Адна гадзіна на Майдане (фотарэпартаж)
Падзеі на кіеўскім Майдане 19 студзеня вачыма журналіста "ІР".
Знаходзячыся ў Кіеве па службовых справах, маючы трохі часу перад цягніком, 19 студзеня я не мог не заскочыць на Майдан Незалежнасці.
Адразу пасля выхаду з метро ўразіла вялікая колькасць намётаў, якія абвешаны разнастайнымі сцягамі, плакатамі і расцяжкамі. Каля іх віруе жыццё: пратэстуючыя і іх аднадумцы вараць ежу, сякуць дровы, спяваюць песні.
Сам Майдан Незалежнасці абнесены барыкадамі, каля якіх дзяжураць яго абаронцы – дужыя хлопцы ў камуфляжы.
17-я гадзіна, на знакамітай майданаўскай сцэне ставілі Калядкі, спявалі дзеці. Потым выступала нейкая ўкраінская спявачка.
Людзі каля сцэны танцавалі, спявалі, весяліліся. Шмат хто з прысутных меў на галаве каструлі, а таксама каскі, забароненыя апошнімі ўкраінскімі законамі. Некаторыя пратэстуючыя былі ў разнастайных смешных масках.
Пра тое, што ў гэты час побач на вул. Грушэўскага адбываліся жорсткія сутычкі дэманстрантаў з міліцыяй, на самым Майдане нічога не нагадвала. Не абвяшчалі аб крывапралітнай бойні і са сцэны. Толькі зрэдку чуліся здалёк стрэлы, але для прысутных на плошчы яны ўспрымаліся быццам салют.
Комментарии
Правила комментирования