Автор: Алесь Гізун

13:32, 9 февраля 2014

Культура

remove_red_eye 152

Чалавек, які вяртаў беларускія назвы ў Баранавіцкi раён

За сваё жыццё Аляксандр Жук дзясятак разоў кардынальна змяняў прафесійнае амплуа – ад дрывасека да намесніка старшыні райвыканкама. 24 студзеня дырэктар Мірскай сярэдняй школы адсвяткаваў сваё 60-годдзе.

Продак

Родны брат майго дзядулі Дзям’ян Дудук у свой час быў адзіным сялянскім хлопцам з Клеччыны, які выбіўся ў людзі. Пасля школы ён скончыў юнкерскую вучэльню ў Міры, пасля – вышэйшую вайсковую школу ў Пецярбургу, а потым зрабіў амаль немагчымае для людзей яго паходжання –даслужыўся ў царскім войску да штабс-капітана. Быў першым сярод сваіх па фехтаванні і рукапашным боі. Ён загінуў у Першую сусветную вайну ў Латвіі, а пахавалі яго на радзіме, каля царквы ў Сіняўцы. Пахавалі ў царкоўным двары, дзе хавалі толькі святароў і вельмі знакамітых людзей.

Калі саветы разбурылі царкву, на яе месцы зрабілі танцпляцоўку. Тады мы з братам, хоць і былі камуністамі, прыйшлі ў сельсавет і сказалі, што не хочам, каб моладзь пасля танцаў абсцыкала магілы нашых продкаў. Нас падтрымалі, і мы перанеслі магілу на агульныя могілкі. А як Гарбачоў прыйшоў да ўлады, мы ініцыяніравалі і адраджэнне царквы ў Сіняўцы на ранейшым месцы.

РЕКЛАМА


Гісторыя і сямейны радавод

У нашай сям’і заўжды паважалі гісторыю. Я, напрыклад, магу ўзгадаць свой радавод да сёмага калена. Відаць, праз гэту любоў да гісторыі пасля сваёй вясковай школы я паступіў на гістфак БДУ. Па трох уступных экзаменах я атрымаў 5-5-4. І ніякага рэпетытарства ў тыя гады мы не ведалі.

Дырэктарства

Папрацаваўшы крыху настаўнікам гісторыі і адслужыўшы ў войску, у 1981 годзе я надоўга ўзначаліў школу-інтэрнат для дзяцей-сірот у Ястрамбелі. Галоўным вынікам свайго дырэктарства я лічу тое, што мы з калектывам здолелі стварыць у інтэрнаце ўмовы, максімальна набліжаныя да бацькоўскіх. Мы імкнуліся, каб дзецям было ўтульна. Хаця цалкам замяніць бацькоў, на жаль, мы не маглі.


Палкі ў калёсах

Нават у такой добрай справе, як дапамога дзецям-сіротам, чыноўнікі ўсе тыя гады совалі мне палкі ў калёсы. Што б я ні задумаў – зрабіць басейн ці адкрыць турыстычны клуб, пабудаваць лёгкаатлетычны манеж ці дом для педагогаў, раённыя чыноўнікі ніколі не хацелі напружвацца. Наша школа-інтэрнат падпарадкоўвалася вобласці. Напэўна, гэта выклікала рэўнасць у мясцовых чыноўнікаў, якія не мелі ніякай улады нада мною. На мяне ціснулі. За 1987 год, памятаю, я налічыў 37 розных праверак маёй школы – ад санстанцыі да пракуратуры. Тое, што Жук не п’е, не гуляе і не крадзе, напэўна, іх яшчэ больш злавала. Так доўжылася, пакуль аднойчы на абкаме партыі ім не сказалі: “Адчапіцеся ад Жука!”

Урэшце скончылася ўсё тым, што ў 1989 годзе мяне назначылі загадчыкам раённага аддзела адукацыі, а яшчэ праз паўгода – намеснікам старшыні Баранавіцкага райвыканкама.

Дзевяностыя

Дзевяностыя – быў час нацыянальнага ўздыму. У Баранавічах сабралася цудоўная каманда адукаваных і зацікаўленых у адражэнні беларускай культуры людзей – краязнаўцы Міхась Бернат і Васіль Дубейка, гісторык Віктар Сырыца, культасветнік Вячаслаў Болбат… Маёй справай было аб’яднаць іх усіх і даць магчымасць ім працаваць, прасоўваючы іх прапановы ў выканкаме. Мы адны з першых у краіне пачалі ўсталёўваць дарожныя знакі і шыльды па-беларуску, назвалі вуліцу і школу ў Мілавідах у гонар паўстанцаў Каліноўскага і ў гонар паэта Андрэя Рымшы ў Гарадзішчы. Запомніліся вялікія навуковыя канферэнцыі ў гонар Паўлюка Багрыма і Адама Міцкевіча, куды, апроч беларускіх паэтаў і прафесуры, з’ехаліся людзі з Канады, Англіі, Польшчы, Германіі… Менавіта там нарадзілася ідэя будаўніцтва музея-сядзібы Міцкевіча ў Завоссі.

У тыя гады мы рэальна адчувалі сваю волю і ўладу і рабілі ўсё, што маглі, на карысць адраджэння беларушчыны. Хаця час быў неверагодна цяжкі… Я паралельна быў старшынёй працоўнага кантролю па размеркаванні маёмасці – дзяліў купоны на шкарпэткі, мыла, цыгарэты паміж сельсаветамі. Я быў вымушаны займацца і гэтым, бо такое было рэальнае жыццё, людзі патрабавалі гэтага.

Памяць
У 90-я я кіраваў раённай камісіяй па падрыхтоўцы гісторыка-дакументальнай кнігі “Памяць”, на напісанне якой я пускаў большасць даступных мне сродкаў. Нашы гісторыкі і краязнаўцы маглі вольна вандраваць па краіне, збіраць матэрыял у архівах у Вільні…

Мы з хлопцамі разумелі, што пакуль мы жывыя і маем магчымасць увекавечыць нашу мінуўшчыну, гэта трэба зрабіць – інакш хутка ўсё згіне.

На жаль, тое, што ўвайшло ў кнігу “Памяць” – толькі трэцяя частка сабранага матэрыялу. Фактычна сёння нам трэба ствараць другую кнігу “Памяць”, пакуль жывыя яшчэ яе збіральнікі.

Людзі ў андэграўндзе

У краязнаўцы Васіля Дубейкі назбіраны ўнікальны матэрыял на пяць манаграфій, але на сёння няма ніводнага чалавека, які прапанаваў бы выдаць гэтыя кнігі. А яны маглі быць нашай візітоўкай, якую можна было б прадэманстраваць турыстам, інвестарам… Пасля дзяржава магла б мець з гэтага прыбытак. І такіх людзей, якія на вывучэнне баранавіцкай гісторыі і артэфактаў паклалі ўсё жыццё, у нас шмат. Трэба толькі даць ім паветра. А яны сёння ў андэграўндзе.

РЕКЛАМА

Пошукі сябе

У 1995 годзе я стаў непатрэбны, і мяне звольнілі з пасады намесніка старшыні райвыканкама. Пачаліся гады майго другога пошуку сябе. Я ўладкаваўся на працу ў дарожнае ўпраўленне, пасля – у банк, а пасля падаўся пілаваць лес. Тады мне трэба быў спакой, каб  пабыць нейкі час сам-насам, вырашыць, чым займацца далей. І лес даў мне гэты спакой…

У 1999-м я вырашыў вярнуцца да дзяцей-сіротаў і ўзначаліў абласное аддзяленне Фонду дапамогі дзецям-сіротам. А ў 2004 годзе мне прапанавалі пайсці дырэктарам у школу ў Міры. Я падумаў, што маю яшчэ шмат задумаў, што нешта яшчэ не дарабіў для маладога пакалення, для беларушчыны, і пагадзіўся.

Школа

У школе я рэалізаваў адну са сваіх мараў: распрацаваў канцэпцыю і стварыў музей школы, экспазіцыя якога размешчана па ўсім будынку. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры дзейнічае рэгулярная экспазіцыя, прысвечаная нашаму земляку, паэту Яну Чачоту, а таксама ёсць сезонныя выставы, прысвечаныя беларускаму лёну, мёду, бульбе… Дарэчы, тут сабраныя і саматканыя рэчы маёй матулі. У кабінеце гісторыі праілюстравана гісторыя навакольных вёсак.

У калідорах школы ёсць экспазіцыі “Баранавіччына паэтычная”, вісяць стэнды, прысвечаныя вучням і настаўнікам, якія дасягнулі пэўных вяршыняў.

Лыжна-ролерная траса

Заступіўшы на новую пасаду, мне хацелася стварыць які-небудзь аб’ект, які дапамог бы нашаму раёну нейкім чынам вылучыцца. Так у 2004 годзе ў мяне з’явілася ідэя стварэння лыжна-ролернай трасы, а ў 2006-м яна ўжо была здадзена – першая ў Брэсцкай вобласці.

Мары

Хоць я ўжо пенсіянер, у мяне яшчэ шмат мараў, якія я хачу рэалізаваць. Мару стварыць Баранавіцкі музей адукацыі і ўшанаваць у ім памяць многіх нашых таленавітых землякоў.

Мару, каб на маляўнічым узвышшы пад Моўчаддзю, што завецца беларускай Швейцарыяй, узнік культурна-спартыўны комплекс, аналаг Сіліч, які даў бы штуршок эканамічнаму і сацыяльна-культурнаму развіццю нашага рэгіёна.

Вельмі хочацца рэанімаваць раённую камісію па напісанні другой кнігі “Памяць” па Баранавічах і Баранавіцкім раёне, што, магчыма, ажывіла б цікавасць да беларускай мінуўшчыны нашых сучаснікаў. Рэалізацыяй вось гэтых праектаў я і паспрабую заняцца на пенсіі.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up