Знайшоўся рукапіс невядомага аўтара з-пад Баранавічаў
Сшытак з вершамі XIX ст., напісанымі ў ваколіцах Баранавіч, выстаўлены на продаж на польскім аўкцыёне allegro.pl.
Рукапіс мае 138 старонак, з якіх 122 старонкі спісаныя. Усе старонкі пазначаны пячаткаю ўверсе ў правым баку.
Невядомы аўтар запісваў вершы ў сшытак пад назваю «Сякія такія творы». Першы запіс зроблены ім 29 жніўня 1860 года (яшчэ да пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага), а апошні – 14 сакавіка 1884 года. Вершы пісаліся ў мястэчках Новая Мыш і Гарадзішча.
Як сцвярджае прадавец, усе вершы напісаныя польскай мовай, акрамя трох апошніх, якія ён пазначае як расейскія. Кошт сшытка складае 790 злотых (прыкладна 250 долараў ЗША).
Нагадаем, што ў ваколіцах Баранавіч на некалькі дзесяцігоддзяў раней жылі і пісалі свае творы філаматы. Тут знаходзіцца радзіма Адама Міцкевіча і Яна Чачота, а ў Крошыне жыў Паўлюк Багрым (1818–1891), аўтар хрэстаматыйнага верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы».
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий