Русіноўскія могілкі – найвялікшы баранавіцкі некропаль
Як выглядаюць самыя вялікія баранавіцкія могілкі праз трыццаць гадоў ад моманту іх заснавання – напярэдадні восеньскіх Дзядоў даведалася Intex-press.
Напярэдадні Дзядоў у гарадскім аўтобусе №1, які едзе да самых Русіноўскіх могілак, вельмі тлумна: гараджане масава едуць прыбіраць магілы памерлых сваякоў да свята. Так працягваецца ўжо тыдзень – кажа начальнік участка па ўтрыманні могілак Пётр Церах.
Па яго словах, на Радуніцу сюды прыязджае яшчэ болей народу, чым на Дзяды. Усё таму, што Радуніца ў Беларусі застаецца выхадным днём, а восеньскія Дзяды такой пашаны пазбавілі.
Русіноўскія могілкі – наш найвялікшы некропаль, плошча якога на сёння складае 55 гектараў. Гэта больш за ўсе разам сабраныя старыя могілкі ў межах Баранавіч. Расце і пашыраецца горад – растуць і пашыраюцца яго могілкі.
Сёння на Русіноўскіх могілках, заснаваных роўна 30 гадоў таму, налічваецца больш за 40 тысяч магілаў – чвэртка ад колькасці жыхароў Баранавіч.
На Русіноўскіх могілках знаходзяць апошні спачын і хрысціяне – праваслаўныя ды каталікі, і іудэі…
Сярод тысячаў пахаванняў тут можна знайсці магілы нашых вядомых гараджанаў – легендарнага акушэра-гінеколага і патрыёта Усевалада Караля, ганаровага грамадзяніна Георгія Цапаева, трагічна загінулых лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча, паэта Яна Збажыны…
Магілы лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча на Русіноўскіх могілках. Фота — Алесь Гізун
Дзякуючы адмысловым кнігам рэгістрацыі смерцяў, якія захоўваюцца ў адміністрацыі могілак, сёння можна адшукаць амаль любую магілу, а таксама даведацца кантакты людзей, якія ладзілі пахаванне. Гэта працэдура бясплатная.
Як кажа Пётр Церах, звычайна атрымліваецца адшукаць магілу кожнага, каго шукаюць, нават праз шмат гадоў. Выключэнне – даўнія пахаванні, за якімі ніхто не даглядаў. Як правіла, памяць пра іх знікае разам з недаўгавечнымі драўлянымі крыжамі з такімі ж надпісамі. Сёння, па словах Пятра Цераха, калі нябожчыка няма каму пахаваць або яго сваякі проста не знойдзеныя, яго хаваюць за бюджэтныя сродкі. Цяпер на такіх магілах ставяць металічны крыж з металічнай шыльдаю, каб нават праз дзесяцігоддзі магілу лёгка маглі адшукаць сваякі або сябры.
Ад 2005 года гараджане могуць хаваць сваіх нябожчыкаў на адмысловых газонных дзялянках. Такая практыка даўно пашырана ў заходніх краінах, а цяпер ўсё больш карыстаецца попытам і ў нас. Сёння прыкладна кожнае трэцяе пахаванне на Русіноўскіх могілках – на газоне. Такія магілы не патрабуюць асаблівага дагляду, бо газон рэгулярна скошваецца супрацоўнікамі могілак. Як кажа Пётр Церах, хаця і каштуюць такія пахаванні крыху даражэй за звычайныя, але з часам акупляюцца.
Зрэшты, сёння за грошы можна заключыць дамову на разовую альбо сезонную прыборку любой магілы. Так зручна жывым, якія жывуць далёка ад магілаў сваіх нябожчыкаў альбо не ў стане самі даглядаць іх магілы…
Адно з істотных адрозненняў Русіноўскіх могілах ад старых – адсутнасць дрэваў. Тут багата розных кветак і дэкаратыўнага кустоўя, а вось дрэваў няма. На сучасных могілках садзіць дрэвы – забаронена. Так больш бяспечна і больш эканомна. Так зручна жывым. А як мёртвым? Яны нам нічога не скажуць…