Автор: Арцём ГАРБАЦЭВІЧ

9:45, 29 апреля 2014

Общество

remove_red_eye 151

Крылатыя арэлі ляцяць, грымяць, рыпяць

Першага мая ў гарадскіх парках пачынаецца летні сезон, але нічога новага жыхары горада зноў не ўбачаць: многія атракцыёны, што сустракалі наведвальнікаў маладога парку 30 гадоў таму, пабягуць па коле і сёлета.

–  Вось я памятаю, як раней было, – задумліва адводзіць позірк у вышыню 30-гадовая жанчына, – і народу ў парку шмат адпачывала, і моладзь гуляла, і музыка гучала. Аглядальнае кола нават было, вось як! – хвалі настальгіі адносяць жанчыну ўсё далей. А яе дачка тым часам адкалупвае ад аблезлага плоту кавалачкі фарбы.
– Насця, зараз жа супайкойся! І так тут нічога не засталося, а ты апошняе псуеш, – схапіўшы дачку за руку, маці адводзіць яе ў пясочніцу. Ужо адтуль яна крычыць услед журналісту:
– А вы напішыце! Напішыце, якія ў парку нашым пясочніцы – нічога не агароджана, проста пясок рассыпаны. Ну быццам бы для сабак зроблена! – чуваць наўздагон.

Атракцыёны з мінулага стагоддзя

Стан маладога парку  сапраўды не ўражвае: разбітыя бардзюры толькі падкрэсліваюць татальную атмасферу маркоты, якая пануе сярод скрыпучых атракцыёнаў. Большая частка з іх старэйшая, чым наш суверэнітэт – «Рамонак» круціць дзяцей ужо 26 гадоў!

РЕКЛАМА

«Чортава кола» ў маладым парку г. Баранавічы, XX ст. ФОТО Instagram @yurut

«Чортава кола» ў маладым парку г. Баранавічы, XX ст. ФОТО Instagram @yurut

Праўда, сёлета савецкую спадчыну паціху пачалі дэмантаваць – агульналюбімы «Аўтадром» прыйшоў у такі стан, што карыстацца ім далей проста небяспечна. Шэсцярні астатняй тэхнікі таксама неўзабаве канчаткова спыняцца.
Калі што-небудзь зменіцца  –  невядома. Як кажа Уладзімір Кудласевіч, дырэктар «Баранавічырэмбуд» – арганізацыі, на балансе якой знаходзіцца парк, на дадзены момант выпрацавана праектна-сметная дакументацыя для яго аднаўлення, якая зараз праходзіць апошні этап узгаднення – экспертызу. Праект прадугледжвае шмат цікавых дэталяў:

– У парку зменіцца ўсё: асвятленне, атракцыёны, сцежкі. Замест старой танцавальнай пляцоўкі запланавана крытая арэна –  як у Брэсце, але крыху меншая па памеры, – падзяліўся Уладзімір Кудласевіч.

Усё павесяць на інвестара

Вось толькі грошай на ажыццяўленне праекта ў горада няма – графы выдаткаў на аднаўленне парку ў бюджэце бягучага года не прадугледжана. Верагоднасць, што яна з’явіцца ў наступным, таксама малая. Як мяркуюць у «Баранавічырэмбуд», хутчэй за ўсё, гораду трэба шукаць інвестара, якому давядзецца не толькі паставіць новыя атракцыёны, але і…  аднавіць усю інфраструктуру парку.

Наколькі абгрунтаваныя такія патрабаванні, «ІР» распавялі ў буйной расійскай фірме па продажы атракцыёнаў. Са слоў спецыялістаў, умовы для інвестыцый не прывабліваюць:

–  Бізнес даволі прыбытковы і перспектыўны, – адразу абнадзеіў кансультант Яўген, – але трэба данесці да гарвыканкама, што перш за ўсё неабходна нанова стварыць інфраструктуру:  правесці электрычнасць у неабходных памерах, набраць аператараў і тэхнічны персанал. Тады можна ўжо думаць, што далей.

Падчас сваіх разважанняў кансультант яшчэ глыбей зарыў надзеі на хуткае аднаўленне парку:

– Інвестар наўрад ці будзе ставіць усё і адразу: каб мінімізаваць фінансавую рызыку, усталёўку атракцыёнаў неабходна праводзіць у некалькі этапаў – пачынаючы з самых малых, праз гадоў 4–5 можна дайсці і да вялікіх. Вы ўжо згубілі недаравальна шмат часу.

У парку можна будзе плаваць

Хоць у механічным асартыменце атракцыёнаў нічога не зменіцца, здзівіць жыхароў журналістам паабяцаў мясцовы бізнесовец Віталь, на чыіх батутах скакала ўжо не адно дзіця.

– Я вось планую на 1 мая, падчас адкрыцця сезона, усталяваць на месцы былога аўтадрома басейн, – дзеліцца планамі Віталь, – у ім можна будзе на лодках плаваць.

На пытанне, чаму б вам не заняцца буйнымі атракцыёнамі, Віталь адмоўна ківае галавою.

– Дорага ўсё і складана, – адразу ацэньвае перспектыву бізнесовец. – Тут нават што дробязнае паставіць – і то колькі сілаў аддасі. А яшчэ падаткі заплаці, усе паперкі збяры, – са шкадаваннем кажа Віталь.

Як даведалася «ІР», усталёўка буйных атракцыёнаў – не самы танны занятак. Так, напрыклад, адны толькі «Вясёлыя горкі» каштуюць каля 300000 долараў.

РЕКЛАМА

Маленькая Ірыша на атракцыёне “Юнга” ў маладым парку 22 красавіка. Бацькі дзяўчынкі спадзяюцца, што старыя арэлі ўрэшце зменяць на сучасныя

Маленькая Ірыша на атракцыёне “Юнга” ў маладым парку 22 красавіка. Бацькі дзяўчынкі спадзяюцца, што старыя арэлі ўрэшце зменяць на сучасныя

Лукашэнка аб забавах

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, прэзідэнт выступаў са штогадовым пасланнем да парламента. Сярод маштабных пытанняў карупцыі і геапалітыкі раптоўна знайшлося месца… адпачынку і забаўкам. Лукашэнка нібыта здзекаваўся з жыхароў Баранавіч:

– «Вазьміце той жа Кітай. Ідзяце ў парк – з раніцы да вечара, асабліва пажылыя людзі, куляюцца ў гэтых парках, ногі за вушы заварочваюць. Усе хочуць жыць… А мы – выпіць, як мінімум піўка, а потым нага за нагу на канапе».
Ну а што нам яшчэ застаецца? 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up