Новости / Общество

Польскія раварысты: «Мы вельмі падобныя, але нас раздзяляюць граніцы і візы»

5.05.2014, 11:26 / remove_red_eye 201 / chat_bubble

Каб атрымаць візу, польскім падарожнікам давялося купіць квіток на матч ЧС, а падчас паездкі ў Баранавічах у іх зламаўся ровар.

Польскія раварысты Адам Куза і Марэк Косёр з Варшавы вандравалі па Беларусі на раварах. У Баранавічах у іх здарылася невялікая паломка: зламалася некалькі спіцаў, з-за чаго выгнула вобад кола. Прахожыя параілі ім пад’ехаць да роварнай крамы «Райдар». Супрацоўнікі гэтай крамы праявілі гасціннасць і задарма дапамаглі замежным падарожнікам. Адзін з прадаўцоў, Міхаіл Комар, паехаў дахаты і знайшоў патрэбную спіцу ў сваіх запасах, бо крама спіц не прадае і равары не рамантуе. 

Пакуль у краме нацягвалі новую спіцу і выпраўлялі вобад, польскія падарожнікі мелі трохі часу, каб распавесці «ІР» аб сваёй вандроўцы.

Хлопцы ўпершыню прыехалі ў Беларусь. Гэта адбылося, па іх словах, дзякуючы чэмпіянату свету па хакею. Беларускія візы вельмі дарагія, але палякі купілі квіткі на хакейны матч Францыя-Італія і атрымалі візы ў нашу краіну задарма.

РЕКЛАМА

Падарожнікі плануюць прабыць у нас чатыры дні. За гэты час яны праедуць па маршруце Гродна, Ліда, Іўе, Наваградак, Мір, Нясвіж, Баранавічы, Слонім, Жыровічы, Ваўкавыск, пасля чаго ўвечары 5 мая вернуцца ў Польшчу. 

Мапа вандроўкі з facebook.com падарожнікаў

Мапа вандроўкі з facebook.com падарожнікаў

 

– У панядзелак, 6 мая, нам трэба на працу, таму паспрабуем за гэтыя дні праехаць 550 км, – тлумачаць хлопцы.  – На хакейны матч мы заставацца не збіраемся. 

Раварыстам вельмі спадабалася ў Беларусі, яны з захапленнем падзяліліся ўражаннямі:

– У вас вельмі чыста. Мы за ўвесь час бачылі толькі адну пластыкавую бутэльку на дарозе, – кажа Марэк. – Але чыста не толькі ад таго, што смецця няма… У Польшчы вельмі шмат прыдарожнай рэкламы. У вас гэтых білбордаў вельмі мала, можна атрымаць эстэтычную асалоду ад назірання наваколля. Гэта ўражвае, калі едзеш: вакол ціша, бачыш лес, царкву, і няма надакучлівых плакатаў наўзбоч дарогі.

Таксама хлопцы прызналіся, што вельмі ўзрушаны беларускай гасціннасцю:

– Мы не планавалі сваёй паездкі і не шукалі загадзя гатэляў, – кажа Адам. – Першую ноч заначавалі дзякуючы каўчсёрфінгу (сацыльная сетка, праз якую вандроўнікі розных краін дапамагаюць адзін аднаму з жыллём). Але ў вас лёгка знайсці жыллё і без гатэляў. У вёсцы Агароднікі пад Лідаю мы запыталі ў людзей, дзе можна пераначаваць, і нам паказалі хату, дзе гаспадары пакармілі нас і пусцілі на начлег.   

Таксама падарожнікі расказалі, што ім спадабалася ежа, якую гатуюць у беларускіх кафэ і рэстаранах. Асабліва ўразіў выпадак, калі ў Міры іх пусцілі паесці ў рэстаран, які па раскладзе працы толькі рыхтавалі да адкрыцця.

Хлопцы кажуць, што вельмі спадабалася ім і тое, што ў Беларусі аднаўляюцца гістарычныя помнікі, якія маюць супольную польска-беларускую гісторыю. Асабліва яны ў захапленні ад адрэстаўраванага нясвіжскага замка Радзівілаў. 

– У Польшчы лічаць, што ў вашай краіне бяда, што тут жывуць бедныя  людзі. Але цяпер мы ўбачылі на свае вочы, што нашы народы мала чым розняцца. Проста мы вельмі мала ведаем адзін пра аднаго, бо нас раздзяляюць граніцы і дарагія візы.

 

У роварнай краме Райдар вандроўнікам дапамаглі з рамонтам ровара

У роварнай краме Райдар вандроўнікам дапамаглі з рамонтам ровара

РЕКЛАМА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up