Автор: Алесь Гізун

14:49, 28 марта 2013

Общество

remove_red_eye 194

Дом, які стаў на дарозе

У самы блізкі час Баранавічы могуць страціць адзін з нешматлікіх будынкаў XIX стагоддзя. За два з паловай гады, калі ўпершыню стала вядома пра запланаваны знос былога даходнага дома насупраць аўтавакзала, сярод гараджан так і не знайшлося ахвотніка, які выратаваў бы старадаўні будынак ад зносу.

Знесці нельга захаваць

Інфармацыя пра знос былога даходнага дома па вуліцы Тэльмана, у якім доўгія гады размяшчаўся гарадскі наркалагічны дыспансер, не так даўно з’явілася на сайце баранавіцкага аўтапарка ў тэксце інвестыцыйнай прапановы.

Згодна з дакументам, на гэтым месцы плануецца пашырыць гандлёвыя плошчы рынка «Кірмаш Палескі» і зрабіць аўтастаянку для яго наведнікаў. Апошні тэрмін для падачы заявак інвестарамі закончыўся 20 сакавіка. Як паведамілі «IP» у баранавіцкім аўтапарку, на сёння прыйшлі прапановы ад двух беларускіх інвестараў. Праўда, наколькі сур’ёзныя гэтыя прапановы, казаць пакуль рана. У найбліжэйшы час іх будзе разглядаць адмысловая ўнутраная камісія. Таму пра дэталі і дакладныя тэрміны пачатку запланаваных пераўтварэнняў у аўтапарку пакуль не ведаюць. Але можна меркаваць, што рух пачнецца пры першай жа выгаднай прапанове.

РЕКЛАМА

«Мне, як аўтамабілісту, гэты дом перашкаджае, таму я лічу, што яго трэба зносіць, – пракаментаваў сітуацыю «IP» галоўны інжынер баранавіцкага аўтапарка Сяргей Дубешка. – Калі хтосьці бачыў у ім нейкую каштоўнасць, яму трэба было раней рабіць нейкія захады па яго захаванні, а не чакаць, пакуль ён будзе разбурацца. Сёння гэты дом у жахлівым стане».

Шмат размоваў, мала справаў

Намер знесці будынак былога даходнага дома і частку іншай старой забудовы горада ўпершыню быў агучаны ў Баранавіцкім гарвыканкаме яшчэ ўвосень 2010 года. Тады члены гарвыканкама разам з дэпутатамі абмяркоўвалі пабудову на гэтым месцы шматфункцыянальнага комплекса, які ўключаў бы ў сябе новы будынак аўтавакзала з гандлёвым цэнтрам і забаўляльнымі аб’ектамі. Вуліцу Тэльмана, да якой згаданы будынак ранейшага даходнага дома падступае амаль усутыч, у гэтым месцы планавалася пашырыць.

Навіна пра намер баранавіцкіх чыноўнікаў знесці гэты старадаўні будынак выклікала жывую дыскусію гараджан наконт будучыні гэтага дома. Тады ж старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч нават падказаў магчымы шлях выратавання гэтага аб’екта. Але на рэальную спробу выратаваць старадаўні будынак ад разбурэння за два з паловай гады ў выніку ніхто так і не вырашыўся.

Ці баліць камусьці галава?

Ці ўяўляе будынак былога даходнага дома архітэктурную каштоўнасць і ці варта яго захаваць? З гэтымі пытаннямі «IP» звярнулася да дырэктара Баранавіцкага гарадскога цэнтра архітэктуры, будаўніцтва і геадэзіі Баляслава Тумашчыка, які доўгі час быў галоўным архітэктарам Баранавіч. Па яго словах, згаданы дом не ўяўляе значнай каштоўнасці, паколькі пабудаваны па даволі тыповым праекце свайго часу, гэта значыць, ён не з’яўляецца адзінкавым і непаўторным. На думку архітэктара, не на карысць даходнага дома сёння кажа і тое, што на вуліцы Тэльмана на спуску з маста сёння сапраўды трэба пашырэнне, каб зняць транспартную напругу. Менавіта з такой перспектывай калісьці і быў пабудаваны пуцяпровад, і тут ужо цяжка нешта змяніць.

«Па-мойму, у Баранавічах ёсць іншыя аб’екты, якія трэба было б паспрабаваць захаваць у першую чаргу. Напрыклад, сядзібу заснавальнікаў нашага горада Развадоўскіх або цікавы дом у стылі канструктывізму на скрыжаванні ву-ліцы Савецкай і бульвара Штакерау, у якім знаходзіцца кулінарыя. Але абгрунтаваннем па наданні статусу гісторыка-культурных каштоўнасцяў усім гэтым аб’ектам павінен займацца гарадскі аддзел культуры», – падсумаваў Баляслаў Тумашчык.

Ці турбуе лёс былога даходнага дома і іншых архітэктурных аб’ектаў кіраўнікоў культуры нашага горада і ці не плануюць яны якія-небудзь захады па іх захаванні? Гэтыя пытанні «IP» вырашыла задаць начальніку аддзела культуры Баранавіцкага гарвыканкама Генадзю Чарняўскаму. На жаль, чыноўнік адмовіўся паразмаўляць з карэспандэнтам на гэту тэму. «Гэты дом не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а таму мы не маем да яго ніякага дачынення», – коратка пракаментаваў праблему Генадзь Чарняўскі.

Шансы ёсць

Тым не менш, на думку Антона Астаповіча, сёння ў жыхароў Баранавіч яшчэ ёсць шансы захаваць адзін з нешматлікіх гістарычных дамоў у горадзе.

Па-першае, трэба зрабіць прапанову ў Міністэрства культуры аб наданні згаданаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ад моманту, калі такую прапанову прымуць да разгляду ў Міністэрстве культуры, аб’ект будзе лічыцца пад аховаю дзяржавы, і ніхто не будзе мець права з ім нешта рабіць да канчатковай высновы Навукова-метадычнай рады.
Па-другое, паралельна трэба высветліць, ці створаныя так званыя ахоўныя зоны вакол суседніх пажарнага дэпо і старой аптэкі-музея, якія прызнаныя гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Паводле арт. 29 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны РБ», такія ахоўныя зоны вакол гістарычных помнікаў павінны стварацца абавязкова. Іх існасць у тым, што там забараняецца любая праектная ці будаўнічая дзейнасць. Як паказвае беларуская практыка, падобныя зоны аховы ў нас часцяком не распрацаваныя. Калі гэта пацвер-дзіцца і ў сітуацыі з Баранавічамі, іх давядзецца стварыць.

Гэта можа выратаваць стары даходны дом, які знаходзіцца літаральна за пару дзясяткаў метраў ад згаданых аптэкі і пажарнага дэпо. Даведацца пра наяўнасць ахоўных зон можна, паслаўшы адпаведныя запыты ў Баранавіцкі гарвыканкам і Міністэрства культуры. Гэта можа зрабіць любы гараджанін.

«Якім бы прыгожым і важным ні быў нейкі будынак, але калі ён не будзе мець ніякіх ахоўных гарантый з боку дзяржавы, яго могуць вельмі проста знесці ў любы час», – рэзюмаваў Антон Астаповіч.

Што за дом такі?

Даходны дом у Баранавічах быў пабудаваны яшчэ ў 1895 годзе, а таму яго можна лічыць адным з найстарэйшых будынкаў у нашым горадзе! Яго сценам на 30 гадоў больш, чым сценам Пакроўскага сабора і Касцёла Узвіжання Святога Крыжа, што на вул. Куйбышава. Памяшканні даходнага дома, як правіла, прадугледжваліся пад арэнду. Вядома, што падчас II-й Сусветнай вайны ў ім жылі нямецкія афіцэры, а ў першыя паваенныя гады ў гэтых сценах быў створаны гарадскі кінатэатр.

Пазней у гэтым доме размясціўся наркалагічны дыспансер, які праіснаваў тут амаль да нашых дзён. У народзе гэты будынак часта называюць «Сувораўскай вучэльняй». Магчыма, таму, што калісьці тут праходзіла вуліца Суворава, якая вяла ад вуліцы Тэльмана да Палескага вакзала. Разам з аптэкай-музеем і пажарным дэпо 30-х гадоў XX ст.  гэты дом стварае сімпатычны і непаўторны куток старога горада, якіх у Баранавічах засталося зусім няшмат.

Са зносам будынка ХІХ стагоддзя знікне непаўторны куток старога горада, якіх у Баранавічах і так няшмат

РЕКЛАМА

Са зносам будынка ХІХ стагоддзя знікне непаўторны куток старога горада, якіх у Баранавічах і так няшмат

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up