Автор: Алесь Гізун

17:48, 18 мая 2014

Спецпроекты

remove_red_eye 360

Сляды спадчыны. Вольна

Старадаўні парк з 200-гадовымі дрэвамі, велічная Траецкая царква ў стылі віленскага барока і капліца на ростанях з польскім арлом – гэта і не толькі гэта сёння можна ўбачыць на былой сядзібе Слізняў у вёсцы Вольна Баранавіцкага раёна.

Учора

Сядзіба ў Вольна вядомая яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага як уладанне славутага роду Хадкевічаў. Па пералічаным інвентары нерухомасці сядзібы тых часоў відаць, што ўжо тады гэта быў моцны і развіты маёнтак, дзе былі свае бровар, пякарня, сыраварня, лазня і шмат іншага.

Так выглядаў палац Слізняў у Вольна ў 1939 годзе.

РЕКЛАМА

Так выглядаў палац Слізняў у Вольна ў 1939 годзе.

А ансамбль з палацам і паркам, як піша гісторык Л. Несцярчук, узнік у Вольна ў XVII ст. Тады тут жылі і ўладарылі Каменскія, якія заснавалі ў Вольна ордэн базыльянаў.

Пры базыльянскім кляштары не пазней за 1768 год была вымураваная ўніяцкая царква Святой Троіцы – сёння гэта гісторыка-культурная каштоўнасць нашай краіны. Храм у Вольна прызнаны адным з найлепшых узораў віленскага барока ў сучаснай Беларусі. Таго самага віленскага барока, у стылі якога пабудаваны шматлікія храмы старой Вільні і Сафійскі сабор у Полацку. Вытанчаная пластычнасць малюнка дэкаратыўных элементаў і сілуэтных абрысаў – так архітэктары спрабуюць перадаць спецыфіку віленскага барока. У гады расійскага панавання на беларускіх землях кляштар быў ліквідаваны (1839 год), а ў 1895 годзе і ўніяцкую царкву перахрысцілі ў праваслаўную.

У XIX ст. маёнтак у Вольна набылі Слізні, якія гаспадарылі ў Вольна да ўсталявання бальшавісцкай улады. Самы вядомы прадстаўнік гэтага шляхецкага роду – архітэктар і скульптар Рафал (Рафаіл) Слізень (1804 – 1881 гг.). Сярод яго сяброў былі ўсе мясцовыя пісьменнікі-нацыяналісты – Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Тамаш Зан, чые выявы Рафал Слізень увекавечыў на шматлікіх медальёнах, барэльефах і ў бюстах. А Ян Чачот нават нейкі час жыў у Вольнаўскім маёнтку.

З XVII па XIX стст. палац у Вольна перабудоўваўся і ўдасканальваўся. Пасля апошняй мадэрнізацыі ў XIX ст. ён займеў па кутах чатыры вежкі і пачаў нагадваць невялікі замак. Унутранае ўбранне палаца таксама адпавядала статусу шляхецкага дома. Як пазначае даследчык А. Федарук, апроч усяго астатняга, у доме Слізняў было тры салоны – “Зялёны”, “Ружовы” і “Турэцкі”, у кожным з якіх былі каміны з мармуру рознага колеру, стаяла старажытная мэбля з Гданьска. Вядома, што адзін з салонаў упрыгожваў вялікі габелен з выяваю Венецыі. На падлозе ляжаў фігурысты паркет з цёмнага і светлага дубу. Рафал Слізень сабраў у сваім доме багатую бібліятэку польскіх і французскіх кніг, а таксама калекцыі карцін і парцаляны.

Перад прыходам бальшавікоў апошнія гаспадары Вольнаўскай сядзібы паспелі вывезці бібліятэку і найбольш каштоўныя рэчы ў Польшчу. У гады вайны іх палац быў зруйнаваны. Яго апошні выгляд захаваўся на фотаздымку 1939 года.

Сёння

У нашы дні на месцы палаца Слізняў у Вольна стаіць арыгінальны драўляны будынак мясцовага Дома культуры, аздоблены разнымі дэкаратыўнымі элементамі. Перад уваходам цяпер вісіць мемарыяльная шыльда са згадкаю пра Вольнаўскую сядзібу і яе вядомага гаспадара Рафала Слізня.

 

Траецкая царква ў Вольна – адзін з найлепшых беларускіх узораў “віленскага барока”

Траецкая царква ў Вольна – адзін з найлепшых беларускіх узораў “віленскага барока”

Праваруч ад дома ў перабудаваным выглядзе захаваўся былы флігель сядзібы, дзе, як правіла, гаспадары сялілі гасцей. У савецкі час над флігелем надбудавалі другі паверх, і сёння старое архітэктурнае аблічча гэтага будынка больш пазнаецца з паркавага, тылавога боку, а не па фасадзе. Цяпер тут месціцца мясцовая адміністрацыя.

Рэльефнае пано з вайсковай атрыбутыкай на фасадзе Траецкай царквы ў Вольна.

Рэльефнае пано з вайсковай атрыбутыкай на фасадзе Траецкай царквы ў Вольна.

РЕКЛАМА

Насупраць гэтых будынкаў, праз дарогу, за сцяною дрэваў схаваны колішні сядзібавы свіран. Будынак адметны тым, што пабудаваны з бруса, але мае мураваны фасад з дэкаратыўнымі псеўдагатычнымі вежкамі, што вельмі рэдка для Беларусі. Праўда, цяпер мураванае аблічча будынка закладзена сілікатнай цэглаю. Мясцовыя жыхары кажуць, што калісьці вяліся размовы пра стварэнне ў гэтых сценах музея, але справа так і не зрушылася з месца.

А вось прыдарожную каплічку з гербам на ростані ў Вольна нядаўна адрэстаўравалі. На гербе сёння яшчэ чытаецца выява традыцыйнага польскага арла.

Год таму Вольнаўскі парк быў запісаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Год таму Вольнаўскі парк быў запісаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

З рэшткаў былога маёнтка ў Вольна сёння можна паглядзець і былы бровар 1830 года. Паводле некаторых даследчыкаў беларускай спадчыны, гэта самы стары бровар у Беларусі. Цяпер будынак эксплуатуе мясцовая сельская гаспадарка.

Але, бадай, найбольшая сённяшняя каштоўнасць Вольна побач з велічнай Траецкай царквою – старадаўні парк, дзе дрэвы маюць па 200 і нават болей гадоў. У парку пераважаюць ліпы, клёны, ясені і грабы. Але ёсць і некалькі  паважных лістоўніц, дубоў і акацыяў.

А пры маляўнічай сажалцы, што побач з паркам, ад старых шляхетных часоў захаваліся некалькі гіганцкіх канадскіх таполяў. З берага сажалкі сучасны бетонны масток вядзе на ўтульную зялёную выспу, насыпаную тут яшчэ пры Слізнях. Як і раней, прысядзібавыя сажалкі жывяцца вадою пакручастай рэчкі Змейкі, якая пасля меліярацыі месцамі пачала нагадваць хутчэй ручай ці нават канаву.

У 2013 годзе старадаўні парк у Вольна быў запісаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як аб’ект спадчыны мясцовага значэння.

Як даехаць?

У Вольна з Баранавіч можна даехаць аўтобусамі, якія едуць у кірунку вёсак Бартнікі і Барацінa.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up