Новости / Культура

Мастацтва супраць бруду

11.03.2013, 2:00 / remove_red_eye 137 / chat_bubble

Тры ўраджэнцы нашага горада – Алесь, Антаніна і Генадзь Фалеі – прадставілі сваю творчасць на выставе ў межах арт-праекта «Дзевяць з паловай», якая адкрылася ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску 1 сакавіка.

На выставе прадстаўлены творчыя работы беларускіх мастакоў – дзевяці мужчын і адной жанчыны – Аляксандра Слепава, Аляксандра Канавалава, Васіля Васільева, Віктара Шылко, Анатоля Жураўлёва, Аляксея Жэрэло і, як было сказана вышэй, Алеся, Антаніны і Генадзя Фалеяў і Віктара Сахно.

Тэма выставы «Экалогія і мастацтва» выбрана невыпадкова. Як адзначыў ва ўступным слове перад прысутнымі кіраўнік Цэнтра сучаснага мастацтва прафесар Віктар Альшэўскі, такія паняцці, як экалогія і мастацтва, настолькі ж блізкія, як працэс узаемадзеяння творчага інтэлекту мастака са знешнім асяродкам і соцыумам.

Арт–аб’ект з яйкамі

РЕКЛАМА

Арт–аб’ект з яйкамі

Экалагічна неспрыяльныя фактары знешняга асяродку, якія ствараюцца самім чалавекам, разбуральна ўздзейнічаюць не толькі на яго свядомасць, на фізічнае здароўе, але і на падсвядомасць, дадаў ён. Дарэчы, пра гэта шмат гаворыцца і ў спецыяльна выдадзенай для наведвальнікаў і ўдзельнікаў выставы пяцітысячным накладам на 32 старонках газеце ART-CENTER.BY. Там жа – біяграфіі творцаў, фатаграфіі іх работ. Па сутнасці, гэта – паўнавартасны каталог.

Трэба падкрэсліць, што выстава ў значнай ступені адбылася дзякуючы нашаму земляку, мастаку і кавалю Алесю Фалею. Не адзін тыдзень ён правёў у сталіцы, афармляючы і рыхтуючы экспазіцыю. І, дарэчы, з 14 залаў цэнтра, у якіх прадстаўлены працы мастакоў, сем занятыя творчымі знаходкамі Алеся.

Дзе ж ён знаходзіць матэрыял для такіх экалагічных выстаў і пленэраў? Вакол нас. Гэта і дэталі ад старых аўтамабіляў, і сапсаваныя бытавыя прыборы, і кавалкі дроту, і тканіна, і старыя выкінутыя пальчаткі… На пытанне адной з журналістак падчас прэзентацыі выставы,  ці не вёз Алесь Фалей усе гэтыя матэрыялы з Баранавіч, мастак адказаў: «Навошта?! Мы ж жывем на звалцы. Наўкола столькі ўсяго, чым чалавек забруджвае навакольнае асяроддзе, што праблем са стварэннем з  гэтага  арт-аб’ектаў – ніякіх».

Матэрыял для гэтай работы быў узяты Алесем Фалеем на будоўлі недалёка ад ЦСМ

Матэрыял для гэтай работы быў узяты Алесем Фалеем на будоўлі недалёка ад ЦСМ

Сябра Саюза мастакоў Беларусі, Міжнароднага мастацкага аб’яднання «Майстар», Міжнароднай акадэміі графікі Алесь Фалей ужо неаднаразова ўдзельнічаў у розных замежных сімпозіумах і экалагічных фестывалях і заўсёды прыязджаў адтуль з узнагародамі.

Што тычыцца іншых нашых землякоў, брата Алеся Фалея Генадзя і жонкі Генадзя Антаніны, то яны цяпер жывуць у Віцебску. Генадзь стварае цікавыя габеленныя кампазіцыі, Антаніна, акрамя таго што з’яўляецца дацэнтам кафедры дызайна Віцебскага ўніверсітэта, плённа працуе ў жывапісе.

Куратар выставы, мастацтвазнаўца, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Мікалай Паграноўскі, выступаючы на імпрэзе, адзначыў:  «Усім хочацца жыць на чыстай планеце. Таму сапраўдны творца не можа не рэагаваць і проста глядзець на тое, як забруджваецца наша зямля. І ідэя праекта «Дзевяць з паловай» – дапамагчы нам хоць у нейкай ступені асэнсаваць гэту праблему, якая набыла ўжо глабальныя маштабы».

У кантэксце забруджвання навакольнага асяроддзя выступоўцы шмат гаварылі і пра чысціню душы. Менавіта ад гэтага ў значнай ступені залежыць, якой будзе наша планета, наша краіна, наш горад ці вёска праз год, дзесяцігоддзе, век… Выступоўцы ў сваіх прамовах выказалі спадзяванне, што экалогія свядомасці людзей будзе мяняцца да лепшага.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up