Новости / Культура

Знакі на вокнах

13.05.2013, 7:59 / remove_red_eye 336 / chat_bubble

Разныя драўляныя ліштвы на вокнах старых беларускіх хат захоўваюць знакі і сімвалы далёкіх часоў. Хто здолее прачытаць іх сёння?

Калі дрэвы былі вялікія…

Дрэва – звонкае, жывое, а таму недасканалае. Пластык – глухі, мёртвы і дасканалы. Сучаснае пластыкавае акно, надзейна ўмацаванае мантажнай пенай, гарантуе нам герметычнае і камфортнае пражыванне ў шматпавярховіках. Яно не прапускае ні ваду, ні гукі наваколля, а таму чалавецтва выбрала яго. Праўда, у пагоні за найлепшай ізаляцыяй – ад шуму, вільгаці, суседзяў – нашы вокны пазбавіліся нават мінімальнай эстэтыкі, зрабіўшыся аднолькавымі.

У мінулым, калі дрэвы былі вялікія, а вокны ў хатах рабіліся драўляныя, функцыю ізаляцыі чалавечага жылля ад агрэсіўнага наваколля выконвала ліштва. Гэта накладная дошка, якая набівалася па перыметры ўсяго акна і была прызначана хаваць пазы і шчыліны паміж аконнай каробкай і зрубам хаты.

РЕКЛАМА

Хата з ліштвамі па вуліцы Брэсцкай.  Фота -- Алесь Гізун

Хата з ліштвамі па вуліцы Брэсцкай. Фота — Алесь Гізун

Але нашымі продкамі кіраваў не толькі выключны практыцызм, але і пачуццё прыўкраснага, таму кожны гаспадар імкнуўся вырабіць для сваёй хаты фігурныя ліштвы, якія адрознівалі б яго хату ад суседавай, надавалі ёй уласнае, непаўторнае аблічча. Так звычайныя ліштвы на вокнах пераўтварыліся ў сапраўдныя шэдэўры мастацкага аздаблення драўлянай архітэктуры.

Хатка з ліштвамі на вуліцы Пралетарскай у Баранавічах.  Фота -- Алесь Гізун

Хатка з ліштвамі на вуліцы Пралетарскай у Баранавічах. Фота — Алесь Гізун

Аконная ліштва на вуліцы Пралетарскай у Баранавічах.  Фота -- Алесь Гізун

Аконная ліштва на вуліцы Пралетарскай у Баранавічах. Фота — Алесь Гізун

Акно ў іншы свет

Для нашых продкаў хатняе акно было не проста акном на двор, а перадусім – выйсцем у іншы, вонкавы свет. На думку вядомага даследчыка традыцыйнай беларускай культуры Янкі Крука, акно – гэта канал нашай сувязі з іншым светам. Гэты свет заўсёды хаваў патэнцыйную небяспеку, ад якой трэба было бараніцца. З далёкіх, дахрысціянскіх часоў гэта рабілі пры дапамозе шматлікіх заклёнаў і абярэгаў. Аконныя ліштвы былі сапраўднымі матэрыялізаванымі галерэямі падобных абярэгаў і заклёнаў.

Акно з ліштваю у вёсцы Калдычэва Баранавіцкага раёна.  Фота -- Алесь Гізун

Акно з ліштваю у вёсцы Калдычэва Баранавіцкага раёна. Фота — Алесь Гізун

Акно ў вёсцы Паручын Баранавіцкага раёна.  Фота -- Алесь Гізун

Акно ў вёсцы Паручын Баранавіцкага раёна. Фота — Алесь Гізун

РЕКЛАМА

Акно ў вёсцы Міхнаўшчына Баранавіцкага раёна.  Фота -- Алесь Гізун

Акно ў вёсцы Міхнаўшчына Баранавіцкага раёна. Фота — Алесь Гізун

Ва ўзорах старых ліштваў прасочваецца мноства раслінных, птушыных і жывёльных матываў, прысутнічаюць выявы стыхій і нябесных свяцілаў – адным словам, усяго, у што верылі і ў каго прасілі паратунку нашы продкі. Прачытаць сімволіку ўзораў на ліштвах сёння бывае вельмі складана, а часам ужо амаль немагчыма. Цягам стагоддзяў гэтыя магічныя знакі пазбаўляліся свайго сакральнага значэння, разбаўляліся сучасным арнаментам і пакрысе пераўтвараліся ў звычайныя дэкаратыўныя элементы.

Новае акно з сучаснай ліштваю ў вёсцы Падгорная Баранавіцкага раёна.  Фота -- Алесь Гізун

Новае акно з сучаснай ліштваю ў вёсцы Падгорная Баранавіцкага раёна. Фота — Алесь Гізун

Адкуль узяўся Цмок на баранавіцкай вуліцы?

Традыцыі аздаблення ліштваў у розных рэгіёнах Беларусі адрозніваліся. Найбагацейшыя і найпрыгажэйшыя ліштвы, вырабленыя з некалькіх дошак, сустракаюцца на Гомельшчыне. А вось у ваколіцах Берасця дэкор на ліштвах часцяком увогуле адсутнічае.

Хатнія вокны ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна.  Фота -- Алесь Гізун

Хатнія вокны ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна. Фота — Алесь Гізун

У Баранавіцкім рэгіёне, як збольшага па ўсёй заходняй і цэнтральнай Беларусі, пашыраны ліштвы з адной фігурна выразанай дошкі. Аконныя ліштвы на навейшых хатах часцей маюць простыя геаметрычныя ўзоры, выкананыя ў неакласіцыстычнай стылістыцы, або зусім не маюць аздобы. А вось на старэйшых хатах зрэдчас можна сустрэць вокны з багатай міфалагічнай сімволікай.

Нядаўна былы галоўны архітэктар Баранавіч Баляслаў Тумашчык на адной са старых хат па вуліцы Мірнай, што недалёка ад Палескага вакзала, нечакана знайшоў для сябе пацверджанне таго, што калісьці ў Беларусі існаваў культ Цмока.

Акно з міфічным Цмокам. Вуліца Мірная, Баранавічы.  Фота -- Алесь Гізун

Акно з міфічным Цмокам. Вуліца Мірная, Баранавічы. Фота — Алесь Гізун

«З легендаў і казак мы ведаем, што міфічныя Яшчары або драконы Васіліскі калісьці вяліся на нашай зямлі, і нашыя продкі ім пакланяліся, – распавёў «IP» Баляслаў Тумашчык. – На ліштве, якую я ўбачыў на вуліцы Мірнай, выразна відаць гэты вобраз. На жаль, сама хата цяпер закінутая і ўнікальныя ліштвы могуць знікнуць у любы момант».

Міфічны Цмок на ліштве. Баранавічы. Вуліца Мірная. Фота -- Алесь Гізун

Міфічны Цмок на ліштве. Баранавічы. Вуліца Мірная. Фота — Алесь Гізун

Галава Цмока.  Фота -- Алесь Гізун

Галава Цмока. Фота — Алесь Гізун

Шыкоўныя аконныя ліштвы зрэдку яшчэ можна пабачыць і на іншых старых хатах у Баранавічах – на вуліцах Брэсцкай, Пралятарскай, Савецкай ды інш. Па ўспамінах іх цяперашніх гаспадароў, усе гэтыя хаты былі пабудаваны яшчэ «ў царскія часы». На жаль, імёны таленавітых майстроў-разьбяроў, што аздаблялі вокны, сёння ў забыцці.

Аконная ліштва на вуліцы Азёрная ў Баранавічах.  Фота -- Алесь Гізун

Аконная ліштва на вуліцы Азёрная ў Баранавічах. Фота — Алесь Гізун

Ліштва на хаце па вуліцы Лісіна ў Баранавічах.  Фота -- Алесь Гізун

Ліштва на хаце па вуліцы Лісіна ў Баранавічах. Фота — Алесь Гізун

У нашы дні старадаўнія ліштвы назаўжды знікаюць проста на вачах разам са старымі хатамі. У адрозненне ад іншых прадметаў побыту і інтэр’еру ліштвы так і не сталіся экспанатамі музеяў. А новыя хаты нават у вёсках усё часцей здабываюць сабе сучасныя, пластыкавыя «вочы».

Аконная ліштва на вуліцы Савецкай. Фота -- Алесь Гізун

Аконная ліштва на вуліцы Савецкай. Фота — Алесь Гізун

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up