Автор: Руслан Равяка

10:27, 8 января 2014

Культура

remove_red_eye 1202

60 год таму ліквідавалі Баранавіцкую вобласць

8 студзеня 1954 Баранавіцкую вобласць падзялілі паміж  Брэсцкай, Гродзенскай, Маладзечанскай і Мінскай абласцямі.

Калі Баранавічы знаходзіліся ў складзе Польшчы, яны лічыліся павятовым горадам і ўваходзілі ў склад Наваградскага ваяводства. Ужо праз месяц пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Наваградскае ваяводства было ператворана ў Баранавіцкую вобласць згодна з Пастановай ЦК КП(б)Б «Пра вобласці і абласныя цэнтры Заходняй Беларусі» ад 19 лістапада 1939 года. Наш горад, які ўжо за Польшчай быў большы за Навагрудак і лічыўся да таго важным  чыгуначным вузлом, стаў  нарэшце цэнтрам новай вобласці.

На наступны дзень былі вызначаны межы новай тэрытарыяльнай адзінкі. У склад  Баранавіцкай вобласці ўвайшлі былыя паветы Польшчы: Баранавіцкі, Навагрудскі, Слонімскі, Шчучынскі, Лідскі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі, а таксама часткова Валожынскі і Гродзенскі паветы. Вобласць межавала з Літоўскай Рэспублікай, а таксама з Вілейскай, Мінскай, Пінскай, Брэсцкай і Беластоцкай абласцямі БССР.

15 студзеня 1940 года Пастановай Вярхоўнага Савета БССР «Аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях БССР» паветы скасаваны, а вобласць падзелена на раёны.

РЕКЛАМА

У склад Баранавіцкай вобласці на той час уваходзілі наступныя 26 раёнаў: Быценьскі, Валеўкаўскі, Васілішкаўскі, Валожынскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зельвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Клецкі, Казлоўшчынскі, Лідскі, Ляхавіцкі, Любчанскі, Мірскі, Мастоўскі, Нясвіжскі, Наваградскі, Навамышскі, Радуньскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі і Юрацішкаўскі. Напрыканцы 1940 года Валеўкаўскі раён быў пераназваны ў Карэліцкі.

Гарады Баранавічы і Ліда вылучаліся ў самастойныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі абласнога падпарадкавання. Таксама ў вобласць ўваходзілі 7 гарадоў раённага падпарадкавання (Валожын, Клецк, Ляхавічы, Навагрудак, Нясвіж, Слонім і Стоўбцы), 10 гарадскіх пасёлкаў і 367 сельсаветаў. Агулам Баранавіцкая вобласць займала 23,3 тысячы км кв., з насельніцтвам 1,185 млн чалавек (для параўнання, у Брэсцкай вобласці ў 2011 годзе пражывае 1,395 млн чалавек, вобласць займае 32,8 тысячы км кв.).

Летам 1944 года Сталін перадаў 17 раёнаў Беластоцкай вобласці камуністычнай Польшчы. З раёнаў, якія засталіся ў БССР, пачалі фармаваць Гродзенскую вобласць. Для яе павелічэння 20 верасня 1944 года з Баранавіцкай вобласці выключылі Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зельвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Радуньскі і Шчучанскі  раёны, а таксама горад Ліду.

 

Баранавіцкая вобласць у 1945 годзе

Баранавіцкая вобласць у 1945 годзе

У той самы дзень у склад новастворанай Маладзечанскай вобласці адышлі Валожынскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі раёны.

Баранавіцкая вобласць зменшылася да 13,7 тыс. км кв., і ў яе склад уваходзіла ўжо 15 раёнаў: Быценьскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Івянецкі, Клецкі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мірскі, Нясвіжскі, Навагрудскі, Навамышскі, Слонімскі і Стаўбцоўскі. У 1949 годзе ў вобласці пражывала толькі 654 тысячы чалавек. Лясы займалі 29,5% плошчы вобласці.

У пачатку 1954 года ў СССР пачало адбывацца ўзбуйненне тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак. У сувязі з гэтым 8 студзеня 1954 года Баранавіцкая вобласць была ліквідавана. Яе раёны былі падзелены паміж Брэсцкай, Гродзенскай, Маладзечанскай і Мінскай абласцямі.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up