Новости / Культура

Вакол Баранавіч створаць зялёнае кола

5.04.2013, 11:47 / remove_red_eye 150 / chat_bubble

Адпаведны праект баранавіцкіх эколагаў атрымаў падтрымку экспертаў ААН. Турыстычны маршрут спалучыць шматлікія цікавосткі баранавіцкай зямлі.

Ініцыятарам ідэі стварэння зялёнага кола з’яўляюцца сябры Баранавіцкага эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання «Неруш». Іх праект «Развіццё турысцкай дэстынацыі (прывабнасць, прыцягальнасць. – Аўт.) «Зялёнае кола Баранавіцкага раёна» – адзін з 16-ці аналагічных праектаў ад Брэсцкай вобласці, якія будуць рэалізоўвацца да 2015 года ў межах праграмы ААН «Мясцовае прадпрымальніцтва і экалагічнае развіццё».

Па словах кіраўніка «Нерушы» і каардынатара праекта Уладзіміра Зуева, Баранавіцкі раён быў прызнаны экспертамі самым прывабным для развіцця турызму сярод іншых раёнаў Берасцейшчыны, дзякуючы нашым прыродным і архітэктурным аб’ектам.

«Існасць праграмы ААН – у падтрымцы праектаў, якія дапамогуць развіваць турыстычны патэнцыял і атрымліваць з гэтага прыбытак», – распавёў «IP» Уладзімір Зуеў.

РЕКЛАМА

Апроч эколагаў «Нерушы», удзельнічаць у праекце будуць таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і ўладальнікі аграсядзібаў Баранавіцкага раёна, якія асабліва зацікаўленыя ў ажыўленні турыстычнай плыні. У межах праграмы для ўдзельнікаў праекта прадугледжаныя навучальныя семінары і стажыроўкі за мяжою.

«Цяпер мы актыўна абмяркоўваем разам з экспертамі ААН стратэгію развіцця экалагічнага турызму ў нашым рэгіёне. У адпаведнасці з гэтым у найбліжэйшы час мы вызначым, пад якія канкрэтна нашы ідэі будзе фінансаванне», – пракаментаваў сітуацыю   Уладзімір Зуеў.

Па словах эколага, сёння абмяркоўваюцца два патэнцыйныя зялёныя маршруты па Баранавіцкім раёне.
Першы поліфункцыянальны маршрут мае папярэднюю назву «На берагах Сервечы і Сваротвы». Ён звязвае міжсобку дзве ці не самыя прыгожыя рэчкі Баранавіцкага раёна і дае магчымасць сузіраць маляўнічыя паўднёвыя схілы Наваградскага ўзвышша.

Апроч водных аб’ектаў, маршрут уключае ў сябе і іншыя цікавыя сваёй прыродай, гісторыяй або архітэктурай мясціны: старадаўнія паркі (Ясянецкі, Туганавіцкі, Сваротваўскі), старыя мястэчкі Моўчадзь і Гарадзішча, унікальную трохкутную царкву ў Вялікай Сваротве, рэдкую крыніцу ўзыходнага тыпу каля вёскі Пруды і інш. Да таго ж гэты маршрут нанізвае на сябе шэсць аграсядзібаў, дзе можна запыніцца на ноч ці на некалькі дзён.

Аграэкасядзіба ў в. Паўлінава прымае турыстаў ужо некалькі гадоў

Аграэкасядзіба ў в. Паўлінава прымае турыстаў ужо некалькі гадоў

Другі маршрут з папярэдняй назваю «Мышанка хуткаплынная» таксама спалучае маляўнічыя лясы, цікавыя гісторыка-культурныя аб’екты і чатыры аграсядзібы.

Абодва маршруты прадугледжваюць самыя розныя фарматы: пешкі, на роварах альбо на чаўнах. Разам яны і ўтвараюць тое самае зялёнае кола, якое знітуе шматлікія цікавосткі баранавіцкай зямлі.

Па словах Уладзіміра Зуева, неўзабаве ў межах праекта плануецца таксама стварыць у інтэрнэце зялёную мапу Баранавіцкага раёна з інфармацыяй пра турыстычныя аб’екты, паслугі і інфраструктуру. «Пакуль гэта вельмі слаба прэзентавана ў інтэрнэце. Мы зробім так, каб і беларускі, і замежны турыст мог лёгка даведацца, дзе і што ў нас можна паглядзець ды дзе спыніцца на адпачынак», – распавёў Уладзімір Зуеў.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up