У панядзелак у Баранавічах быў пабіты тэмпературны рэкорд
Удзень 10 сакавіка ў Баранавічах прыгравала, як у красавіку, амаль да +15 градусаў.
Пра гэта Intex-press паведамілі на Баранавіцкай метэаралагічнай станцыі.
Слупкі тэрмометраў у панядзелак, 10 сакавіка, у Баранавічах узняліся да рэкорднай адзнакі +14,3 градуса. Максімальнае цяпло ў нашым горадзе ў гэты дзень рэгістравалася ў 1997 годзе, калі прыгравала да +11,9 градуса.
Па словах баранавіцкіх метэаролагаў, уся першая дэкада сакавіка сёлета была анамальна цёплай: агулам – на 6 градусаў цяплей за кліматычную норму.
Праўда, тэмпературных рэкордаў у іншыя дні не фіксавалася. А вось ад найбліжэйшай нядзелі, 16 сакавіка, у Беларусі істотна пахаладае. Падужае вецер і выпадзе снег. Холад пратрымаецца да канца сакавіка.
Комментарии
Правила комментирования