Вядомы баранавіцкі паэт і журналіст Аляксей Белы выдаў шостую кнігу сваіх вершаў – «Прыватны сектар».
Шосты паэтычны зборнік Аляксея Белага – гэта падсумаванне найлепшых творчых здабыткаў аўтара за апошнія 11 гадоў. Менавіта столькі мінула пасля выхаду ў свет папярэдняга зборніка вершаў А. Белага “Боскі вецер правінцыі”, калі не лічыць мініятурнай кніжыцы паэзіі “Кветкі ў стагах”, выдадзенай колькі гадоў таму. За гэтыя гады паэт пакінуў шматпавярховік і стала перабраўся жыць у невялікі дамок у прыватным сектары Баранавіч, што знайшло адлюстраванне як у вершах, так і ў назве новай кнігі Аляксея Белага.
– Новую кнігу, як і жыццё ў прыватным сектары, трэба заслужыць. У чалавека, які жыве на сваёй зямлі, ва ўласным прыватным сектары, шмат абавязкаў, але і больш прывілеяў. Мая новая кніга – гэта, як заўжды, нешта асабістае, інтымнае, чым мне хочацца падзяліцца з маімі чытачамі, – патлумачыў з’яўленне сваёй новай кнігі Аляксей Белы.
Як і ў папярэдніх зборніках, у “Прыватным сектары” А. Белы расхінае перад чытачамі карціну вобразаў сваёй малой радзімы, дзеліцца ўласнымі перажываннямі і поглядамі на жыццё, каханне, сяброўства, стасункі паміж бацькамі і дзецьмі.
На старонках кнігі можна сустрэць і Белага-лірыка…
Будзе ліст пажаўцелы кружыць,
І шчымліва затоміцца сэрца,
І аднолькава хочацца жыць,
І – памерці.
А можна пазнаць і Белага-гарэзу…
Як добра тут збягаюцца дарогі,
Як мы далёка ад жыццёвай прозы.
Я б адпусціў і вас, і вашы ногі,
Але ж і я таксама нецвярозы!
У новым зборніку ёсць вершы і нават паэмы, прысвечаныя нашым славутым землякам: Адаму Міцкевічу, Тадэвушу Касцюшку, Уладзіславу Галубку, Паўлюку Багрыму, а таксама жывым і ўжо памерлым сябрам і ўсяму таму, што складае прыватны сектар Аляксея Белага.
Прафінансаваць выданне новай кнігі А. Белага дапамог Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс». Набыць кнігу можна ў кіёсках “Intex-press”.
***
Такое жыццё
Мы крыху пабадзяліся па свеце,
Хоць часта абміналі гарады,
Мы бачылі, як сонца ноччу свеціць
І як дэльфін выскоквае з вады.
Мы не належым да праўладных пулаў,
Але, паспешліва адбыўшы школу,
Пакаштавалі сіняе акулы
І мяса экзатычнае жывёлы.
Нас не палохалі крутыя хвалі,
Мы часцяком па спірт хадзілі ў краму.
Мы тыднямі ў моры штармавалі
(Бывала, і на беразе таксама.)
Мы марылі тады аб вечным леце,
Да гэтага нас Поўнач прывучыла.
Мы ўдосталь пабадзяліся па свеце,
І на працяг вандровак маем сілы.
***
Мары ля мора
Сцішэла лёсу плынная рака,
I так душа шчымліва забалела:
Чаму я не служыцель маяка
На выспе з адмысловай назвай Эланд?
Сівела б ад марское солі скронь,
I я, спазнаўшы мітуслівай славы,
Запальваў бы для караблёў агонь,
Хадзіў да арнітолагаў на каву.
Я жыў бы лёгка, без сардэчных мук,
Хоць і без асаблівай весялосці.
I коцікаў марскіх карміў бы з рук,
I запрашаў цябе на святы ў госці.
***
У роднай вёсцы на Вялікдзень
Побач з роднай вёскай, ля вады,
Там, дзе ў ясны дзень блукае рэха,
Праўнукі крычаць на ўсе клады:
“Дзед і баба, мы да вас прыехалі!”
Слёзы зноў праб’юцца з-пад павек,
І стрымаць іх ты не знойдзеш сілы.
Нас пятнаццаць, можа, чалавек
Стала каля продкавых магілаў.
…Велікоднага пачатак дня,
Матылёк над першай кветкай б’ецца.
Помнікі цалуе малышня
І смяецца.
***
Вып’еш проста з бутэлькі віно,
Да парога правёўшы знаёмых,
I завесіш нарэшце акно.
Сёння – дома!
Сёння будуць шчаслівымі сны,
Бы ў Вялікдзень над плошчаю звоны.
А пакуль з адчуваннем віны
Адстаўляеш фатэль ад сцяны,
Каб дайсці да іконы.
***
Хочацца язміну і вясны,
3 траваў лугавых глядзець на зоркі.
Галасы бацькоў яшчэ чутны,
Сніцца, быццам ходзяць панадворку.
Што нам за Радзіму даражэй?
Тут жывём і не мяняем звычак.
Галасы бацькоў ужо бліжэй,
Хоць нікуды нас яны не клічуць.