Новости / Общество

Аддзел ідэалогіі стаў суадказчыкам па справе аб падмане чытачоў

19.08.2013, 1:00  / remove_red_eye 214   / chat_bubble0

Судовая справа разглядалася па-беларуску, а супрацоўнік аддзела ідэалогіі выступаў у якасці суадказчыка.

9 жніўня адбылося другое паседжанне суда па хадайніцтве Віктара Сырыцы аб падмане чытачоў газетай “Наш край”.

Падманутымі палічылі сябе аматары гісторыі, якія 2 чэрвеня прыехалі на афіцыйнае святкаванне 150-годдзя Мілавідскай бітвы па аб’яве ў газеце, але арганізатараў свята на прызначаным месцы не засталі. Затое на аднаго з гасцей свята, Віктара Сырыцу, склалі пратакол за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Актывіст звярнуўся да суда, абвінаваціўшы газету ў падмане чытачоў.
Суддзя Вольга Апановіч выканала просьбу Сырыцы аб тым, каб суд вёўся на беларускай мове, і ўсё судовае паседжанне сапраўды праходзіла па-беларуску.

Прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які і падаваў аб’яву ў газету, паведамілі на судзе, што правялі святкаванне ў 10 гадзін, на дзве з паловай гадзіны раней прызначанага, з-за… неспрыяльнага прагнозу надвор’я.

Яны паведамілі, што сапраўды не папярэдзілі  чытачоў газеты “Наш край” пра адмену святкавання ў прызначаны час. Арганізатар мерапрыемства дырэктар метадычна-арганізацыйнага цэнтра расказала, што сама атрымала інфармацыю пра перанос свята надта позна, таму праінфармаваць чытачоў не было магчымасці.

– Вечарам нам патэлефанавалі з аддзела культуры і паведамілі аб пераносе, а мы – людзі паднявольныя, – растлумачыла яна.
Суддзя прапанавала Сырыцу заключыць з адказчыкамі міравую, але той не пагадзіўся.

Ён патрабуе ад газеты “Наш край” і аддзела ідэалогіі і культуры райвыканкама аплаціць арэнду аўтобуса, на якім аматары гісторыі прыехалі на мерапрыемства, анансаванае газетай, выплаціць дзяржаўную пошліну і штраф, які Сырыцы прысудзілі па абвінавачванні ў арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Актывіст таксама хоча, каб газета размясціла на сваіх старонках аб’яву аб тым, што ёй быў дапушчаны падман чытачоў.
Заключнае слуханне па справе адбудзецца 26 жніўня.

Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии