Новости / Общество

«Як бы не паехаць галавою». Споведзь былога наркамана

6.04.2014, 11:00 / remove_red_eye 142 / chat_bubble

«Калі будзеш бачыць, што я тэму мяняю, мне кажы. Гэта бывае – забываюся, аб чым гавару. Думкі блытаюцца ў галаве. Раней так увесь час было».

На размову Віця (імя зменена) выйшаў без ахвоты. Некалькі разоў пакруціў галавою, насцярожана ўглядаючыся ў прахожых.

– Тут фортка няшчыльна зачынена, а тут увогуле нараспаш – давай адыдземся адсюль, мала што.
У хлопца яшчэ захоўваецца паранойя, ён – былы спайсавы наркаман. Незаўважна для самога «хімка» стала лейтматывам апошніх гадоў Віцевага жыцця:

– Зараз мне ўжо лепш – больш не трасе, спаць стаў нармальна, – пакуль шукаем бяспечнае месца для размовы, пачынае свой расповед дзяцюк. – Раней заходзіў у аўтобус, а там быццам усе толькі на мяне і глядзяць, абмяркоўваюць. Я ездзіў у капюшоне, вачэй не паднімаў, бо мне здавалася, што людзі ўсе толькі гэтага і чакаюць, каб накінуцца на мяне.

РЕКЛАМА

На вуліцы сцямнела, каля месца, дзе мы спыніліся, праязджае міліцэйскі УАЗік і абрывае нашу гутарку. Віця інстынктыўна хавае са спіною руку з цыгарэтаю.

– Гэта звычка, яшчэ шмат чаго блытаецца ў галаве. Здалося, што прыехалі нас «прымаць», – працягвае хлопец, – пакуль ужываў, я ж вакол толькі  бачыў міліцыянтаў.

«Колькі ўжываў, не ведаю і сам»

Пытанне, колькі ж гадоў ён паліў хімію, заганяе хлопца ў тупік – намагаючыся ўзгадаць, Віця губляецца ў датах:
– Не-не, цяжка так адразу адказаць. Ці то пяць гадоў таму, а можа, шэсць? – пытае ён сам у сябе. – Толькі дакладна памятаю, што першы раз пакаштаваў, калі вучыўся ў хабзе, падчас перапынку на курылцы. Знаёмы прывёз з Мінска нейкі мікс, запэўніў, што гэта легальна. Вось мы паміж заняткамі ўпершыню і накурыліся.

А далей пайшло па нарастаючай: з «раз на тыдзень» хутка дайшло да «кожны дзень». Віця «забіў» на працу, а састарэлыя бацькі ўжо не ўплывалі на сына:

– Маці бачыла, што я магу зайсці ў туалет нармальны, а выйсці быццам п’яны. Спачатку не разумела, а потым да яе дайшло. Але што тады яна магла зрабіць? – шчыра прызнаецца Віця. – Грошы я ў яе не краў, таму магло падацца, што ўсё не так і дрэнна.

Што датычыцца фінансаў, хлопец запэўнівае, што кожны «кліент» сам становіцца гандляром:
– Грошай з кожным разам трэба ўсё больш – арганізм патрабуе большыя дозы, пачынаеш сам купляць і перапрадаваць – так усе робяць. І я рабіў – купляў адразу оптам, а потым збываў маленькімі дозамі.

З набыццём праблем няма

Потым хлопец паказвае на дом, што побач, і кажа:
– Вось у гэтым жыве чалавек, што можа «намуціць», у наступным, – ківае галавою, – можна маку ўзяць. Такіх кропак шмат, але больш нічога казаць не буду, а то, – нахіляецца і шэпча, – заваляць.

– А ты мак каштаваў?

– Ды была справа, – пачынае ўзгадваць Віця. – Мы тады вырашылі пакаштаваць, купілі. Мяне мой сябра ўкалоў, яго – другі сябра, і гэдак далей. Не спадабалася. Больш я «ставіцца» па вене не хацеў, хоць мяне людзі і запэўнівалі, што гэта я толькі з першага разу кайф не зразумеў – далей пойдзе. Але да маку я больш не дакранаўся.

Са слоў наркамана, на маку «сядзіць» прыблізна столькі ж людзей, як і на спайсах. Толькі ўсе яны значна старэйшыя – ад 25 гадоў:

– Шмат у каго сем’і ёсць, дзеці. Некаторыя трапілі за гэтыя справы на зону, жыццё сабе зламалі.

Спыніць распаўсюджанне немагчыма

Спрабую даведацца, як  можна ўрэшце спыніць абарот наркотыкаў.
– Ведаеш, ніяк, – пачынае адказ Віця. – Я лічу, што за ўсім гэтым стаяць высокія зацікаўленыя асобы. Вось сам падумай – гэта зараза на рынку ўжо гадоў 10. Чаму за ўвесь гэты час не прымалі ніякіх законаў, акрамя фіксавання формулаў у спіс забароненых рэчываў? Гэта ж проста здзек – забаранілі, а да забароненай формулы дадалі яшчэ адзін атам – і ўсё легальна. Некаму гэта выгадна – велізарныя грошы круцяцца, ты сабе нават не ўявіш. Вось калі дзеці пачалі паміраць, тады яны заварушыліся. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Віця закранае прававы аспект:

– У мінулым годзе хлопца пасадзілі на 8 гадоў. А ведаеш, колькі ў яго было з сабою? Не больш за 5 грамаў. Ён тры дні пазаймаўся, мільён зарабіў, і вось табе на – 8 гадоў, уяўляеш?  

РЕКЛАМА

Прыхільнасць можа скончыцца Навінкамі

Віця хвалюецца і дастае яшчэ адну цыгарэту – яна выслізгвае з рук. Хлопец глядзіць на свае бліскучыя далоні.
– У мяне яшчэ рукі бывае блішчаць – пацеюць. Раней увогуле кожныя 10 хвілін без дозы то ў жар кідала, то ў холад. А паралельна калаціла – гэта не апісаць словамі, калі ты ідзеш, а тут раптам пачынаеш дрыгацца і аблівацца потам. Хутчэй бы забыцца. Ды і ўвогуле, аб чым гэта мы? Пачалі ж з законаў. Ты калі будзеш бачыць, што я тэму змяняю, мне кажы, – просіць Віця, – гэта бывае – забываюся, аб чым гавару. Думкі блытаюцца ў галаве. Раней так увесь час было.

– Дык як ты адмовіўся ад ужывання ў выніку?

– Мне самому гэта надакучыла. Надакучыла быць гароднінай. Спалохаўся, як бы не «паехаць галавою» – у нашых Баранавічах ведаю 5 чалавек, якія ў Навінках пабывалі.  А яшчэ праблемы са здароўем пачаліся – у 22 гады першы раз даведаўся, як баляць ныркі і пячонка. Гэта вельмі страшна – нібы мне вожыкаў туды ўваткнулі, і робяць імі масаж. Дыхаць стала цяжэй. Кожны дзень, прачышчаючы трубку, праз якую палю, я бачыў сажу і смалу, якая густым покрывам абляпляла яе сценкі знутры. Зразумела, што тое ж самае робіцца і ў лёгкіх, і ў глотцы, зубы ўжо даўно пачарнелі. Пачаў паліць чысты рэагент, каб не дыхаць смалою, але стала яшчэ горш – ногі адказвалі. Ды ўвогуле, пачаў больш клапаціцца пра сваё здароўе і будучыню – не хачу сесці ў турму ці стаць інвалідам. І так дзякуй, што абнесла ад чагосьці сур’ёзнага.  

Лічбы

[13] гадоў турмы пагражае тром хлопцам з Гродна, якія збывалі ў сталіцы спайсы праз інтэрнэт.

[2]  гады калоніі атрымаў 19-гадовы жыхар Баранавіч за захоўванне міксаў.

 [7] чалавек з пачатку года загінулі ад «марак» – хімічных псіхатропаў, якія трэба класці пад язык. Усе пацярпелыя – моладзь ад 15 да 24 гадоў.

[600]  млрд беларускіх рублёў складае кошт буйнейшай затрыманай у Беларусі партыі псіхатропаў – да рынку не дайшло амаль два мільёны «марак».

[10] гадоў беларускія заканадаўцы не могуць прыняць закона, які б цалкам забараніў абарот сінтэтычных наркотыкаў.

   

Пакаранні за наркагандаль у свеце:

Кітай, Іран, Бангладэш, ААЭ, Пакістан – смяротнае пакаранне. У Саўдаўскай Аравіі смяротныя прысуды выносяцца і спажыўцам.

Расія, Вялікабрытанія – за гандаль у асоба буйным памеры – пажыццёвае пакаранне.

Беларусь – да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Турцыя – да 20 гадоў са штрафам у 50 000 лір за кожны грам наркатычнага рэчыва.

Францыя – да 20 гадоў. У выпадку, калі наркотыкі збывалі дзецям, тэрмін пакарання павялічваецца ўдвая.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up