Автор: Руслан Равяка

13:59, 18 февраля 2014

Политика

remove_red_eye 76

У Кіеве новыя сутычкі дэманстрантаў са спецназам – 19 загінуўшых

Старшыня парламента адмовіўся 18 лютага рэгістраваць праект пастановы аб вяртанні да Канстытуцыі 2004 года, у адказ дэманстранты заблакавалі Раду. 

На рагу Інстытуцкай і Шаўкавічнай і на вуліцы Ліпскай пачаліся сутыкненні міліцыі і мітынгоўцаў. 

Мітынгоўцы кідаюць камяні ў бок праваахоўнікаў, у адказ сілы МУС страляюць з траўматычнай зброі і кідаюць святлошумавыя гранаты, ёсць параненыя. Траўмы атрымалі 10 дэманстрантаў, аднаму хлопцу адарвала кісць рукі, паведамляе LB.UA. Большая частка раненняў – у галаву. Дзве жанчыны параненыя гумовымі кулямі. 

Раненне атрымаў і фотажурналіст Reuters. У бронекамізэльку карэспандэнта трапіла святлошумавая граната. Бронекамізэльку разарвала, пацярпелага забрала хуткая дапамога. Па папярэдніх дадзеных, мужчына атрымаў раненні грудной клеткі і рукі.

РЕКЛАМА

Хуткая дапамога па незразумелых прычынах адмаўлялася вывозіць параненых, іх забіралі ўдзельнікі Аўтамайдана. У Доме афіцэраў дэманстранты стварылі медпункт для першай дапамогі пацярпелым. Спецслужбы заявілі, што таксама маюць параненых міліцыянераў, да якіх праз блакаду не можа даехаць хуткая.

Пратэстоўцы падпалілі два грузавыя аўтамабілі «КамАЗ», якія блакавалі праезную частку на Шаўкавічнай. 

Каля 200 мітынгоўцаў захапілі офіс Партыі Рэгіёнаў. Актывісты закідалі будынак «кактэйлямі Молатава», разбілі шыбы ў вокнах і некалькі машын, якія былі прыпаркаваны каля офіса. Пазней байцы «Беркута» і невядомыя ў цывільным з бітамі і дубінкамі збілі актывістаў Майдана і вярнулі кантроль над офісам Партыі рэгіёнаў.

А 16-й гадзіне з’явілася інфармацыя пра трох загінуўшых мітынгоўцаў. Людзі загінулі ад цяжкіх агнястрэльных раненняў галавы і сэрца. Прэс-служба МУС Украіны заявіла, што пяць вайскоўцаў унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў атрымалі агнястрэльныя раненні.

Падчас пажару ў офісе Партыі Рэгіёнаў загінуў чалавек, аб гэтым заявіла прэс-служба ГНС.

МУС і СБУ выставілі ўмову апазіцыі спыніць беспарадкі, інакш пасля 19:00 (па мінскім часе) будуць прынятыя жорсткія меры.

Супрацоўнікі спецслужбаў прарвалі барыкады на Грушэўскага і падышлі да Майдана. Кіеўскае метро спыніла працу. Абвешчана, што 130 чалавек знаходзіцца ў лякарнях у цяжкім стане. Названы прозвішчы двух загінуўшых – гэта пенсіянеры, мужчына (жыхар Грузіі) і жанчына, удзельнік ліквідацыі аварыі на ЧАЭС.

Украінскія дэпутаты не будуць збірацца заўтра, каб абмеркаваць сітуацыю ў сталіцы.

Бі-бі-сі ў 18:47 заявіла пра 7 загінуўшых падчас сутычак у Кіеве. Прэс-служба МУС паведаміла пра аднаго забітага міліцыянера ад агнястрэльнага ранення ў шыю.

У 20:55 міліцыя пачала штурм Майдана. Штурму папярэднічала патрабаванне сілавікоў, звернутае да пратэстоўцаў: пакінуць Майдан для правядзення міліцыяй «антытэрарыстычнай аперацыі». Спецназ падпальвае барыкады і намёты на Майдане. Пратэстоўцы бутэлькамі з запальнай сумессю падпалілі два БТРы і вадамёт, паведамляюць з Майдана.

Падчас сённяшніх падзей у Кіеве пацярпелі 135 міліцыянераў. Тры з іх памерлі, 35 знаходзяцца ў цяжкім стане. Усяго 35 праваахоўнікаў атрымалі агнястрэльныя раненні. Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС Украіны.

Ужо пацверджана гібель не менш за 14 чалавек. Януковіч сустракаецца з лідарамі апазіцыі, пасля гэтага выступіць з тэлезваротам.
 

У Кіеве 19 лютага абвешчана выхадным днём, метро працаваць не будзе, у 01:00 будуць перакрыты ўезды ў горад. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Інтэр».
 

Па новых звестках украінскага МУС, падчас сутычак 18 лютага загінулі 6 міліцыянераў. 39 супрацоўнікаў атрымалі агнястрэльныя раненні. 5 канал паведаміў пра 13 застрэленых пратэстуючых.

На Майдане адключылі электрычнасць. Гараць толькі вогнішчы. Вадамёт пераехаў пратэстуючага, хлопец загінуў, піша радыё Свабода.

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up