Автор: Юля ХАРКЕВIЧ

12:09, 21 февраля 2014

Общество

remove_red_eye 0

“Усе пачалося з таго, што я нарадзіўся ў Беларусі”

“Раней нас называлі калгаснікамі і апазіцыянерамі, а цяпер людзі ўсміхаюцца і спрабуюць адказваць па-беларуску”. Баранавіцкая моладзь, якая размаўляе ці спрабуе размаўляць па-беларуску,  распавяла “IP” аб сваіх рэцэптах “абеларушчвання”.

Алесь Снег


РЕКЛАМА

Фота з архіва Алеся Снега

Фота з архіва Алеся Снега


Мовай я зацікавіўся недзе ў 2006 годзе, калі сябар даў мне паслухаць плыты беларускіх гуртоў, здаецца, гэта былі N.R.М і Нейра Дзюбель. Мяне тады вельмі ўразіла, што па-беларуску можна рабіць такія якасныя прадукты. Адначасова прачнулася цікавасць да гісторыі Беларусі, пачаў шукаць людзей, якія таксама гавораць па-беларуску.

Спачатку, канечне, саромеўся размаўляць. Былі памылкі, выходзіла страшная трасянка, але тады я быў ва ўзросце, калі граў юнацкі максімалізм, і амбіцыя не дазваляла кінуць пачатае. Акрамя таго, у мяне было некалькі знаёмых, якія размаўлялі па-беларуску, іх прыклад натхняў мяне не спыняцца. Ужо некалькі год у мяне ніводны дзень не праходзіць без беларускай мовы.

З часам я стаў зауважаць, што з’яўляецца усе больш людзей, якія цікавяцца мовай. Калі раней нас, беларускамоўных, называлі калгаснікамі і апазіцыянерамі і казалі “слушай, давай говори на нормальном языке”, то цяпер, пачуўшы беларускую гаворку, людзі ўсміхаюцца і спрабуюць падтрымаць размову па-беларуску.

Самая распаўсюджаная прычына, чаму людзі не хочуць размаўляць па-беларуску – “няма з кім”. Але я перакананы, што ў кожным горадзе, тым больш у Баранавічах, можна знайсці і маладых, і старэйшага ўзросту людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай. Некаторыя таксама кажуць “я не говорю по-белорусски, потому что не хочу коверкать язык”. Але нічога страшнага – два-тры дні “пакаверкаеце”, а потым будзе атрымлівацца ўсе лепш і лепш.

Галоўнае – зразумець, што беларуская мова – гэта не толькі ўрокі ў школе. Гэта асобны і вельмі шырокі свет – добрая літаратура, якасная музыка, цікавыя праекты. І ў гэтым свеце ёсць месца для кожнага з нас.

Яўген Герасіменка


Фота з архіва Яўгена Герасіменкі

Фота з архіва Яўгена Герасіменкі


Усе пачалося з таго, што я нарадзіўся ў Беларусі. Але, скажу шчыра, размаўляць па-беларуску пачаў не так даўно. У школьныя гады, напрыклад, размаўляў выключна па-расейску.

РЕКЛАМА

Недзе тры гады таму я пачаў пісаць вершы. І адразу зразумеў, што лепш пісаць атрымліваецца па-беларуску. Таму я вырашыў і размаўляць па-беларуску – каб было лягчэй пісаць. Пазней прыйшоў да таго, што гэта нармальны стан чалавека – будучы беларусам размаўляць па-беларуску. Гэта ніякі не подзвіг і не геройства – гэта натуральна, размаўляць на мове краіны, дзе ты нарадзіўся.

На жаль, я не заўсёды выкарыстоўваю родную мову. Я вучуся на інжынернай спецыяльнасці, таму, вядома, на занятках і з некаторымі сябрамі-іншаземцамі ва ўніверсітэце размаўляю па-расейску. І часам пасля чатырох пар вельмі цяжка пераключыцца на родную мову. Але я стараюся, не зважаючы на тое, што часам кажу з памылкамі. Я не саромеюся. Па сутнасці, мне ўсе роўна, што аб гэтым падумаюць іншыя.

Ангеліна Бабылёва


Фота з архіва Ангеліны Бабылёвай

Фота з архіва Ангеліны Бабылёвай


На сённяшні дзень мяне можна назваць хутчэй не беларускамоўнай, а “беларускапішучай” дзяўчынай. Ва ўсіх сваіх сацыяльных сетках – УКантакце, твітэры, інстаграме – я пішу выключна па-беларуску. Я лічу, што гэта першы крок да таго, каб цалкам “абеларусіць” сваё жыцце.

Так, я пакуль не гатова размаўляць па-беларуску. Таму што іншыя наўрад ці здолеюць адказваць мне па-беларуску. Напрыклад, адна з маіх школьных сябровак кажа, што гэта мова калгаснікаў і размаўляць на ёй – тупа. Мяне шакуе такое стаўленне, але, на жаль, так лічыць большасць людзей.

Па-беларуску я размаўляю толькі са сваёй бабуляй. Яна выкладае мову ў БарДУ і калісьці прапанавала, каб наша сям’я цалкам перайшла на беларускую мову. На жаль, амаль ніхто акрамя мяне не пагадзіўся.

У будучыні мне вельмі хацелася б мець беларускамоўную сям’ю. І вучыцца я хачу ў Мінску, хутчэй за ўсё – у БДУ на факультэце беларускай філалогіі. Я вельмі спадзяюся, што беларускамоўнае асяроддзе падштурхне мяне да таго, каб цалкам перайсці на родную мову. А пакуль што я пішу…

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up