Лукашэнка задаволены працай МУС за 2013 год. Але ў 2013 годзе ён быў незадаволены працай МУС
Каб перагледзець свае погляды, прэзідэнту спатрэбілася пяць месяцаў.
Падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў рэспублікі 14 студзеня Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што са сваімі справамі ведамства спраўляецца выдатна.
– Міліцыя працавала нядрэнна. Гэта не для пахвалы. Вы ведаеце, што я не вельмі люблю захвальваць людзей, але тым не менш трэба аддаць належнае.
Цікава, што літаральна пяць месяцаў таму, у жніўні 2013 года, падчас нарады, прысвечанай барацьбе з карупцыяй, прэзідэнт учыніў сапраўдны разнос сілавікам. Некалькі яго цытат:
«Не можа быць станоўча ацэнена ў разглядаемых сёння накірунках працы дзейнасць Міністэрства ўнутраных спраў».
«Аб якой эфектыўнасці можа ісці гаворка, калі, напрыклад, не прымаюцца неабходныя меры па вяртанні з-за мяжы валютных сродкаў, а гэта – не адзін дзясятак мільярдаў рублёў, выведзеных з гаспадарчага абароту краіны».
«У мяне гэты кірунак працы МУС выклікае вельмі сур’ёзнае падазрэнне. Я перакананы, што сістэма МУС, уся міліцыя, ад участковага да міністра, аб усіх правапарушэннях, карупцыйных праявах ведае ўсё. 120%! Але чаму гэта не рэалізавана? Гэтае пытанне выклікае ў мяне падазрэнні».
«Праца ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў часта носіць бессістэмны характар і абмяжоўваецца выяўленнем малазначных злачынстваў», – абураўся прэзідэнт.
Па дадзеных ААН (афіцыйных нацыянальных звестак няма), на сто тысяч беларусаў прыходзіцца 1442 міліцыянеры – агульна гэта каля ста трыццаці тысяч чалавек у пагонах. Пры такой колькасці хоць нехта ды павінен добра працаваць – 12 студзеня Александр Лукашэнка ўзнагародзіў старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі, міністра ўнутраных спраў і міністра абароны за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў ордэнамі Айчыны ІІІ ступені.
Комментарии
Правила комментирования