Дзе ў нашым горадзе самы паэтычны раён і чаму ніхто не заўважае бульвар Якуба Коласа?
“IP” паглядзела, якім паэтам прысвяцілі Баранавічы свае вуліцы.
Расійскіх вуліц больш, чым беларускіх
Пры ўсёй, здавалася б, непаэтычнасці нашага маладога і пераважна індустрыяльнага горада, у Баранавічах можна налічыць больш за два дзясяткі вуліц, названых у гонар паэтаў. На нашых шыльдах сустракаюцца як імёны мясцовых творцаў, так і агульнанацыянальных, а таксама знакамітыя імёны найбліжэйшых суседзяў. Зрэшты, не толькі знакамітыя. Адна з баранавіцкіх вуліц носіць імя Дзям’яна Беднага – расійскага аўтара пралятарскіх вершаў, назваць паэзіяй якія мог хіба што толькі сам пралетарыят.
Узорны баланс імёнаў беларускіх і расійскіх паэтаў на вуліцах Баранавіч дасягнуты толькі нядаўна, калі ў маладым мікрараёне Бараўкі і на некаторых ускраінах горада з’явіліся вуліцы ў гонар нашых паэтаў. Калі паэтаў і празаікаў палічыць разам, дык расійскіх імёнаў на баранавіцкіх вуліцах па-ранейшаму атрымаецца больш, чым айчынных.
Шыльды ёсць, а помнікаў няма
Сярод імёнаў беларускіх паэтаў – чацвёра мясцовыя. Гэта Валянцін Таўлай, у гонар якога названа і галоўная бібліятэка ў горадзе, а таксама нядаўна памерлыя Венанцы Бутрым і Іван Лагвіновіч. Ёсць яшчэ вуліца ў гонар Адама Міцкевіча, які родам з-пад Баранавіч. Дарэчы, Міцкевіч – адзіны паэт, які ў Баранавічах, апроч шыльды, заслужыў барэльеф, што вісіць на рагу Міцкевіча і Савецкай. А вось помнікам у нашым горадзе не ўганараваны ніводзін паэт.
У Баранавічах дагэтуль няма вуліцы ў гонар заснавальніка беларускай панегірычнай паэзіі Андрэя Рымшы з вёскі Пянчын Баранавіцкага раёна. Затое, дзякуючы ініцыятыве вядомага краязнаўцы і зберагальніка нашай спадчыны Міхася Берната, у “адраджэнскія” 90-я гады вуліца Рымшы з’явілася ў Гарадзішчы, недалёка ад якога нарадзіўся паэт.
Самы паэтычны раён
У Баранавічах ёсць вуліца і ў гонар слыннага ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, аўтара гімна сучаснай Украіны, які пачынаецца словамі “Шчэ не вмэрла Украіны і слава, і воля…” Дарэчы, вуліца Шаўчэнкі – самая доўгая і разгалінаваная “паэтычная” вуліца ў Баранавічах. Апроч таго, яна мае ажно шэсць завулкаў, названых таксама ў гонар паэта.
А хто хоча пашпацыра-ваць па самым паэтычным раёне – можа скіравацца ў прыватны сектар у Паўднёвым мікрараёне, акрэсленым Савецкай, Баранава і Свярдлова. Тут паралельна Баранава адна за адной ідуць чытыры вуліцы ў гонар расійскіх паэтаў-класікаў: Пушкіна, Тургенева, Някрасава і Ламаносава.
А дзе той бульвар?
Народны паэт Беларусі Якуб Колас – адзіны, каго баранавіцкія жыхары ўшанавалі не проста вуліцай, а цэлым бульварам. Пра бульвар Якуба Коласа чулі далёка не ўсе – гэта праўда. Мясцовыя жыхары мяркуюць, што праблема ў нядобраўпарадкаванасці. Калі аздобіць бульвар новай пліткай, усталяваць на ім лавы і альтанкі, тут магло б быць прывабнае месца для адпачынку нават для жыхароў іншых мікрараёнаў.
– Цяпер жа тут можна галаву звярнуць і ўсё, што заўгодна. Паклалі асфальт яшчэ ў далёкія савецкія часы і на тым – усё. На жаль, сёння наша вуліца недацягвае, каб ганарова называцца бульварам, – распавёў “IP” Мечыслаў Базан, які ўжо больш за 30 гадоў жыве ў доме на бульвары Якуба Коласа. А родам Мечыслаў з Нясвіжчыны, дзе ў свой час жыў і навучаўся Якуб Колас. Калісьці Мечыслаў нават напісаў верш да 90-годдзя Якуба Коласа, які надрукавала “Знамя юности”.