Пятнаццаць расійскіх самалётаў могуць размясціць у Баранавічах
Прыняць 15 самалётаў можа толькі баранавіцкая 61-я авіябаза – лічыць ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Аляксандр Лукашэнка выказаў заклапочанасць актыўнасцю НАТА каля межаў Беларусі і прапанаваў размясціць у нашай краіне 12-15 расійскіх самалётаў.
Ваенны эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што гэтыя меры павінны паказаць Расіі нашую адданасць:
– Вучэнні каля нашых межаў праходзілі і раней, прычым былі і больш маштабныя. Я не думаю, што гэта прычына з’яўляецца асноўнай. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка хоча паказаць Маскве, што мы, хоць і афіцыйна не падтрымалі расійскую палітыку ў Крыме, па-ранейшаму застаемся саюзнікамі, – кажа Алесін.
Верагоднасць з’яўлення ў Беларусі самалётаў эксперт называе высокай, але не стоадсоткавай:
– Магчыма, ніхто сюды і не паляціць. Але калі рашэнне аб размяшчэнні будзе прынята, то адзінае месца, дзе іх змогуць прыняць, – гэта баранавіцкая авіябаза. Там ёсць для гэтага ўсе ўмовы, – запэўнівае суразмоўца.
На пытанне, ці не носяць гэтыя меры мэты застрашэння нашай паўднёвай суседкі, эксперт адказвае адмоўна:
– Я думаю, што гэта жэст у бок Еўропы і НАТА, а не Украіны, – падагульняе Алесін.
Нагадаем, што з 8 снежня 2013 года ў Баранавічах ужо размешчаны 4 расійскія СУ-27Т.
Комментарии
Правила комментирования