Автор: Алесь Гізун

1:00, 19 августа 2013

Спецпроекты

remove_red_eye 414

Сляды спадчыны. Сталовічы

Сто гадоў таму Сталовічы былі мястэчкам удвая большым за сённяшнюю вёску Сталовічы. А некалькі стагоддзяў тут нават знаходзіўся адзіны ў Беларусі асяродак рыцараў Мальтыйскага ордэна.

Учора

Тапонім Ствалавічы вядомы на нашай зямлі яшчэ ад XIV ст. Цягам гісторыі назва паселішча трансфармавалася ў вядомы нам сёння варыянт – Сталовічы. У XVI ст., калі тут уладарылі Радзівілы, Сталовічы займелі статус мястэчка.

Вялікая гісторыя Сталовіч звязана з імем Жыгімонта-Караля Радзівіла, які  заснаваў у Сталовічах адзіную ў тагачаснай Беларусі камандорыю Мальтыйскага каталіцкага рыцарскага ордэна. З дзейнасцю ордэна ён пазнаёміўся падчас навучання ў італьянскім горадзе Балонья, дзе і запісаўся ў яго шэрагі. Менавіта дзякуючы камандору Мальтыйскага ордэна Жыгімонту-Каралю, спачатку ў Сталовічах з’явіўся першы драўляны касцёл, а трохі пазней – каменная капліца, асвечаная ў гонар Божай Маці Ларэтанскай. Як пазначаюць даследчыкі, дзеля пабудовы гэтай капліцы ў Сталовічы адмыслова быў запрошаны архітэктар з Італіі. Ён стварыў у Сталовічах  копію капліцы ў італьянскім горадзе Ларэта. У першых сталовіцкіх храмах  рэгулярна ладзіліся царкоўныя службы за захаванне каталіцкага касцёла і ў гонар яго рыцараў-ахоўнікаў.
Напрыканцы 30-х – у пачатку 40-х гадоў XVIII ст. у Сталовічы былі запрошаны два вядомыя італьянскія архітэктары, па праектах якіх у стылі віленскага барока тут быў пабудаваны мураваны касцёл у гонар Яна Хрышчэнніка. Новы, вялікі храм мусіў увасабляць велічнасць і магутнасць Мальтыйскага ордэна нават тут, у далёкай Беларусі.

РЕКЛАМА

Былы касцёл Яна Хрышчэнніка ў мястэчку Сталовічы быў найбуйнейшым асяродкам рыцарскага Мальтыйскага ордэна. У 19 ст. расійскія ўлады перарабілі касцёл у праваслаўную царкву.  Фота -- Алесь Гізун  Фота -- Алесь Гізун

Былы касцёл Яна Хрышчэнніка ў мястэчку Сталовічы быў найбуйнейшым асяродкам рыцарскага Мальтыйскага ордэна. У 19 ст. расійскія ўлады перарабілі касцёл у праваслаўную царкву. Фота — Алесь Гізун Фота — Алесь Гізун

Гісторыя Мальтыйскага ордэна ў Беларусі з цэнтрам у Сталовічах доўжылася больш за 200 гадоў, пакуль наша зямля не апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1868 годзе касцёл Яна Хрышчэнніка перарабілі ў праваслаўную царкву. Падчас гэтай “перабудовы”, як пішуць даследчыкі, фасад будынка быў пазбаўлены ажурных вежаў і фігурных франтонаў, у храме былі знішчаны арган і амбон… Пазней у Расію былі вывезены і ўнутраныя каштоўнасці касцёла, у тым ліку і цудадзейная скульптура Маці Божай Ларэтанскай, прывезеная калісьці з Італіі.

Пазбаўленыя сваёй святыні, сталовіцкія каталікі амаль адразу ж пачалі змагацца з расійскай уладаю за тое, каб ім пабудавалі новы касцёл. Аднак вернікам давялося хадзіць маліцца па суседніх касцёлах некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль расійскія чыноўнікі нарэшце далі дазвол і ў Сталовічах паўстаў новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса.

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Сталовічах.  Фота -- Алесь Гізун

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Сталовічах. Фота — Алесь Гізун

Браткі каля касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Сталовічах.  Фота -- Алесь Гізун

Браткі каля касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Сталовічах. Фота — Алесь Гізун

Дарэчы, Сталовічы ўвайшлі ў гісторыю беларуска-расійскага супрацьстаяння дзякуючы сумнавядомай бітве ў верасні 1771 года. Парушыўшы рыцарскі канон, расійскае войска Суворава напала ўночы і разбіла войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам вялікага гетмана ВКЛ Міхала-Казіміра Агінскага. Прыкладна праз два дзясяткі гадоў пасля гэтай падзеі Сталовічы ўвайшлі ў склад Расіі. Сёння ў мястэчку, пры былым касцёле, у памяць пра тыя падзеі ўсталяваны мемарыяльны камень.

Мемарыяльны камень у цэнтры Сталовіч у памяць пра бітву беларуска-польскага войска з расійскім войскам.  Фота -- Алесь Гізун

Мемарыяльны камень у цэнтры Сталовіч у памяць пра бітву беларуска-польскага войска з расійскім войскам. Фота — Алесь Гізун

Сёння

З гістарычнай спадчыны Сталовіч сёння засталося няшмат. У 2011 годзе свае першыя 100 гадоў адзначыў касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Гэты маляўнічы храм з чырвонай цэглы стаіць крыху зводдаль ад наваградскай шашы, усутыч да якой падступае велічны будынак былога радзівілаўскага касцёла Яна Хрышчэнніка. Здаецца, ён вось-вось ступіць на дарогу… Сёння гэта праваслаўная царква. Калі ў XVIII ст. будаваўся гэты храм, у яго склад была ўключана тая самая Ларэтанская капліца, пабудаваная яшчэ Радзівілам. Як піша даследчыца старадаўняй духоўнай архітэктуры Тамара Габрусь, побач з алтаром, над уваходам у былую капліцу да нашых дзён захавалася ляпніна з выяваю адцятае галавы Яна Хрышчэнніка. Але на жаль, сёння праблематычна ўбачыць гэту старажытную ўнутраную аздобу былога касцёла. Цяперашні праваслаўны святар храма адмовіўся паказаць гэту агульнанацыянальную спадчыну нават карэспандэнту «IP».

РЕКЛАМА

З гістарычнай інфраструктуры Сталовіч мяжы XIX і XX стст., калі тут працавала народная вучэльня, больш за дзясятак крамаў і карчма, функцыянавалі тры млыны, сёння таксама засталося няшмат. Захаваліся два млыны: адзін, меншы, каля рэчкі, ужо даўно не выкарыстоўваецца; другі, большы, на былой вуліцы Слонімскай, а цяпер — Палянічыцкай, часткова меле муку нават сёння. На жаль, сёння выкарыстоўваецца толькі меншая частка гэтага будынка, якую не так даўно падрамантавалі і накрылі новым шыферам. Другая частка млына імкліва занепадае.

Млын у Сталовічах. Фота -- Алесь Гізун

Млын у Сталовічах. Фота — Алесь Гізун

Літаральна падчас падрыхтоўкі гэтага артыкула ад мясцовых жыхароў стала вядома, што адсюль пачалі вывозіць старыя металічныя механізмы. Можна меркаваць, што неўзабаве гэты гістарычны помнік прамысловай архітэктуры таксама чакае сумны лёс.

Нутраное начынне млына ў Сталовічах.  Фота -- Алесь Гізун

Нутраное начынне млына ў Сталовічах. Фота — Алесь Гізун

Фірмовая пазнака ад фірмы-вытворцы на механізмах сталовіцкага млына.  Фота -- Алесь Гізун

Фірмовая пазнака ад фірмы-вытворцы на механізмах сталовіцкага млына. Фота — Алесь Гізун

 
На мяжы XIX і XX стст. Сталовічы выглядалі стандартным для тых часоў беларуска-габрэйскім мястэчкам, дзе жылі каля тысячы жыхароў. Двойчы на год у Сталовічах ладзіліся вялікія кірмашы, куды, можна меркаваць, прыязджалі ў закупы і жыхары маладога і несамавітага на той час мястэчка Баранавічы. Сёння, калі Баранавічы ўзбуйнелі да памераў раённага горада, у Сталовічах засталося каля 600 жыхароў.

Як даехаць?

З Баранавіч да мястэчка Сталовічы можна даехаць кожную гадзіну любым аўтобусам, які едзе ў кірунку Гарадзішча або Наваградка. Можна таксама адолець 6-кіламетровы шлях з горада да Сталовіч пешкі ці на ровары.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up