Новости / Общество

Малдова: адной нагой у Еўрасаюзе, другой – у Прыднястроўі

21.03.2014, 12:38 / remove_red_eye 0 / chat_bubble0

Калі Беларусь з вышыні выглядае як зялёнае мора лесу, то над Малдоваю ўсё інакш – бясконцыя палі хаваюцца за даляглядам і пасярод іх невялікімі анклавамі раскіданы гарады і вёскі. Цэнтр сталіцы складаецца з нізенькіх старых будынкаў, першыя паверхі якіх татальна аддадзены пад малы бізнес. 

Гандлюць паўсюль

Крамы на калёсах, кіёскі, бабулі каля лаў – беларускі малы бізнес згубіўся б у разнастайнасці малдаўскіх паліц. Ад велізарнай канкурэнцыі кожны першы пагаджаецца на зніжкі і саступае да трэці кошту. Людзі вымушаны круціцца: сярэдні заробак па краіне ў мінулым годзе склаў прыблізна 2,6 млн на нашыя рублі. Але не ўсе людзі жывуць за такія грошы: згодна з апытаннямі, у кожнай малдаўскай сям’і нехта працуе за мяжою. Палітычнае становішча краіны склалася так, што большасць насельніцтва, акрамя малдаўскіх, мае яшчэ румынскія і расійскія пашпарты. Сапраўдных аб’ёмаў  фінансавых пераводаў не ведаюць нават у кіраўніцтве рэспублікі і падаткаў з заробленых за мяжою грошай не здымаюць. Акрамя працоўнай сілы, з краіны масава ўцякае моладзь – замест айчынных ВНУ аддае перавагу румынскім ці расійскім.

Уяўная таннасць

РЕКЛАМА

Грамадскі транспарт у сталіцы Малдовы на беларускія рублі абыдзецца прыблізна ў паўтары тысячы – амаль усё тут каштуе танней, чым у нас. Гэта не датычыцца толькі камуналкі, якая пачынаецца з 90 долараў. Таму сельскія жыхары, нават пры магчымасці карыстацца дарамі цывілізацыі, аддаюць перавагу дровам.

Малдова не мае сваіх энергетычных крыніц – асноўным рухавіком эканомікі з’яўляецца вінная вытворчасць. Кошты на паліцах з алкаголем значна саступаюць беларускім – за тыя ж грошы, якія ў нас каштуе бутэлька водкі, тут можна набыць трохгадовы каньяк ці як мінімум пяцігадовае віно. Прадавец шчыра здзівіўся, калі я спытаў пра «яблычнае віно» – такога паняцця, як «чарніла», у Малдове не існуе.

Культура

Трапіўшы на вуліцы Кішынёва, адразу звернеш увагу на колькасць нацыянальнай сімволікі вакол – малдаўскі трыкалор на машынах, крамах, дахах, сценах.

Вулічны музыка зарабляе на хлеб у цэнтры Кішынёва.

Вулічны музыка зарабляе на хлеб у цэнтры Кішынёва.

Грамадзяне вельмі ганарацца сваімі нацыянальнымі сімваламі, якім яны вярнулі статус афіцыйных пасля развалу СССР. Атрыманне незалежнасці сказалася на нацыянальнай самасвядомасці – малдаване пачалі больш цікавіцца сваёй гісторыяй. Калі раней на галоўнай плошчы Кішынёва стаяў Ленін, то зараз яго няма, ганаровае месца недалёка ад Дома ўрада займае выбітны кіраўнік старажытнага Малдаўскага Княства – Штэфан Вялікі. Падчас свайго кіравання  Штэфан прымусіў лічыцца з сабою магутных суседзяў, не раз разбіваючы магутныя сілы ворагаў.

Малдова вельмі рэлігійная: згодна з апытаннямі, першае месца па ўзроўні даверу ў насельніцтва займае царква. Ужо за ёю ідуць СМІ і палітыкі.

Палітыка

Малдова – парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Прычым прэзідэнта выбірае парламент. Да нядаўняга часу ў краіне кіравала камуністычная партыя на чале з Вароніным. Аднак падчас выбараў у мясцовыя Саветы ў 2009 годзе камуністам не хапіла аднаго мандата, каб абраць прэзідэнта. Стомленыя ад чырвонага дыктату людзі выйшлі на вуліцы. У выніку масавых беспарадкаў камуністаў адхілілі ад улады, быў створаны кааліцыйны парламент.
Сёння кіраўніцтва краіны абрала курс на еўраінтэграцыю. 27 лютага Еўрапарламент дазволіў малдаванам ездзіць у Саюз без візаў, аднак пакуль гэта даступна толькі ўладальнікам біяметрычных пашпартоў.

20% ад усёй эканомікі – гэта датацыі Еўропы і ЗША, якія ідуць на мадэрнізацыю вытворчасці. Рост ВУП (валавога ўнутранага прадукта) за апошнія 9 месяцаў склаў 8%.  Неўзабаве Еўрасаюз і Малдова падпішуць пагадненне аб асацыяцыі, якое павінна адкрыць новыя перспектывы для малдаўскіх тавараў.

З боку Румыніі часта гучаць заклікі да аб’яднання. Само насельніцтва не бачыць у гэтым праблем, бо многія лічаць румынаў і малдаванаў адным народам, воляю лёсу трапіўшым па розныя бакі мяжы.

Калі знешнепалітычны курс больш-менш зразумелы, то ўнутры краіны застаецца шмат невырашаных праблем – Прыднястроўе, міграцыя, карупцыя. Апошнім часам уздымаецца сепаратысцкі настрой у Гагаўзскай вобласці, дзе жывуць гагаўзы – туркі, якія размаўляюць на турэцкай мове, але вызнаюць праваслаўе.

З карупцыяй змагаюцца галоснасцю: дзякуючы выкрывальніцкім артыкулам у мясцовых СМІ, са сваіх пасадаў зляцела ўжо шмат суддзяў і чыноўнікаў. Паабапал дарог, побач з рэкламнымі білбордамі, сустракаюцца і антыкарупцыйныя – з засцярогамі хабарніцтва. У рэйтынгу свабоды слова Малдова ў лідарах сярод краін свету.

Прыднястроўе

Галаўны боль для ўладаў краіны. Афіцыйна не прызнаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка ўжо шмат гадоў існуе ў нявызначаным статусе. Улады ў Кішынёве лічаць яе сваёй тэрыторыяй, але дэ-факта ніякага кантролю над левым берагам Днястра не маюць.

РЕКЛАМА

Там ёсць свая мытня, міліцыя, армія, законы. Адносна вольна Прыднястроўе існуе пасля грамадзянскай вайны 1992 года, калі з абодвух бакоў загінула да 1000 чалавек. У распальванні сепаратызму вінавацяць Расію, якая дагэтуль захоўвае велізарны ўплыў на левы бераг. Так, напрыклад, тысячу кубаметраў газу Кішынёў купляе за $368, Тыраспаль – за $157. Заплочаныя за газ грошы  не ідуць у расійскі бюджэт, а застаюцца ў Прыднястроўі – улады выдаткоўваюць іх на патрэбы непрызнанай рэспублікі.

Некалі буйная прамысловая зона, зараз Прыднястроўе ўяўляе сабою сумнае відовішча: насельніцтва з кожным годам меншае – з 700 тысяч скарацілася да 500, заводы не мадэрнізуюцца, большасць працаздольных мужчын ідуць у сілавыя структуры, якія, як вядома, на рост ВУП не ўплываюць. Дэфіцыт бюджэту складае 70%.

Насельніцтва левага берага Днястра – рускія, малдаване і ўкраінцы – прыблізна ў аднолькавай прапорцыі. Сцяг і герб – Малдаўскай ССР.

Мова

Супрацьстаянне паміж Тыраспалем і Кішынёвам выражаецца і ў мове: калі ў Прыднястроўі карыстаюцца малдаўскаю, то ў «асноўнай» частцы Малдовы – румынскаю. Адрозненне паміж імі ў розных алфавітах –кірылічным і лацініцай.
Самі малдаване лічаць так званую «малдаўскую» гвалтоўна створаным савецкімі ідэолагамі прадуктам, калі румынскую наўмысна збяднілі, наблізілі да рускай і пераклалі на кірылічны правапіс. Сітуацыя кшталту той, якая склалася ў нашай мове пасля палітычнай рэформы ў 1933 годзе – змянення правілаў тарашкевіцы і з’яўлення «наркамаўкі».

Малдаване не маюць праблем у разуменні сваіх суседзяў – шматгадовае існаванне ў зоне ўплыву рускай культуры прымусіла вывучыць рускую мову, а старажытныя карані роднай вядуць аж да лацінскай, таму і італьянцаў малдаване разумеюць без перакладчыкаў.

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
  Подписаться  
Уведомление о
Scroll Up