Автор: Алесь ГIЗУН

14:49, 28 марта 2013

Общество

remove_red_eye 161

Пра што маўчаць птушкі?

Якіх птушак можна навучыць размаўляць і нават лічыць? Хто з крылатых можа спаць у палёце і што робяць зязюлі-саміцы, калі іх самцы кукуюць? Адказы на гэтыя пытанні напярэдадні Міжнароднага дня птушак, які адзначаецца 1 красавіка, шукала «IP».

Рэальная гісторыя

Гэту дзіўную гісторыю, якая насамрэч выглядае не такой ужо і дзіўнай, журналістам «IP» нядаўна распавёў адзін з жыхароў нашага горада. Прагульваючыся ў пачатку сакавіка разам з жонкай па вуліцы Прытыцкага, па іншы бок ад дзіцячага кафэ «Ванька-Устанька», Пётр і яго другая палова раптам павярнулі голавы назад. Ззаду, як і паперадзе іх, нікога не было. Як не было нікога і на суседнім баку вуліцы. Спыніўшыся і азірнуўшыся, Пётр і яго сужэнка ўбачылі толькі пару гракоў, якія ўзляталі з паркавай агароджы.

– Ты чула?

РЕКЛАМА

– Чула!  А ты чуў?

– Чуў!

Так, ім абодвум выразна пачулася за спіною чалавечая гаворка. І хоць ні фразы, ні нават асобных словаў з падслуханага Пётр прыгадаць не змог, ён гатовы быў паклясціся, што гэта была менавіта чалавечая размова. Так яно было на гэты раз ці інакш, але здольнасць птушак сямейства крумкачовых (крумкачы, вароны, гракі, каўкі і інш.) імітаваць мову людзей вядомая ўжо даўно. Іх разумовыя здольнасці навукоўцы параўноўваюць са здольнасцямі малпаў, якія разумеюць механіку працэсаў.

Як паведамляе Вікіпедыя, даследчыкі Кембрыджскага ўніверсітэта высветлілі, што вышэйзгаданыя гракі праяўляюць такі ж розум пры стварэнні і выкарыстанні ўласнымі дзюбамі простых прыладаў працы, як і «прасунутыя» ў падобных справах шымпанзэ. А вы ніколі не назіралі, як грак кідае пад колы аўтамабіля грэцкі арэх, а пасля хуценька здзёўбвае з асфальту раздушанае ядро? Дык паназірайце пры нагодзе!

Малавядомыя факты пра вядомых птушак

Крумкач (ворон – русск. яз.)

Крумкач – бадай, самая разумная птушка, наяўнасць інтэлекту ў якой даказана навукова. Крумкачы могуць даследаваць патэнцыйна небяспечныя для іх  аб’екты пры дапамозе дадатковых прадметаў (напрыклад, кранаць змяю палкай, узятай у дзюбу). Птушаня крумкача можна вывучыць лічыць простыя лічбы, прычым вынік ён будзе агучваць чалавечымі словамі. І ў адрозненне ад лебядзей, вернасць гэтых птушак аднаму палаваму партнёру – не міф, а рэальнасць. Крумкачы ўтвараюць пары раз і на ўсё жыццё. А жывуць яны па 60–70 гадоў, а часам нават болей.

Каўка (галка – русск. яз.)

У кавак існуе строгая іерархія, на вяршыні якой знаходзіцца  каралева. Як правіла, гэта адна з самых прыгожых і моцных саміцаў у статку. Калі каўкі начуюць на дрэве, то іх каралева будзе знаходзіцца вышэй за астатніх. На самых нізкіх галінах сядзяць птушкі самых нізкіх кастаў. Іх можна пазнаць па пер’і, паскубаным і перапэцканым экскрэментамі вышэйшых па рангу птушак. Калі каўкі харчуюцца на зямлі, то каралева будзе ласавацца ў цэнтры, дзе стол найбагацейшы, а яе найніжэйшыя суродзічы – на перыферыі. Каралева – галоўная ў статку, хаця яе выбірае самец. Выглядае на такі сабе часткова кантраляваны мужчынамі матрыярхат. Дарэчы, каўкі – адзіныя птушкі з блакітнымі вачыма.

Сініца (синица – русск. яз.)

Нягледзячы на свае сціплыя памеры, сініцы – адны з самых агрэсіўных і ненажэрных птушак. Змагаючыся за корм, яны могуць крыўдзіць нават большых за сябе канкурэнтаў. Сініцы – актыўныя мясаеды, прычым не цураюцца нават падліны. За адзін летні дзень сям’я сініц можа знішчыць да 2000 розных вусеняў і насякомых. Арнітолагі не любяць кальцаваць гэтых птушак, бо яны звычайна раздзёўбваюць ім рукі да крыві, трапна наносячы ўдары ў адно і тое ж месца.

Верабей атрымлівае кухталёў ад сініцы. Сярод малых птушак сініцы – самыя агрэсіўныя

Верабей атрымлівае кухталёў ад сініцы. Сярод малых птушак сініцы – самыя агрэсіўныя

Шпак (скворец – русск. яз.)

Гэтыя птушкі – удалыя імітатары ўсіх навакольных гукаў. Шпакі могуць паўтараць свіст чалавека, рыпенне вокнаў ці дзвярэй, гул аўтамабіля… Арнітолагі недалюбліваюць гэтых птушак праз тое, што яны часта збіваюць іх з толку, навучыўшыся імітаваць голас любой іншай птушкі.

Зязюля (кукушка – русск. яз.)

РЕКЛАМА

У Беларусі жыве толькі звычайная зязюля. І гэта адзіная прадстаўніца свайго віду, якая не будуе гнёздаў. Не будуе не таму, што лянуецца, а таму, што не ўмее. Як добрая маці свайму дзіцяці, зязюля адкладае па адным яйку ў гнёзды іншых птушак, якія і выкормліваюць пасля яе дзяцей. Цікава, што за гады эвалюцыі розныя зязюлі навучыліся несці яйкі рознага колеру і памеру – менавіта такія, якія нагадваюць яйкі іншых канкрэтных відаў птушак. Кожная зязюля загадзя ведае, гнёзды якіх птушак ёй падыходзяць лепш за астатнія, і таму шукае менавіта іх. Як правіла, гэта гарантуе працяг роду зязюлі, але ставіць крыж на нашчадках гаспадароў гнязда: зязюляня развіваецца хутчэй і выкідае з гнязда ўсіх канкурэнтаў.

Для прыёмных бацькоў птушаня зязюлі (злева) - сапраўднае пакаранне

Для прыёмных бацькоў птушаня зязюлі (злева) — сапраўднае пакаранне

Дарэчы, характэрны, вядомы ўсім нам з дзяцінства гук «ку-ку» ўмеюць выдаваць толькі зязюлі-самцы. Зязюлі-саміцы ў адказ, як правіла, могуць толькі шыпець і булькатаць.

Свіргуль (стриж – русск. яз.)

Амаль з дзясятка тысяч птушак, якія існуюць у свеце, свіргулі – самыя хуткія. Яны могуць развіваць хуткасць да 120 км/гадзіну, а часам нават большую. У свіргулёў вельмі кароткія ногі, а таму яны ніколі не сядаюць ні на зямлю, ні на ваду, адкуль проста не змогуць узляцець. Гэтыя птушкі харчуюцца, п’юць і нават могуць спаць у палёце (пры гэтым спіць толькі адна палова мозгу, а другая адказвае за рух). Свіргуль можа чапляцца толькі за вертыкальную паверхню альбо сядаць на дрот ці стромую паверхню (напрыклад, край гнязда), адкуль будзе зручна зноў кінуцца ў палёт. Знойдзенага на зямлі свіргуля, калі ў яго не пашкоджаны крылы і іншыя органы, трэба падкінуць высока ўверх, каб ён зноў паляцеў.

Свіргуль.  Фота з сайта www.apus.ru

Свіргуль. Фота з сайта www.apus.ru

Удод – самы прыгожы і самы… смярдзючы

Птушкай года-2013 у Беларусі арнітолагі назвалі ўдода. Гэта адна з самых рэдкіх і самых маляўнічых птушак, якія сустракаюцца ў нашай краіне.

Удод. Фота з сайта www.flickr.com

Удод. Фота з сайта www.flickr.com

Прапануем 10 цікавых фактаў пра ўдода (паводле сайта ptushki.org):

1. У Беларусі налічваецца не больш за 20 тысяч пар удодаў. Іх колькасць  скарачаецца па ўсёй Еўропе. Віна ў гэтым – пагаршэнне экалагічнага асяродку, імклівае развіццё сельскай і лясной гаспадаркі, калі павялічваецца колькасць палёў і высякаюцца старыя, дуплістыя дрэвы.

2. У беларусаў найбольш шансаў убачыць ці пачуць удода на Палессі. Гэта птушка любіць вясковую мясцовасць, асабліва вольныя лугі і ўзлескі з голымі ўчасткамі зямлі. Гнёзды любіць ствараць у дуплах або ў сценах будынкаў.

3. Песня ўдода — глухі, трохскладовы гук «упупуп», які ўвесну і летам ён паўтарае з частатой да 30 разоў у хвіліну. У розных мовах у аснову назвы ўдода пакладзена менавіта падабенства да яго голасу (на латыні – Upupa epops; па-англійску – hoopoe; па-французску – huppe; па-італьянску – upupa).

4. Удод харчуецца пераважна хрушчамі, конікамі, мядзведкамі ды іх лічынкамі, якіх птушкі збіраюць на паверхні або могуць доўгай дзюбай спрытна дастаць з глебы. Адмысловыя мускулы на галаве дазваляюць удодам разяўляць дзюбу нават пад зямлёю.

5. У асноўным удод жывіцца відамі, якіх мы лічым шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных культур. Злавiўшы буйнога жука, удод б’е яго аб зямлю ці аб камень, каб забіць здабычу і пазбавіць панцыра і ног.

6. Удоды жывуць парамі. Наседжвае яйкі толькі саміца, а самец забяспечвае яе кормам.

7. Усе ўдоды зімуюць у Афрыцы.

8. Для абароны ў птушанят ёсць адмысловая залоза каля асновы хваста, з якой яны выпырскваюць вельмі смярдзючую алеепадобную вадкасць у бок ворага, які цікавіцца гняздом. Птушаняты таксама добра ўмеюць «страляць» ўласнымі экскрэментамі. Праз гэтую асаблівасць удодава гняздо – адно з самых смярдзючых.

9. Удод быў святой птушкай ў Старажытным Егіпце, яго малявалі на сценах пірамідаў і старажытных храмаў. Ён згадваецца таксама ў святых пісаннях — Бібліі і Каране. У 2008 годзе ўдод быў абраны нацыянальнай птушкай Ізраіля.

10. У Польшчы і заходніх рэгіёнах Беларусі ўдода называюць «дудэк». Ад гэтай назвы, можна меркаваць, паходзіць шмат распаўсюджаных прозвішчаў, у тым ліку – Дудко. У Польшчы нават ладзяцца сходы людзей з прозвішчам «Dudek».

Даведка «IP»

Cакавіцкія маразы крыху замарудзілі, хаця і не адмянілі вяртання пералётных птушак у Беларусь. Першымі сёлета пачалі прылятаць буслы, якіх традыцыйна спачатку адзначылі на Берасцейшчыне. Двух буслоў на мінулым тыдні бачылі таксама і ў Баранавіцкім раёне. На поўдні краіны ўжо з’яўляюцца шпакі, кнігаўкі і жаўрукі.

А вось гусі, кажуць арнітолагі, сёлета вымушаны былі павярнуць назад перад цыклонам, які накрыў Беларусь у сярэдзіне сакавіка. Таму яны вернуцца пазней. Па словах арнітолагаў, да халадоў птушкі добра адаптуюцца, дзякуючы паляпшэнню абмену рэчываў. А вось працяглы недахоп корму можа быць сур’ёзнай праблемай для нашых крылатых сяброў. Таму хутчэйшай вясны ўсім нам!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up