Новости / Культура

Ідэальны свет выспы Балі вачыма беларуса

26.01.2014, 15:44 / remove_red_eye 92 / chat_bubble

Арыгінальны жывапіс малавядомага ў Беларусі мастака Парыжскай школы родам з Магілёўшчыны – Роберта Геніна – можна паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.

Роберт Генін паходзіць з сям’і габрэя-гандляра з вёскі Высокае на Магілёўшчыне, у якой ён нарадзіўся ў 1884 годзе.

РЕКЛАМА

 

Генін вучыўся маляваць у вучэльнях у Вільні і Адэсе, а ўдасканальваў талент у Нямеччыне, Італіі, Францыі, каб мець магчымасць быць у асяродку еўрапейскіх мастакоў. У Заходняй Еўропе сёння яго імя часцяком стаіць у адным шэрагу з імёнамі Шагала, Суціна і іншых мастакоў Парыжскай школы, якія паходзяць з Беларусі. У Беларусі многія з гэтых імёнаў дагэтуль застаюцца вядомыя толькі вузкаму колу аматараў мастацтва.

 

На выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі сёння можна ўбачыць графічны цыкл Роберта Геніна “Кампазіцыі з фігурамі”, ідэя якога нарадзілася ў вандроўцы па Італіі ў 1912 годзе. На гэтых графічных “фрэсках” – гарманічнае жыццё простых людзей на ўлонні прыроды, іх клопаты, адпачынак і эмоцыі, паказаныя мастаком, як пішуць мастацтвазнаўцы, з класічнай манументальнасцю.

 

 

Гэтыя працы ў 2012 годзе былі перададзены беларускаму музею прыватным калекцыянерам з Расіі.

Першая Усясветная вайна разбурыла ўяўленні мастака пра ідэальнае існаванне заходніх людзей у гармоніі з сабою і светам. У міжваенны час, у 1926 годзе, Роберт Генін на некалькі месяцаў здзейсніў падарожжа ў Інданезію, на выспу Балі, каб на свае вочы ўбачыць здольнасць людзей жыць у гармоніі з наваколлем, быць не абцяжаранымі працэсамі глабалізацыі, войнамі і выкліканым імі адчуваннем сораму.

 

РЕКЛАМА

 

Аголеныя і прыгожыя, бессаромныя, але цнатлівыя балійцы Геніна ўспрымаюцца як апазіцыя да апранутага ў вайсковы мундзір заходняга чалавека XX стагоддзя.

 

У 1936 годзе Роберт Генін пакінуў Заходнюю Еўропу і, як пішуць крытыкі, “поўны энтузіязму” пераехаў жыць і працаваць у Маскву. Роўна праз пяць гадоў, у 1941 годзе, мастак здзейсніў самагубства.

Сам Генін казаў, што балійскія працы – гэта найлепшае, што ён стварыў у жыцці. Іх таксама сёння можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі. Выстава працуе да 3 лютага.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up