Новости / Спадчына

У Баранавіцкім раёне знішчаюць старадаўні парк з рэдкімі відамі фаўны

16.11.2013, 14:25 

Каб скараціць даезд сельскагаспадарчай тэхнікі да палёў птушкафабрыкі “Дружба”, кіраўніцтва гаспадаркі ў Вялікай Сваротве надумала зрабіць дарогу праз старадаўні парк пры былой сядзібе Незабытоўскіх.

Пра тое, што ў Вялікай Сваротве мясцовыя гаспадарнікі робяць дарогу праз стары парк і знішчаюць дрэвы, эколагам і журналістам паведамілі вяскоўцы.

Сапраўды, сёння цэнтральная частка парка пры колішняй сядзібе Незабытоўскіх ў Вялікай Сваротве, дзе знаходзіцца ўнікальная трохкутная царква, спярэшчана пратэктарнымі слядамі гіганцкіх колаў, паўсюды насыпаныя кучы жоўтага пяску, ляжаць выдраныя дрэвы.

Раз'езджаная трактарнымі коламі зямля, кучы будаўнічага пяску, паваленыя дрэвы ў цэнтральнай частцы парку пры колішняй сядзібе Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун

Раз’езджаная трактарнымі коламі зямля, кучы будаўнічага пяску, паваленыя дрэвы ў цэнтральнай частцы парку пры колішняй сядзібе Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве, 15 лістапада. Фота — Алесь Гізун

 

– Незваротна пашкоджана частка паркавай тэрасы: знішчана некалькі старых дрэваў, зрыта частка сцяны бэзу, моцныя механічныя пашкоджанні атрымаў быдынак былой кузні, да якой вядуць сляды трактара-пагрузчыка. Тое, што за амаль 200 гадоў не разбурылі ні войны, ні час – разбурыў нейкі механізатар, – пракаментаваў IP убачанае ў Вялікай Сваротве старшыня эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання “Неруш” Уладзімір Зуеў.

Да свежапабураных сценаў былой кузні вядуць сляды трактарных колаў. Будынак кузні стаіць на беразе рэчкі, пры самай дарозе, якую цяпер пашыраюць і падсыпаюць. Вялікая Сваротва, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун

Да свежапабураных сценаў былой кузні вядуць сляды трактарных колаў. Будынак кузні стаіць на беразе рэчкі, пры самай дарозе, якую цяпер пашыраюць і падсыпаюць. Вялікая Сваротва, 15 лістапада. Фота — Алесь Гізун

 

Па словах эколага, парк у Вялікай Сваротве адметны некалькімі індыкатарнымі відамі фаўны. Тут, напрыклад, фіксуецца ўстойлівая папуляцыя звычайнай квакшы – невялікая, але мілавідная жабка, якая жыве пераважна на дрэвах і кустоўі – занесена ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды як від, што патрабуе ўвагі. У парку адзначаецца шмат вінаградных смаўжоў, якіх у Беларусі здабываюць у прамысловых маштабах, аднак гэта здабыча строга лімітавана.

Будаўніцтва дарогі ў парку ў Вялікай Сваротве таксама можа парушыць спакой стронгі – аднаго з найкаштоўнейшых беларускіх чырвонакніжнікаў сямейства ласосевых, які жыве і нерастуе ў мясцовай рэчцы Сваротва, на пясчаных водмелях. Дарога, якую цяпер насыпаюць у Вялікай Сваротве, вядзе акурат да броду на месцы такой водмелі.

Дарога, якую гаспадарнікі пракладаюць праз парк у Вялікай Сваротве, 15 лістапада. - Асаблівай патрэбы ў гэтай дарозе няма, бо побач ёсць іншая палявая дарога. Да таго ж дарога праз парк робіцца непрафесійна і непрактычна, без зняцця арганічнай глебы. Пасл

Дарога, якую гаспадарнікі пракладаюць праз парк у Вялікай Сваротве, 15 лістапада. — Асаблівай патрэбы ў гэтай дарозе няма, бо побач ёсць іншая палявая дарога. Да таго ж дарога праз парк робіцца непрафесійна і непрактычна, без зняцця арганічнай глебы. Пасл

 

Кіраўнік філіяла “Пачапаўскі” ОАО “Птушкафабрыкі “Дружба” Ігар Грыб, чые палі атачаюць Вялікую Сваротву, распавёў у размове з Intex-press, што яго працоўныя падсыпаюць і пашыраюць дарогу праз парк на месцы ранейшай, але зарослай з часам вясковай дарогі, каб сельскагаспадарчая тэхніка мела дадатковае выйсце на палі па іншы бок Сваротвы.

– У мяне на тым беразе каля 500 га палёў. Я ж не магу ўсю тэхніку праз вёску пускаць! – агучыў сваю пазіцыю Ігар Грыб.

І ўсё ж дазволу на правядзенне дарожна-будаўнічых работ, па яго словах, гаспадарнікі не атрымлівалі.

– Які дазвол ад мяне патрабуецца, калі я праводжу сельскагаспадарчыя работы! – выказаў меркаванне Ігар Грыб.

Выгляд з тэрасы парка ў Вялікай Сваротве ў бок рэчкі, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун

Выгляд з тэрасы парка ў Вялікай Сваротве ў бок рэчкі, 15 лістапада. Фота — Алесь Гізун

 

Аднак, як паведаміў Intex-press начальнік Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Алег Загурскі, гаспадарнікі ўсё ж мусілі атрымаць дазвол на будаўніцтва дарогі і выкарчоўванне дрэваў, тым больш, што будаўніцтва адбываецца ў 25-метровай водаахоўнай зоне рэчкі Сваротвы.

У найбліжэйшы час супрацоўнікі інспекцыі паабяцалі выехаць на месца, каб разабрацца з сітуацыяй.

Рэшткі былой сядзібы Незабытоўскіх з паркам у Вялікай Сваротве, выгляд ад ракі Сваротвы, 15 лістапада. Фота -- Алесь Гізун

Рэшткі былой сядзібы Незабытоўскіх з паркам у Вялікай Сваротве, выгляд ад ракі Сваротвы, 15 лістапада. Фота — Алесь Гізун

 

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.