіх ваколіцах было зруйнавана мноства магіл і помнікаў часоў Першай сусветнай.
– Калі беларусы тэрмінова не пакінуць быць раўнадушнымі, ім не застанецца чаго паказаць ужо самым блізкім пакаленням. А без гістарычнай памяці народ памірае. Гісторыя нам падказвае, што заўсёды знойдзецца каму заняць нашу прастору, – кажа Ірына Дубейка.

ДАВЕДКА

Першая сусветная вайна фармальна пачалася 28 ліпеня 1914 года, калі Аўстра-Вугоршчына абвесціла вайну Сербіі. Нагодаю для абвяшчэння вайны было забойства сербскім нацыяналістам спадкаемцы аўстрыйскага трону. Фактычным пачаткам вайны можна лічыць 1 жніўня 1914 года, калі Аўстра-Вугоршчына разам з Германскай імперыяй абвесцілі вайну Расіі, якая заступілася за паўднёваславянскі народ. Пазней у вайну агулам умяшалася 38 дзяржаў. Сучасныя гісторыкі кажуць, што гэта была вайна без пераможцаў. Хаця фармальна вайну выйграла Антанта (звяз Расіі, Вялікабрытаніі і Францыі), у яе выніку зніклі чатыры імперыі: Аўстра-Вугорская, Германская, Асманская, а таксама Расійская, дзе да ўлады прыйшлі бальшавікі. Ахвяры той Вялікай вайны да гэтага часу не падлічаныя. Гісторыкі называюць розныя лічбы – ад 10 да 20 млн чалавек.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up