Автор: Арцём ГАРБАЦЭВІЧ

14:31, 28 марта 2014

Происшествия

remove_red_eye 97

Загадчык Баранавіцкай стаматалагічнай паліклінікі «замініраваў» сваю ж установу

Ні з кім не ўзгодненыя вучэнні выклікалі пярэпалах і прыезд міліцыі.

27 сакавіка вуліцу Міцкевіча ў Баранавічах перакрылі міліцыянеры – агульны пярэпалах выклікала бомба, якую быццам бы знайшлі ў стаматалагічнай паліклініцы. Аднак на гэты раз «размініраванне» абышлося без сабак і сапёраў: бутафорскую бомбу ў будынак падклаў загадчык установы Анатоль Ціхно.

– Мы самі вырашылі правесці раніцай вучэнні, ні з кім іх не ўзгаднялі, – патлумачыў “ІР” загадчык. – Хацелі праверыць супрацоўнікаў, адпрацаваць дзеянні ў пазаштатных сітуацыях. Але персанал, як высветлілася, значна больш пільны, чым я раней думаў.

Сама «бомба» ўяўляла сабою каляровы пакет з каробкаю, якая нагадвала на знешнім выглядзе сапраўдную выбухную прыладу. Ніякіх небяспечных рэчываў, вядома, там не было.

РЕКЛАМА

 
Па плане, заўважыўшы імправізаваную бомбу, супрацоўнікі павінны былі паведаміць аб ёй дырэкцыі. Але адна з санітарак, звярнуўшы ўвагу на падазроную торбу, не губляючы і секунды, сама выклікала міліцыю. Такі працяг вучэнняў збянтэжыў і кіраўніцтва паліклінікі, і прыбыўшых міліцыянераў:

– Прыехалі надзвычайныя службы, вуліцу перакрылі. Але мы ім усё патлумачылі, і ў агульным замінка ў працы склала прыблізна паўгадзіны – у пачатку восьмай гадзіны мы ўжо працавалі ў звычайным рэжыме, – распавёў загадчык паліклінікі.

Гэта першыя вучэнні, якія дырэкцыя паліклінікі вырашыла правесці самастойна.

– Тут і мы самі недаглядзелі, – са шкадаваннем кажа Анатоль Ціхно, – але, з другога боку, гэта і добры досвед для супрацоўнікаў – будуць ведаць, як сябе паводзіць.

Як запэўнівае загадчык паліклінікі, пільная супрацоўніца будзе ўзнагароджана. Вось толькі самаму Анатолю Ціхно, хутчэй за ўсё, давядзецца адказваць за сваю самадзейнасць.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up