Жыхарка Баранавіч пісала палітвязню Аўтуховічу ўвесь тэрмін яго зняволення
Пасля выхаду з вязніцы 8 красавіка Мікалай Аўтуховіч расказаў, што з 2006 года атрымаў за кратамі 2292 лісты. Два чалавекі пісалі яму ад пачатку першага тэрміна, сярод іх – жыхарка нашага горада Вольга Філонава.
Па словах Вольгі Філонавай, першы раз яна напісала Аўтуховічу, калі ўбачыла ў “Народнай Волі” зварот “Павіншуйце палітвязняў з Новым годам” з адрасамі калоній. Яна напісала ўсім, але перапіска завязалася толькі са Змітром Дашкевічам, Паўлам Севярынцам і Мікалаем Аўтуховічам.
– У мяне шмат вольнага часу, я адзінокая пенсіянерка – што мне яшчэ рабіць? Падпрацоўваю дворнікам, таму нячаста апошнім часам выпадае пагутарыць з разумнымі людзьмі, – смяецца Вольга Філонава.
Аўтуховіч вызваліўся апошнім з усіх зняволеных, таму перапіска з ім была самай працяглай. Па словах жанчыны, кожны месяц яна атрымлівала па 2–3 лісты з-за кратаў.
Вольга Філонава падтрымлівала ў лістах палітвязня Міколу Аўтуховіча на працягу яго зняволення. Фота Аляксандра ТРЫПУЦКІ
У лістах Аўтуховіч цікавіўся палітычнымі і грамадскімі навінамі, якія адбываліся на волі. Сам ён пра свае праблемы не паведамляў. Пра непрыемнасці ў яго жанчына даведвалася не з лістоў, а са СМІ. Вольга Філонава кажа, што Аўтуховіч – гэта справядлівы і моцны, як камень, чалавек, з сфарміраванымі жыццёвымі прынцыпамі, які нават коштам жыцця не збіраўся адступаць.
– Мне было цікава з ім перапісвацца, – кажа жанчына. – Ён добра аналізуе, шмат да чаго ў жыцці дайшоў сам. Мікалай – шматбаковая асоба.
Асабіста Аўтуховіча Вольга Філонава не ведае. У 2010 годзе, калі яго другі раз асудзілі (на 5 гадоў і 2 месяцы), жанчына ездзіла на паседжанне Вярхоўнага Суда ў Мінску.
Вольга лічыць, што пасля вызвалення Аўтуховіча ім не трэба больш ліставацца ці сустракацца.
– Я падтрымлівала яго, калі ён меў абмежаваныя кантакты і яму патрэбна была падтрымка з волі. Цяпер жа Мікалаю трэба забыцца пра тое, што ён перажыў, каб і знаку ў думках пра былое не засталося, – кажа яна.
Даведка
|
Мікалай Аўтуховіч, ветэран вайны ў Афганістане, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі і медалёў «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Займаўся бізнесам у Ваўкавыску. Барацьбіт з карупцыяй. У кастрычніку 2005 года быў арыштаваны па абвінавачванні ў нявыплаце падаткаў. Асуджаны на тры з паловай гады. У знак пратэсту галадаў 93 дні. Разам з шасцю палітвязнямі ў пачатку 2008 года вызвалены пад ціскам ЗША і Еўрасаюза. У лютым 2009 года зноў арыштаваны. За перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі быў асуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Абвінавачванне ў тэрарызме было знята дзякуючы 90 дням яго галадоўкі. Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за сваю актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. У студзені 2012 года суд зрабіў больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання Аўтуховічу, прызнаўшы яго «злосным парушальнікам рэжыму». |
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий