Новости / Народные новости

Як нас забіваюць нітраты

20.05.2014, 11:19 / remove_red_eye 166 / chat_bubble0

Чытач «ІР» зрабіла аналіз калодзезнай вады ў мястэчку Русіно.

Беларусь называюць сінявокай. Край блакітных чыстых рэк і азёраў, зялёных лясоў і балот –  лёгкіх планеты. Наш экалагічны дабрабыт наўпрост залежыць ад якасці пітной вады. Чыстая вада – крыніца жыцця, падмурак здароўя кожнага чалавека.


Але як мы клапоцімся пра сваё здароўе? Вёска Русіны не мае паблізу возера. Затое ёсць знакамітая сучасная птушкафабрыка, не малыя па памерах могілкі з 90-х гадоў, чыгуначная станцыя, пасеўныя плошчы. Я вырашыла зрабіць невялічкае даследаванне якасці калодзезнай вады з прыватнага падворка на ўскрайку вёскі, далёка ад птушкафабрыкі. Праведзены філіялам цэнтральнай лабараторыі “Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі” аналіз выявіў небяспеку. У вадзе прысутнічаюць солі кальцыю, магнію, трохі жалеза, а вось нітраты перавышаюць норму ў два разы!

РЕКЛАМА


Зразумець небяспеку без правядзення аналізу нельга: вада не мае непрыемнага паху і смаку. Нітраты зніжаюць насычанасць крыві кіслародам, парушаюць крываток, што прыводзіць да кіслароднага галадання. У маленькіх дзетак гэта выклікае рызыку ўзнікнення мэтгемаглабінеміі. У арганізме чалавека нітраты ператвараюцца ў таксічныя нітрыты, што прыводзіць да анкалогіі. Таксама мы атрымліваем нітраты з садавінай і гароднінай, якую вырошчваем з дапамогай азотных угнаенняў. Мы яшчэ не ведаем, як падвышаны ўзровень нітратаў адаб’ецца на здароўі наступных пакаленняў, але і нам яны не дадаюць гадоў жыцця.


Ужо немагчыма ўявіць сельскую гаспадарку без угнаенняў, але няўжо мы згодны плаціць такую высокую цану? Падумаем, ці ўсё мы зрабілі, каб атрымаць экалагічна-чысты ўраджай на ўласным агародзе? Ёсць некалькі простых парадаў, як захаваць ваду сваёй студні чыстай:

  • Выбіраем месца для калодзежа далей ад дарогі, прамысловых аб’ектаў і г.д;

  • Будуем калодзеж з выкарыстаннем тэхналогіі “гліняны замок”;

  • Адводзім з падворка талую ваду;

    РЕКЛАМА
  • Накрываем студню ад смецця;

  • Падтрымліваем санітарна-гігіенічныя ўмовы на падворку і каля гаспадарчых пабудоваў;

  • Адмаўляемся ад выкарыстання пестыцыдаў і няякасных угнаенняў;

  • Адмаўляемся ад пасыпання дарогі соллю;

  • Перыядычна робім аналіз вады і чысцім студню.


Гэта мінімальнае, што мы можам зрабіць. Мы карыстаемся мабільнымі тэлефонамі і лічым сябе цывілізаванымі людзьмі, пры гэтым нішчым нашу зямлю. Мы прызвычаіліся да падвышанага ўзроўню радыяцыі, падвышанага ўзроўню нітратаў, мы пасыпаем дарогі соллю, вада ў нашых рэках гарыць, а малако з крамы не закісае. Страшна падумаць – магчыма, надыдзе час, калі мы з лёгкасцю будем есці нафту і нам яна не пашкодзіць.


Нашы продкі пакінулі нам скарб, які немагчыма пераацаніць. Перададзім нашым дзецям планету зялёнай!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
  Подписаться  
Уведомление о
Scroll Up