Автор: Алесь ГIЗУН

15:43, 12 июля 2013

Культура

remove_red_eye 4

Ад Хельскае касы да Фрызскіх выспаў

Людзі, гарады, дарогі і шмат-шмат мора – у гістарычных, геаграфічных і антрапалагічных нататках карэспандэнта «IP», які сустрэў гэта лета ў падарожжы ад берагоў Балтыкі да Паўночнага мора.

Мора-мора…

Мора – тое, чаго катастрафічна не стае беларусам. Туга па марскіх даляглядах закладзена ў нашых генах, відаць, яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Мы павінны  памятаць таксама, што яшчэ адносна нядаўна, у XV ст., межы Вялікага Княства Літоўскага, дзе жылі нашы пра-пра-прадзеды, сягалі ад берагоў Балтыйскага да Чорнага мора. Таму беларусу, які хаця б аднойчы бываў на моры, цяжка не бачыць і не чуць марскія хвалі больш за год. Ну чым яшчэ можна патлумачыць гэту нашу прагу мора, як не глыбіннай тугою па чымсьці блізкім, любым і даўно-даўно страчаным…

З намётам па Еўропе

РЕКЛАМА

Гэтым разам мора хацелася шмат. Паколькі мне больш даспадобы Поўнач, было вырашана павандраваць узбярэжжам Балтыйскага і Паўночнага мораў. Мэтавым пунктам майго падарожжа былі абраныя Заходне-Фрызскія выспы Паўночнага мора, якія належаць Галандыі. Дарога абяцала багата цікавага і, галоўнае, шмат-шмат мора.

Каб доўгая дарога не атрымалася занадта дарагой, было вырашана эканоміць на пражыванні і ладную частку начовак «прапісваць» у намёце. Кампактны аднамясцовы намёт, спальнік, дыванок, яшчэ тая-сяя дробязь – і заплечнік сабраны. Можна выбірацца ў шлях…

У бурштынавы край

Марская сталіца Польшчы – Гданьск – сам па сабе добрая нагода пачаць вандроўку ўзбярэжжам Балтыйскага мора менавіта адсюль. Даехаць да Гданьска з Варшавы ці з Вільні можна на начным аўтобусе або цягніку, зэканоміўшы на начоўцы.

Гданьск.  Фота -- Алесь Гізун

Гданьск. Фота — Алесь Гізун

Гданьск – адзін з самых старых і самых вялікіх партовых гарадоў на Балтыцы. Адсюль і сёння, як у старажытнасці, можна паплысці ў Скандынавію, Фінляндыю, Літву, Латвію альбо ў Расію. Што цікава, дык гэта адсутнасць марской сувязі з суседняй Нямеччынай. Можа, выпадкова, а можа, немцы дагэтуль маюць патаёмнае шкадаванне, што Гданьск, які каля трох стагоддзяў належаў ім, у выніку застаўся палякам. Дарэчы, немцы і сёння называюць гэты горад па-свойму – Данцыг.

На вулках Гданьска... Фота -- Алесь Гізун

На вулках Гданьска… Фота — Алесь Гізун

Гданьск вядомы самым вялікім цагляным храмам у Заходняй Еўропе – касцёлам Святой Панны Марыі. Яго амаль 700-гадовы гмах плыве над старым цэнтрам горада нібы гіганцкі гатычны карабель з эпохі Сярэднявечча.

Забавы дзяцей на вуліцах Гданьска.  Фота -- Алесь Гізун

Забавы дзяцей на вуліцах Гданьска. Фота — Алесь Гізун

Гданьск разам з ваколіцамі вядомы таксама як бурштынавы край, бо геаграфічна так склалася, што менавіта ў Гданьскай затоцы балтыйскія хвалі здаўна і паслядоўна вымываюць на бераг бурштын. Яго найлепшыя ўзоры сёння сабраны ў Гданьскім музеі бурштыну. Астатні бурштынавы россып можна знайсці ў дзясятках, калі не сотнях, ювелірных крамак па ўсім горадзе. Вядома, можна паспрабаваць самастойна пашукаць бурштын на беразе. Але мясцовыя кажуць, што апошнім часам падобныя знаходкі могуць пацешыць даволі рэдка.

Заўжды свежая марская рыба -- эксклюзіў кавярняў ва ўсіх прыморскіх гарадах.  Фота -- Алесь Гізун--

РЕКЛАМА

Заўжды свежая марская рыба — эксклюзіў кавярняў ва ўсіх прыморскіх гарадах. Фота — Алесь Гізун—

На Хельскай касе

Я лічу, што проста немагчыма атрымаць поўныя ўражанні ад мора, калі не пабыць з ім сам-насам. Хаця ў сённяшняй густанаселенай Еўропе знайсці «дзікія»  берагі, якія не нагадвалі б неабсяжныя лёжкі пляжных турыстаў, выглядае праблемаю, тым не менш  адносны зацішак яшчэ можна адшукаць на не захопленых ці не цалкам захопленых турыстычнай індустрыяй аддаленых выспах і паўвыспах.

Адно з такіх месцаў у Польшчы – Хельская каса. Гэта вузкая, парослая хваёвым лесам паласа пясчаных выдмаў у Балтыйскім моры даўжынёй 35 км. На геаграфічнай мапе яна нагадвае зялёную хваёвую голку. На самым яе вастрыі – досыць нешматлюднае, хаця і з амбіцыямі маладога курорта, невялічкае мястэчка Хель са сваім не зусім звычайным пляжам: мора тут – па абодва бакі.

З Гданьска ў Хель можна трапіць на так званым марскім трамвайчыку, які пры ўмове добрага надвор’я робіць рэйс тройчы на дзень. Марскі шлях займае дзве гадзіны і каштуе каля 10 еўра. Дарога цягніком ці аўтобусам у аб’езд па мацерыку абыдзецца ўпяцёра танней, але будзе ўтрая даўжэйшая. Водны транспарт па ўсёй Еўропе каштуе прыкметна даражэй за наземны, але і эмоцыі атрымліваюцца багацейшыя.

Паміж эмоцыямі і этыкай

На Хельскай касе я меў першую ў маім жыцці начоўку на марскіх выдмах, што, як высветлілася пазней, было не зусім сумленна.

Рэч у тым, што па ўсёй Еўропе марскія выдмы строга ахоўваюцца, як найкаштоўнейшыя прыродныя бар’еры паміж морам і сушай. Яны ахоўваюць гарады і вёскі падчас штормаў і ўраганаў, не дазваляючы марскім хвалям знішчаць чалавечую інфраструктуру. Выдмы – надзвычай далікатныя ўтварэнні, расліннасць прыжываецца на іх кепска, а таму іх лёгка размывае вада і выдзімае вецер (дарэчы, адсюль і беларуская назва). На асабліва далікатных дзялянках людзі рукамі саджаюць расліны на выдме з надзеяй, што тыя прыжывуцца і пачнуць умацоўваць каранямі пясок. Вось чаму на выдмах забаронена хадзіць і ляжаць пад сонцам, не кажучы ўжо пра намёты, вогнішчы і знішчэнне раслін. Пазней інфармацыйныя стэнды з падобнымі тлумачэннямі сустракаліся мне цягам усяго майго падарожжа.

У Хелю ж шыльды забаранялі таптаць выдмы толькі ў межах пляжа. Таму, адышоўшы некалькі кіламетраў ад мястэчка, я без праблем знайшоў «дзікае» месца для начоўкі, як кажуць, з выглядам на мора.

Менавіта вось у такіх падарожжах з начоўкамі на бязлюдных, прадзіманых вятрамі выдмах, у сетцы звярыных слядоў, я адчуваў нейкі пракаветны сэнс. Яго я і прагнуў атрымаць. Няхай не надта камфортна, але экзатычна. Відаць, нешта падобнае адчуваў легендарны Рабінзон Круза, калі апынуўся па-за межамі цывілізацыі. Прынамсі, да тога моманту, пакуль мора, адзінота і небяспека не зрабіліся для яго банальнай штодзённасцю.

На Хельскай касе...  Аўтафота -- Алесь Гізун

На Хельскай касе… Аўтафота — Алесь Гізун

А дзе тое Свінавуйсце?

Нягледзячы на ўсю немілагучнасць для славянскага вуха назвы памежнага з Нямеччынай польскага горада Свінавуйсце, у ёй няма нічога непрыстойнага. Проста горад заснаваны каля вусця ракі Свіны, што ўцякае тут у мора. Адсюль і назва.

Свіна падзяляе горад на дзве часткі, паміж якімі наладжана паромная сувязь. Дарэчы, плаванне на пароме туды-сюды абсалютна бясплатнае, паколькі гэта не забава, а геаграфічная змушанасць жыхароў горада.

У адрозненне ад малалюднага Хеля Свінавуйсце выглядае вельмі тлумным і пафасным курортам. Жыццё людзей тут, здаецца, прасякнута адзіным клопатам – пра ўласны адпачынак. Адкрытасць межаў, развітая інфраструктура і не такія «куслівыя» параўнальна з нямецкімі польскія кошты прывабліваюць сюды таксама багата немцаў. Балазе паміж Свінавуйсцем і Нямеччынай літаральна некалькі крокаў.

Шалёнае мястэчка Свінавуйсце...  Фота -- Алесь Гізун

Шалёнае мястэчка Свінавуйсце… Фота — Алесь Гізун

Нядаўна ў межах праекта Еўразвяза паміж Свінавуйсцем і суседнім нямецкім мястэчкам Хэрынгсдорф быў створаны гэтак званы трансгранічны праменад – шырокая вуліца для прагулянак ўздоўж берага мора. Былая мяжа паміж Польшчай і Нямеччынай сёння сімвалічная. Праз яе туды і назад штохвіліны сноўдаюць пешаходы і роварысты. Аўтару гэтых радкоў таксама выпала колькі разоў за вечар пабываць па абодва бакі мяжы, шукаючы аптымальнае месца для начоўкі.

Мяжа паміж Польшчай і Нямеччынай сёння абсалютна ўмоўная.  Фота -- Алесь Гізун

Мяжа паміж Польшчай і Нямеччынай сёння абсалютна ўмоўная. Фота — Алесь Гізун

Шкадуючы прыморскія выдмы, якія аднолькава ахоўваюцца як на польскім, так і на нямецкім баку, я вырашыў заначаваць у кемпінгу, які лёгка адшукаўся па ўказальных шыльдах у  парку Свінавуйсця.

Бераг Балтыкі на мяжы Польшчы і Нямеччыны.  Фота -- Алесь Гізун

Бераг Балтыкі на мяжы Польшчы і Нямеччыны. Фота — Алесь Гізун

Па слядах адной казкі

Ад польска-нямецкага ўзбярэжжа Балтыкі я паглыбіўся ў мацярык, бо па дарозе да Паўночнага мора хацеў наведаць два нямецкія гарады – Брэмен і Цэлле. Брэмен яшчэ з дзяцінства асацыяваўся ў мяне з самым праўдзіва нямецкім горадам, у чым абсалютная заслуга братоў Грым і іх хрэстаматыйнай казкі «Брэменскія музыкі». Пабачыць Цэлле мне хацелася таму, што гэты горад лічыцца адным з лепшых узораў тыповай сярэднявечнай архітэктуры Нямеччыны «фахвэрк».

Мястэчка Цэлле ў Нямеччыне.  Фота -- Алесь Гізун

Мястэчка Цэлле ў Нямеччыне. Фота — Алесь Гізун

Трапіўшы на кірмаш на Рынкавым пляцы ў цэнтры старога Брэмена, можна адразу акунуцца ў атмасферу старой Еўропы. Гандляры кветак, садавіны і гародніны, нямецкіх кілбасаў… Тут жа можна пакаштаваць свежае брэменскае піва і мясцовы чорны хлеб або нечакана трапіць на бясплатную дэгустацыю галандскіх і бельгійскіх сыроў.

(function(){var XHR = ( "onload" in new XMLHttpRequest() ) ? XMLHttpRequest : XDomainRequest;var xhr = new XHR();var url = "https://www.intex-press.by/wp-content/plugins/ajax-hits-counter/increment-hits/index.php?post_id=14419&t=" + ( parseInt( new Date().getTime() ) ) + "&r=" + ( parseInt( Math.random() * 100000 ) );xhr.open("GET", url, true);xhr.setRequestHeader( "Cache-Control", "no-cache" );xhr.setRequestHeader( "Content-Type", "application/json" );xhr.timeout = 60000;xhr.send();xhr.onreadystatechange = function(){if( this.readyState != 4 ){return;}if( this.status && this.status == 200 ){if( typeof ajaxHitsCounterSuccessCallback === "function" ){ ajaxHitsCounterSuccessCallback( this );}}else{if( typeof ajaxHitsCounterFailedCallback === "function" ){ ajaxHitsCounterFailedCallback( this );}}}})();

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up