Новости / Политика

Януковіч пайшоў на кампраміс па ўсіх пытаннях, прапанаваў пасаду прэм’ера Яцанюку

26.01.2014, 10:50 / remove_red_eye 101 / chat_bubble

У Кіеве адбылася чарговая сустрэча лідараў апазіцыі з Віктарам Януковічам. Пасля яе намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Партноў і міністр юстыцыі Лукаш паведамілі, што ўлады гатовыя пайсці на кампрамісы па большасці патрабаванняў апазіцыі. Акрамя таго, Януковіч прапанаваў Арсеню Яцанюку заняць пасаду прэм'ер-міністра, а Віталю Клічко — віцэ-прэм'ера па гуманітарных пытаннях.

Заяву транслявалі цэнтральныя тэлеканалы Украіны.

«Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч прапанаваў аднаму з лідараў апазіцыі, кіраўніку фракцыі «Бацькаўшчына» ў Вярхоўнай Радзе Арсенію Яцанюку ўзначаліць урад», — паведаміла ўслед прэс-служба кіраўніка дзяржавы са спасылкай на заяву міністра юстыцыі краіны Алены Лукаш.

«Прэзідэнтам Украіны прапанавана пасада прэм’ер-міністра Украіны Арсенію Пятровічу Яцанюку. У выпадку згоды апошняга заняць пасаду прэм’ер-міністра Украіны, прэзідэнтам Украіны будзе прынята рашэнне аб адстаўцы ўрада. Пасаду віцэ-прэм’ера па гуманітарных пытаннях прэзідэнт Украіны прапанаваў Віталю Клічко», — заявіла яна.

РЕКЛАМА

У сваю чаргу, Арсень Яцанюк пасля сустрэчы з Януковічам расказаў журналістам, што на стале ў апошняга ляжыць праект указа аб увядзенні надзвычайнага становішча. Са словаў Яцанюка, у якасці пасярэдніка на перамовах выступаюць кіраўнікі цэркваў краіны. Акрамя кадравых саступак і адстаўкі Азарава, Януковіч пагадзіўся ўнесці змены ў пакет «законаў пра дыктатуры». Ён паабяцаў змяніць меру стрымання для затрыманых дэманстрантаў.

Што да зменаў у канстытуцыі, то яе прапануецца прыняць на рэферэндуме. Змены ў канстытуцыю прадугледжваюць вяртанне да парламенцка-прэзідэнцкае сістэмы кіравання. Праўда, ва ўмовах калі Януковіч кантралюе сілавыя структуры і парламент, дамоўленасці могуць быць у кожны момант сарваныя. Януковіч таксама прапанаваў Віталю Клічко правесці тэледэбаты.

«Наша Ніва»

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up