Новости / Культура

У гарадской бібліятэцы адбылася вечарына ў памяць баранавіцкіх паэтаў

28.03.2014, 11:06  / remove_red_eye 257   / chat_bubble0

Мерапрыемства ў гонар Фёдара Буцько, Генадзя Гапановіча і Яна Савіцкага (Збажыны) прайшло 27 сакавіка.

Так атрымалася, што ўсе гэтыя паэты нарадзіліся ў сакавіку. Усе трое пакінулі пасля сябе літаратурную спадчыну, у кожнага з іх сёлета быў бы юбілей – 100-годдзе з дня нараджэння Фёдара Буцько, 75-годдзе Генадзя Гапановіча і 50-годдзе Яна Збажыны. У кожнага з гэтых аўтараў свой лёс.

Фёдар Герасімавіч Буцько пражыў доўгае жыццё, партызаніў, трапіў у лапы гітлераўцаў, яго расстрэльвалі. Але ўдалося выжыць, ваяваў на фронце, пасля шмат год аддаў адукацыі. І вершы яго ў большасці – пра цяжкія гады вайны, пра Айчыну.

Генадзь Гапановіч вялікі ўнёсак паспеў зрабіць у Баранавічах ў галіне культуры. Імпрэзы з яго ўдзелам і пад патранажам, як кіраўніка музычна-літаратурнай гасцёўні “Крыніца”, збіралі цэлыя залы, пасля яго засталося шмат песень пра наш горад. Дзякуючы Гапановічу, прыхільнікі паэзіі змаглі сустрэцца і паслухаць такога выбітнага аўтара, як Ніл Гілевіч, іншых знакамітых людзей краіны.

Ян Збажына пайшоў з жыцця рана – яму было толькі 47 год. Ён быў гісторыкам і філосафам. Ён пакінуў нам цудоўныя вершы, якія друкаваліся ў перыёдыцы, выйшлі ў адзінай прыжыццёвай кніжцы творцы “Пыл саркафагаў”, што пабачыла свет у 2004 годзе. Яго санеты, трыялеты, хоку і цяпер з задавальненнем чытаюць прыхільнікі паэзіі.

Пра ўсё гэта і ўспомнілі падчас імпрэзы сябры і паплечнікі паэтаў. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі да мерапрыемства слайд-фільм, чыталі вершы юбіляраў. Пра сваё сяброўства з Янам Збажыной, пра тое, як арганізоўвалі ў Баранавічах скаўцкі рух, расказаў прысутным Алесь Бакач. Падчас мерапрыемства было паказана відэа, знятае Бакачом пра Яна Савіцкага ў Завоссі.

Творы Збажыны гучалі і ў выкананні Уладзіміра Гундара, які макетаваў кнігу аўтара і ўдзельнічаў разам з Савіцкім у 90-я гады ў адраджэнскім руху. Сваімі ўспамінамі пра творцаў падзяліўся і Валерый Палікарпаў. Вершы, прысвечаныя Генадзю Гапановічу, чыталі Людміла Шувалава, Раіса Раманчук, Алесь Корнеў. Гучалі ў зале і песні на словы аўтара. Пра жыццёвы шлях Генадзя Гапановіча расказала яго жонка Алена.

Прысутныя ўшанавалі памяць баранавіцкіх літаратараў хвілінай маўчання.

Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Scroll Up