Автор: Алесь Гізун

8:20, 4 января 2014

Общество

remove_red_eye 102

Мішэль, які стаў Міхаілам, альбо Урок патрыятызму

Бацькі Міхаіла Ціхінскага з вёскі Калдычэва яшчэ пры Польшчы выехалі на заробкі ў Францыю. Пасля вайны камуністычныя ідэолагі ўгаварылі іх вярнуцца на радзіму.

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

РЕКЛАМА

 

Міхаіл Ціхінскі, якому сёння 82 гады, жыве ў вёсцы Калдычэва Баранавіцкага раёна. Ён нарадзіўся і вырас у Францыі, дзе яго звалі Мішэлем. Туды яго бацькі выехалі напрыканцы 20-х гадоў разам з сотнямі іншых беларусаў, якія хацелі зарабіць грошай на кавалак сваёй зямлі тут, у Заходняй Беларусі. Пасля вайны савецкія ідэолагі здолелі ўгаварыць многіх беларусаў-эмігрантаў, у тым ліку і сям’ю Ціхінскіх, вярнуцца ў Беларусь, на той час ужо савецкую. Мішэлю падчас пераезду было 17 гадоў. Ён дасканала валодаў французскай і польскай мовамі і зусім не ведаў ні беларускай, ні рускай. Таму сярэдняя еўрапейская адукацыя і год вучобы ў французскім тэхнікуме на слесара-чарцёжніка сталі фактычна непрыдатнымі ў Беларусі. Пачынаць жыццё наноў было запозна. Так Мішэль Ціхінскі быў вымушаны пайсці шляхам шараговага савецкага калгасніка: яго пераназвалі Міхаілам, ён скончыў курсы шафёра ды так і прапрацаваў ім усё жыццё. – І ўвесь час не давалі мне камуністы падняцца. За 43 гады, якія я адпрацаваў шафёрам, мне ні разу новай машыны не далі, бо не хацеў уступаць у партыю, – кажа Міхаіл.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Вясельны фотаздымак бацькоў Міхаіла Ціхінскага, якія пабраліся шлюбам у Францыі. Бацька Міхаіла Ціхінскага, таксама Міхаіл Ціхінскі, вырашыўшы зарабіць грошай на зямлю, выправіўся ў мястэчка Фірміні ў Цэнтральнай Францыі капаць вугаль у мясцовых шахтах. Пражыўшы і адпрацаваўшы за мяжою год, ён прапанаваў каханай дзяўчыне з роднай вёскі Калдычэва Сцепанідзе Шырцы пераехаць да яго. Дзяўчына пагадзілася, і неўзабаве маладая пара зладзіла ў Францыі вяселле. Там у беларусаў нарадзілася трое дзяцей – Мішэль, яго малодшы брат Стэфан і сястра Ірэна. Брат Стэфан з сям’ёй сёння жыве ў старой бацькоўскай хаце. Ён быў яшчэ занадта малы, калі сям’я пераехала ў Беларусь, таму амаль не памятае французскага жыцця. Сястра Ірэна, якая тут стала Ірынай, жыве ў Баранавічах.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Вялікі Міхаіл Ціхінскі і малы Міхаіл Ціхінскі – бацька з сынам у Францыі. – У Францыі нам жылося добра, хаця дзеля гэтага бацьку трэба было добра працаваць. Маці глядзела малых дзяцей дома. Мы не галадалі нават падчас вайны: шахцёрам заўсёды давалі добры паёк і вялікую дапамогу на дзяцей, – распавядае Міхаіл.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

На фотаздымках французскага перыяду Міхаіл Ціхінскі выглядае сапраўдным франтам: як правіла, заўсёды ў піджаку, з расхрыстаным каўнерыкам кашулі і з модным ядвабным шалікам на шыі.

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

РЕКЛАМА

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Міхаіл Ціхінскі ў Францыі з гармонікам, на якім яго навучыў граць хросны бацька. Гэты італьянскі гармонік ён прывёз з сабою ў Калдычэва. Але тут бацька вымяняў “італьянку” на каня з інвентаром. А праз год гэтага каня забраў калгас. Сёння, апроч альбома са старымі фотаздымкамі, у Міхаіла Ціхінскага не засталося ніводнай асабістай рэчы з Францыі. Пасля вяртання на радзіму яго бацькам давялося ўсё памяняць на ежу і сродкі для існавання.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Памятная паштоўка з выглядам французскага партовага Марсэля – з калекцыі Міхаіла Ціхінскага. У 1947 годзе параход «Расія», захоплены ў гады вайны ў немцаў, павёз сям’ю Ціхінскіх разам з некалькімі сотнямі іншых беларускіх сем’яў з Марсэля ў савецкую Адэсу. Пасля вайны, прыгадвае Міхаіл, у Францыю пачалі прыязджаць цэлыя дэлегацыі савецкіх камуністаў. Беларускіх эмігрантаў агітавалі за вяртанне на радзіму, маўляў, колькі можна есці чужы хлеб. Расказвалі пра перамогу ў вайне, пра ўраджай пшаніцы, пра тое, як добра цяпер жыць у Саюзе… І сям’я Ціхінскіх захацела дадому. Але з Адэсы беларусы паехалі не дадому. Ім сказалі, што павязуць на радзіму, а прывезлі ў Данецк – аднаўляць і будаваць шахты. – Там страшныя ўмовы былі. Жылі мы ў нейкіх бараках, елі бульбу з лупінамі, бо голад быў. Усё, што прывезлі з сабою з Францыі, нават касцюмы і абутак, маці выменьвала ў расійскіх інжынераў на хлеб, бо не было чым карміць дзяцей. Калі мае бацькі зразумелі, куды вярнуліся – трошкі пакрахталі міжсобку, а пасля супакоіліся, – прыгадвае Міхаіл. Праз год сям’і Ціхінскіх усё ж дазволілі вярнуцца на малую радзіму, у Калдычэва, бо ў мясцовым калгасе пасля вайны востра не хапала працоўных рук. Пры гэтым калгасе Ціхінскія і прапрацавалі ўсё сваё жыццё: бацька – вартаўніком, сын – шафёрам. Па словах Міхаіла, амаль усе іх знаёмцы, якія засталіся ў данецкіх шахтах, там і памерлі.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Адзін са шматлікіх аркушыкаў з аўтабіяграфіяй Міхаіла Ціхінскага, якія яго прымушалі пісаць у савецкія часы. – Кагэбісты прымушалі мяне пісаць гэтыя паперкі штогод. Увесь час прыходзілі, пыталіся, як жыву, ці задаволены жыццём, чаго не хапае, хацелі, каб быў “стукачом”. Калі аднойчы ў Баранавічы пераехала жыць французская сям’я, мяне ўгаворвалі пазнаёміцца, пачаць хадзіць да яе ў госці, але я не пагадзіўся. Ведаў гэту палітыку і звязвацца з ёй не хацеў. Нават цяпер не хочацца тое ўзгадваць… – кажа Міхаіл Ціхінскі. Эмігранты, якія вярталіся на радзіму, знаходзіліся пад пільным наглядам савецкай службы бяспекі. Сям’і Ціхінскіх пасля вяртання з Францыі забаранілі ўсе кантакты са старым светам, нават перапіску, хаця савецкая пошта і без таго была пад пільным кантролем. – Калі ў Маскве запускалі мядзведзя (гаворка пра Алімпіяду ў 1980 годзе. – Аўт.), на нашых дарогах разбівалася шмат французаў. Тады па мяне часта прыязджалі супрацоўнікі ДАІ разам з кагэбістамі і бралі мяне як перакладчыка. Французы заўсёды давалі мне на памяць французскія кнігі або манеты. Дык нават іх мне не дазвалялі браць, папракалі, маўляў, нашто я гэта бяру, навошта гэта мне, – абураецца Міхаіл Ціхінскі.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Прадавец вясковай крамы ў Калдычэва Наталля Палуян частуе Міхаіла Ціхінскага каваю з цукеркамі. Яны сябруюць, хаця і маюць розніцу ў гадах у два разы. Ён называе яе на французскі манер – Наталі, вітаючыся з ёй па-французску: “Банжур!” Яна кліча яго проста – Міхалыч. У краму да Наталі Міхалыч наведваецца штодня, улетку і да позняй восені – абавязкова з кветкамі, якія вырошчвае ў сваім агародзе. Ён дапамагае разгружаць тавар, точыць нажы, рамантуе інструмент, а ўвечары праводзіць на аўтобус. Наталі распавядае яму біблейскія прыпавесці і частуе каваю: тут у Міхалыча і сваё адмысловае крэсла ў кутку крамы, ёсць і асабісты кубак у кветкі. Калі Міхаіл Ціхінскі не наведваецца ў краму да 12 гадзін, Наталля заўсёды тэлефануе яму дадому – ці не здарылася раптам чаго кепскага. – Я дальбог усё жыццё любіў дзяўчат. Такі ў мяне тэмперамент, як у французаў. Але вось што галоўнае – я заўсёды паважаў жанчын. А цяпер – якая там любоў, толькі адна павага і засталася, – кажа Міхаіл.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Міхаіл Ціхінскі сярод сваіх аднакласнікаў французскай школы-сямігодкі на выпускным фотаздымку (стаіць другі справа ад настаўніка, з белым шалікам на шыі. — Аўт.). У Францыі ён атрымаў сярэднюю адукацыю, а пасля вайны паспеў яшчэ год адвучыцца на слесара-чарцёжніка. – Калі б не пераехалі ў Беларусь, можа, і вывучыўся б у Францыі на інжынера: пасля вайны там было шмат працы, – дзеліцца думкамі Міхаіл Ціхінскі. У правым куце фотаздымка відаць кароткі чарнільны надпіс “Директор Арго” і скіраваная на яго стрэлка. Падобныя тлумачальныя рэмаркі, а таксама пераклады на рускую мову ўсіх подпісаў на адваротным баку здымкаў ёсць на ўсіх фотакартках сям’і Ціхінскіх французскага перыяду. – Гэта ўсё зрабілі кагэбісты. У іх архівах і цяпер ляжыць шмат маіх французскіх папераў і дакументаў, якія пацвярджаюць, што я – падданы Францыі, – кажа Міхаіл.

 

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Фота – Людміла Пракопава/ INTEX-PRESS

Міхаіл Ціхінскі на галоўнай вуліцы вёскі Калдычэва. – Некаторыя кажуць, што дурні мы, бо вярнуліся сюды, што жылі б цяпер у Францыі, як людзі. Я, канечне, трошкі сумаваў па Францыі, але ні аб чым не шкадаваў. Ведаю, што там жыў бы лепш, але і тут някепска, – кажа Міхаіл і часцей апускае вочы. 21 лютага 2014 года Міхаілу Ціхінскаму будзе 83 гады. Сёння ён жыве адзін. Яго жонка памерла пяць гадоў таму, адна дачка жыве ў суседняй Арабаўшчыне, другая – у далёкім Калінінградзе. – Я не хаваю: цяпер люблю выпіць. Некалі ў Францыі пілі толькі віно, чыста вінаграднае, 9-градуснае, якога ў бацькі заўсёды стаяла цэлая бочка. Божале – самае лепшае французскае віно. Тут яно вельмі дарагое, тут лепш за ўсё гарэлку піць, – смяецца Міхаіл Ціхінскі. Развітваючыся з рэпарцёрамі, ён яшчэ дадае: – Мне казалі, каб перад вашым прыездам я апрануў касцюм, каб сапраўдным французам выглядаць. А я кажу – не трэба мне, няхай людзі бачаць усё так, як ёсць. Хай ведаюць, як я жыў і як жыву цяпер. 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up