Новости / Общество

«Панаехалі… Самім есці няма чаго»

26.04.2014, 9:47 / remove_red_eye 93 / chat_bubble

«Не разумею, не ра-зу-ме-ю. Доўнт спік, андэстэнд? Іншага каго спытай», –  малады чалавек намагаецца данесці сэнс сваіх словаў да іншаземца, ролю якога выконвае  карэспандэнт «ІР».

З нагоды Года гасціннасці «ІР» правяла эксперымент: журналіст, які часова стаў англамоўным турыстам, шукаў дапамогі ў жыхароў горада. Як высветлілася, знайсці чыгуначны вакзал – сапраўдная галаваломка для заблукаўшага ў Баранавічах іншаземца.

І справа тут не толькі ў адсутнасці ведання мовы – стаўленне большасці людзей хутчэй варожае, чым гасціннае.
 Першую манету абыякавасці ў капілку ўражанняў «замежніка» ўкінулі двое будаўнікоў, якія працавалі каля гарадской бальніцы:

 

РЕКЛАМА

– Экск’юз мі, мэйбі ю кэн хэлп? – Два маладыя хлопцы здзіўлена паднімаюць галаву і глядзяць на карэспандэнта, які звяртаецца да іх не з самым добрым вымаўленнем. Пераглянуўшыся, працоўныя сінхронна матаюць галовамі – ноў-ноў. Дапамагаць разгубленаму «турысту» яны дакладна не плануюць – з адхіленым выглядам зноў вяртаюцца да сваіх малаткоў і дошак, нібыта ніхто іх і не турбаваў.

Не губляючы надзеі, іду далей і спрабую звярнуцца да прэзентабельнага мужчыны.
– Не разумею вас, ноў! – адказ цалкам дублюе папярэдні. Пасля ледзь працэджаных словаў суразмоўца адварочваецца, дэманструючы сваю абыякавасць.

Ад канчатковага расчаравання Баранавічамі «іншаземца» выратоўвае юнак, які стаў выпадковым сведкам дыялогу. Некаторы час ён проста ідзе побач – верагодна, падбіраючы словы.

– Рэйлвэй стэйшн? (Чыгуначны вакзал?) – набраўшыся ўрэшце смеласці, пытаецца хлопец.
– Ес, ес. Кэн ю хэлп? (Так, так. Ты можаш дапамагчы?)

Малады чалавек намагаецца сфармуляваць адказ, але, перадумаўшы, махае рукою: «Хадзем».
Пакуль добраахвотнік вядзе свайго новага знаёмага да вакзала, імкнуся высветліць што-небудзь пра свайго выратавальніка.

– А чаму тут ніхто не валодае англійскаю моваю? Ты першы, – пачынаю дыялог.
Хлопец шчыра адказвае, што яго веды не вельмі глыбокія, але для разумення хапае. Сам ён вучыцца ў музычным каледжы, грае на барабанах.

– Мяне Міша зваць, – кажа дзяцюк і адразу ж выпраўляецца, – Майкл.

Падчас размовы Міша-Майкл некалькі разоў лаецца, намагаючыся ўзгадаць пераклад словаў.

 – Халера! Як жа гэта будзе… – сваімі маналогамі хлопец весяліць разумеючага «турыста».

Так, у напружанні, мы даходзім да вакзала. Усё ж трэба прызнаць, што наладзіць кантакт з сапраўдным іншаземцам у хлопца атрымалася б. Падзякаваўшы свайму гіду, адпраўляюся «губляцца» далей.

Зноў трапляюцца некалькі чалавек, веды якіх абмяжоўваюцца словамі «ноў». Ужо без надзеі звяртаюся да жанчыны, якая выходзіць з паліклінікі:

– Ай лост энд лукін фо рэйлвэй стэйшн! (Я згубіўся і шукаю чыгуначны вакзал), – звяртаюся да яе з выглядам няўцешнасці.

– Так, вы згубіліся… Гэта я зразумела. А што яшчэ кажаце?

РЕКЛАМА

– Чыгуначны вакзал, цягнік, чух-чух, – жэстамі намагаюся растлумачыць жанчыне.
Урэшце яна разумее і пачынае думаць, як дапамагчы іншаземцу:

– Так, гэта прама трэба, а потым направа, – па-нашаму адказвае жанчына і бачыць, што я «не разумею».
Выратоўваючы становішча, пачынаю паказваць рукамі ў розныя бакі: маўляў, куды? Ужо тут мы даходзім да кансэнсусу – ісці трэба прама, а потым павярнуць: там неўзабаве і вакзал.

Між тым бачна, што наша гаворка выклікала ўвагу іншых людзей: дзве доктаркі ў белых халатах, праходзячы побач, уважліва мяне разглядаюць і усміхаюцца.

З сур’ёзным відам шпацыруем у накірунку вакзала і змяняем месца дыслакацыі – пляцоўкаю для эксперыменту робіцца вуліца Камсамольская: народу там заўжды шмат. Аднак ніхто з некалькіх прахожых не можа пагаварыць з «іншаземцам». Адна бабуля, якая, верагодна, пра Год гасціннасці нічога і не чула, увогуле шакуе: «Не разумею я па-вашаму, – адказвае прама, а потым напаўголасу бармоча, – панаехалі тут. Цьфу! Самім есці няма чаго».
Пасля словаў «галоднай» бабулі думаеш аб тым, што, можа, і добра часам не разумець мясцовую мову, а то такога наслухаешся… Жыхары не толькі не імкнуцца дапамагчы, а яшчэ і спыняюцца за секунду ад абразаў. На шчасце, наступныя прахожыя не былі такімі агрэсіўнымі: на пытанне срэагавалі дзве дзяўчынкі, верагодна студэнткі. Аднак праз хвіліну іскра разумення ў іх вачах згасае разам са слоўнікавым запасам:

– Ю андэстэнд? (Ты разумееш?), – высвятляю ў прыгожай брунэткі.

– Андэстэнд. Соў-соў. (Разумею. Так сабе), – адказвае дзяўчынка і тут жа звяртаецца да сяброўкі. – Слухай, а можа, патэлефанаваць каму? Ён жа хоча нешта, мо шукае кагосьці?

Але ў выніку дзяўчынкі зразумелі, што іх разыгрываюць, і пайшлі далей.  А «турыст» узрадаваўся, што пошук вакзала – гэта толькі эксперымент.

Алена Хаванская, выкладчыца англійскай мовы СШ №14:

 

Алена Хаванская

Алена Хаванская

 – Так, у нас існуюць пэўныя праблемы з успрыманнем іншаземцаў. І фактараў тут шмат.

Самы галоўны, на мой погляд, гэта адсутнасць стасункаў з замежжам: мы самі рэдка ездзім у госці і рэдка едуць да нас, адсюль разгубленасць пры выпадковай сустрэчы. Нават калі чалавек і ведае мову, ён можа баяцца ўжыць свае веды на практыцы. Гэта і комплексы, і сорам, і шмат чаго яшчэ.

Сталых людзей яшчэ можна зразумець – СССР, жалезная заслона, адсутнасць камунікацыі са знешнім светам. А вось моладзь, шчыра кажучы, не вельмі і імкнецца вывучаць замежныя мовы. Я сама, як настаўніца, не раз была сведкам, калі дзеці казалі мне:  «Мы не збіраемся нікуды ехаць, таму нам замежная мова не патрэбна». Адсутнасць матывацыі і адгукаецца на тым, што чалавек 11 гадоў мову як бы і вывучае, але карысці ад гэтага – ноль.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up