Жыхары Баранавіч купілі за свае грошы аэраздымкі горада часоў вайны
Патрэбную суму – 150 долараў – сабралі праз інтэрнэт за два з паловай дні.
Як расказаў “ІР” ініцыятар акцыі Рамуальд Жабік, у архіве «Фонд вялікіх гарадоў» у ЗША захоўваецца вялікая колькасць аэрафотаздымкаў гарадоў, зробленых з самалётаў нямецкімі лётчыкамі. Нядаўна ён даведаўся, што сярод гэтых здымкаў гарадоў ёсць і нашы Баранавічы. Копіі здымкаў у вельмі добрым стане архіў прадае ўсім жадаючым.
“За 150 долараў можна было купіць восем дэталёвых здымкаў раёнаў нашага горада, датаваных 3.6.1942, – кажа Рамуальд. – Гэтыя здымкі цікавыя тым, што ў 1942 годзе горад мінімальна пацярпеў ад авіяналётаў, большасць гістарычных будынкаў знаходзіцца ў першапачатковым выглядзе, што дае магчымасць убачыць, як выглядаў наш горад да маштабнага знішчэння ў 1944 годзе”.
Дарэчы, цана за восем здымкаў была са зніжкаю з нагоды навагодніх святаў, бо звычайна за копію аднаго фота бяруць 30 долараў.
Але і гэтая сума была для Рамуальда завялікай. “Я вырашыў звярнуцца да людзей, якія цікавяцца гісторыяй горада, праз суполку ў ЖЖ «Жывы часопiс горада Баранавiчы», – распавядае Рамуальд. Быў створаны адмысловы рахунак у “Яндэкс Грошы”. Я вельмi здзiўлены хуткай рэакцыяй людзей, якiя адгукнулiся на маю прапанову набыць здымкi разам”.
Патрэбную суму сабралі за два з паловай тыднi. Па словах Рамуальда Жабіка, адгукнулiся розныя людзі, нават не зацiкаўленыя ў самiх здымках, проста захопленыя iдэяй. “Жыхары Баранавіч падхапiлi iдэю i распаўсюджвалi iнфармацыю праз сацыяльныя сеткі, на старонках сваiх праектаў, – кажа хлопец. Дапамагалi блогеры, сайт “Барановичи.net”, журналiсты i простыя людзi. Нехта рабiў электронны ўнёсак, а нехта нават прывозіў грошы. Вялiкі ўсiм дзякуй”.
На сённяшні дзень лічбавыя копіі ўжо набыты і атрыманы. Разам восем здымкаў складаюць поўную выяву горада з ваенным аэрадромам у весцы Грабавец, паказваюць вёскi Узногi, Анiсiмавiчы, Свяцiлавiчы, Каўпенiцу.
– Цяпер мы складаем мазаiку з гэтых здымкаў, i хутка яна будзе даступна кожнаму цікаваму для прагляду на сайце праекта “1871.by”, – кажа Рамуальд Жабік. – Электронныя копіі будуць перададзены таксама музею горада Баранавічы.
Даведка
Праект “1871.by Баранавiчы — гiсторыя ў фотаздымках» iснуе ўжо амаль год. На ім знаходзяцца паштоўкi, здымкi i iншыя матэрыялы, якiя датычацца гiсторыi горада Баранавiчы. Адрозненне гэтага праекта ад падобных у тым, што ўсе матэрыялы размешчаны на вiртуальнай карце горада ў тым месцы, дзе прыкладна быў зроблены здымак. Такiм чынам, ёсць магчымасць не толькi ўбачыць сам здымак цi паштоўку, але i паглядзець на карце,што на тым месцы зараз.
Плануецца, што хутка будзе магчымасць, выкарыстоўваючы мабiльны тэлефон цi планшэт, рабiць прагулкi па горадзе i бачыць сваё месцазнаходжанне на карце горада розных часоў, у тым лiку і Другой сусветнай вайны, пракладаць маршрут па пазначаных на карце здымках. З’явiцца магчымасць дадаць здымак на карту кожнаму, хто мае цiкавы здымак у сваiм альбоме цi калекцыi. I шмат яшчэ чаго карыснага i цiкавага. Бо асноўнай мэтай праекта з’яўляецца папулярызацыя гiсторыi роднага краю сярод жыхароў i гасцей горада. У планах даданне больш цiкавых магчымасцей i матэрыялаў, каб гiсторыя была блiжэй да грамадзян.