Новости / Культура

Адзначылі 150-годдзе Мілавідскай бітвы

10.06.2013, 1:00 / remove_red_eye 128 / chat_bubble

У нядзелю, 2 чэрвеня, больш за сто чалавек з Баранавіч, Мінска, Гродна, Брэста, Слоніма і іншых гарадоў Беларусі сабраліся каля помніка  касінерам, загінуўшым пад Мілавідамі ў бітве з царскімі войскамі  150 год назад. Прысутныя ўсклалі да помніка кветкі і прачыталі малітву.

Сярод  тых, хто прыехаў на месца бітвы, былі такія вядомыя ў Беларусі асобы, як старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, першы намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, вядомыя мастакі і грамадскія дзеячы Аляксей Марачкін і Мікола Купава. Пасля ўскладання кветак прысутныя рушылі ў вёску Русіно, дзе на сядзібе Таварыства беларускай мовы прайшлі асноўныя запланаваныя мерапрыемствы.

Падчас навукова-практычнай канферэнцыі перад удзельнікамі свята выступілі старшыня Баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Сырыца, кандыдат гістарычных навук Язэп Янушкевіч, краязнаўца Міхась Бернат, Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, Анжэла Камбалава.

Дакладчыкі гаварылі аб гістарычнай важнасці паўстання Кастуся Каліноўскага ў цэлым і Мілавідскай бітвы ў прыватнасці, аб гераізме тых, хто змагаўся за   волю, аб гістарычнай памяці… Прысутным было прапанавана паўдзельнічаць у віктарыне, прысвечанай памятнай даце. Пераможцамі яе сталі Аляксандр Паўлоўскі, Ларыса Гоўша, Зміцер Рымша.

РЕКЛАМА

Падчас перапынку госці і ўдзельнікі імпрэзы пакаштавалі касінерскай кашы, папілі гарбаты. А пасля гэтага паслухалі цудоўныя песні ў выкананні беларускіх бардаў Зміцера Бартосіка і Віктара Шалкевіча, музыку  ў выкананні саксафаніста, нашага земляка Валерыя Шылы, глядзелі бойку ўдзельнікаў рыцарскага клуба «Шляхецкая застава».

Трэба сказаць, што ўсе гэтыя мерапрыемствы планавалася правесці непасрэдна на месцы Мілавідскай бітвы, і дзеля гэтага грамадскія актывісты двойчы звярталіся ў Баранавіцкі райвыканкам за дазволам і заклікалі далучыцца да яго аддзелы  культуры і адукацыі выканкама. Але адтуль, па словах Віктара Сырыцы, прыйшоў адказ, што выканкам забараняе правядзенне фэсту па той прычыне, што ўстанова менавіта ў гэты дзень і на гэтым месцы будзе ладзіць свае мерапрыемствы з нагоды 150-годдзя Мілавідскай  бітвы.

Праўда, калі жадаючыя пакланіцца праху касінераў у 12.30 прыехалі на месца, то ніякіх святкаванняў не ўбачылі акрамя таго, што ў Мілавідах дзяжурылі патрулі ДАІ. І яшчэ было заўважана, што як да помніка касінерам, так і да крыжа, усталяванага ў памяць тых, хто пад кіраўніцтвам расейскага генерала Мураўёва падаўляў паўстанне, былі ўскладзеныя кветкі…

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up