Новости / Общество

Вакол Свяцілаўскага возера пілуюць вербы

25.02.2013, 1:00  / remove_red_eye 342   / chat_bubble0

Пасля суровай падрэзкі вербаў у Паўночным мікрараёне пазнаць гэтыя дрэвы будзе нялёгка нават навукоўцам.

У абсадзе Свяцілаўскага возера прысутнічае некалькі відаў вербаў, у тым ліку і дэкаратыўная срабрыстая вярба. Гэтыя дрэвы даўно заваявалі сабе арэол рамантычнасці: іх любяць садзіць на берагах вадаёмаў і ў парках вакол лаваў ды альтанак. Пасля суровага пострыгу вакол Свяцілаўскага возера складана адрозніць не толькі розныя віды вербаў, але і ўвогуле пазнаць іх сярод іншых абкарнаных дрэваў.

Некаторыя дрэвы пасля абрэзкі выглядаюць зусім дзіўна

Некаторыя дрэвы пасля абрэзкі выглядаюць зусім дзіўна

У баранавіцкай службе азелянення абрэзку вербаў тлумачаць аварыйным станам гэтых дрэваў. «Мы падразаем вербы, якія знаходзяцца ў аварыйным стане, з паўсухімі галінамі або з гнілой сярэдзінай. Зусім аварыйныя дрэвы, якія ўяўляюць пагрозу для людзей і машын, спілоўваем пад корань», – распавяла «IP» інжынер па добраўпарадкаванні службы азелянення КУШГП ЖКГ «Баранавіцкая ГЖКГ» Наталля Цімошчык.

Па словах інжынера, вербы вакол Свяцілаўскага возера былі пасаджаныя напрыканцы 80-х і сёння ўжо дасягнулі сваёй спеласці. Падобная амаладжальная абрэзка дарослых дрэваў дае ім магчымасць пускаць больш маладых галін і працягваць расці далей. Спецыяліст патлумачыла таксама, чаму некаторыя вербы папілаваныя так сурова, пад высокі пень. Падобная абрэзка, па яе словах, прымяняецца акурат для тых дрэваў, што хутка растуць, у тым ліку і для вербаў.

«Людзі павінны разумець, што мы не пілуем дрэвы бяздумна. Нядаўна я пашкадавала вербы насупраць швейнай фабрыкі: ім толькі падрэзалі галіны, хаця стан тых дрэваў ужо дазваляе прыбраць іх цалкам. Гараджане тэлефануюць нам кожны год: адны скардзяцца, іншыя кажуць  «Дзякуй!», – распавяла Наталля Цімошчык.

Як запэўніла інжынер, ужо напрыканцы лета папілаваныя вербы ў Паўночным мікрараёне займеюць прыгожы, амалоджаны выгляд.

Кардынальна аголеныя дрэвы прыцягваюць да сябе ўвагу гараджан

Кардынальна аголеныя дрэвы прыцягваюць да сябе ўвагу гараджан

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии