Новости / Культура

Млыне мой, млыне, дзе твае крылы?

25.02.2013, 1:00 / remove_red_eye 216 / chat_bubble

Гісторыя беларускіх ветракоў – адна з самых сумных. Калісьці ў кожнай буйной вёсцы быў свой вятрак, а ў некаторых – нават па некалькі. Сёння на ўсю Беларусь іх засталося каля двух дзясяткаў.

Апроч тых нешматлікіх ветракоў, што сталі экспанатамі музеяў народнай культуры і побыту («Дудуткі», «Строчыцы», «Русіно» і інш.), сучасны стан гэтых помнікаў прамысловай архітэктуры – пагібельны. Калісьці толькі ў адным Баранавіцкім раёне было сама мала – каля дзясятка ветракоў. У в. Падлясейкі Баранавіцкага раёна, напрыклад, паралельна функцыянавалі два ветракі – «Петраноў» і «Мікітаў» (млыны называліся па імёнах альбо прозвішчах іх гаспадароў).

На сёння ў большай або меншай дасяжнасці ад Баранавіч захавалася 4 ветракі. А яшчэ год таму іх было 5. Улетку 2012 года разабралі вятрак у в. Патапавічы Ляхавіцкага раёна. Цяпер на суседняй Ляхавіччыне не засталося ніводнага ветрака. Балазе Патапавіцкі вятрак не знік бясследна, як гэта нярэдка здараецца з іншымі помнікамі архітэктуры. Ён таксама папоўніў калекцыю музейных ветракоў, «пераехаўшы» ў адну з новых турыстычных сядзібаў на Віцебшчыне.

Дарэчы, апошні баранавіцкі вятрак («Рэшкаў млын» у в. Залюбічы) праіснаваў да 2000 года. Яго паспеў перавесці ў літаратурна-этнаграфічны музей у в. Русіно (раней – Русіны) былы дырэктар музея, вядомы баранавіцкі краязнаўца і збіральнік скарбаў Міхась Бернат. Але ў 2000 годзе гэты апошні баранавіцкі вятрак спалілі невядомыя вандалы. Стараннямі таго ж Міхася Берната пазней у музеі ў Русіно зноў з’явіўся вятрак, які стаіць і сёння. Але ён перавезены з в. Гарбачы Ляхавіцкага раёна.

РЕКЛАМА

Апроч «музейнага» ветрака ў Русінах, найбліжэйшымі да Баранавіч застаюцца ветракі ў вёсках Шайкі і Урведзь Клецкага раёна і ўнікальны каменны вятрак у в. Тарнова Лідскага раёна. Лішне казаць, што амаль усе яны даўно стаяць занядбаныя, напаўразбураныя і без шмыгаў (крылаў). Толькі «Урвядзкі» вятрак, як кажуць мясцовыя жыхары, яшчэ мае два часткова ацалелыя крылы.

Вятрак у в. Урведзь – адзін з нешматлікіх, у якога часткова засталіся крылы

Вятрак у в. Урведзь – адзін з нешматлікіх, у якога часткова засталіся крылы

Большасць беларускіх ветракоў пачала занепадаць яшчэ ў 50–60-я гады ХХ стагоддзя, калі з’явіліся электрычныя млыны і хлебазаводы. Але некаторыя, як той жа Патапавіцкі вятрак, малолі муку яшчэ нават у 90-я! Апошні млынар Уладзімір Хмарук, якому гэты вятрак застаўся ў спадчыну ад бацькі, памёр у 80 гадоў. Сваякі млынара не захацелі прыватызаваць сваю спадчыну, і лёсам апошняга ляхавіцкага ветрака распарадзілася дзяржава…

У Беларусі найбольш былі пашыраныя гэтак званыя ветракі-«казлоўкі», што трымаліся на адмысловай канструкцыі – козлах. Ловячы вецер, «казлоўка» паварочвалася цалкам, усім корпусам.

На Захадзе будаваліся ветракі-«шатроўкі», якія яшчэ называлі «галандскімі». Менавіта з такімі ветракамі калісьці змагаўся легендарны Дон Кіхот. У адрозненне ад нашых «казловак» у «шатровак» паварочвалася з ветрам толькі макаўка-шацёр, да якой мацаваліся шмыгі. Вятрак у в. Шайкі Клецкага раёна – узор акурат такога ветрака-«шатроўкі». Ён стаіць пасярод вёскі, пры самай шашы з Ганцавіч да Мінска.

Вятрак у в. Шайкі.  Добра захаваліся  драўляныя механізмы млына і нават лесвіцы паміж чатырма паверхамі

Вятрак у в. Шайкі. Добра захаваліся драўляныя механізмы млына і нават лесвіцы паміж чатырма паверхамі

Рэшткі ўнікальнага ветрака-«шатроўкі» захаваліся ў в. Тарнова Лідскага раёна, пры былой сядзібе Грабоўскіх.

Бадай, гэта адзіны ў Беларусі стары вятрак, цела якога конусам выкладзена з каменя. Дыяметр Тарноўскага ветрака пры зямлі складае каля 12 метраў. Яго драўляны дашак-шацёр даўно згарэў. Даўно зніклі і шмыгі-крылы. Цяпер ён накрыты бляхаю, а яго нутро пераўтворана ў схоў саломы і сельскагаспадарчага смецця. А сам вятрак, як непахісны сярэднявечны рыцар, самотны і спустошаны стаіць сярод поля.

(болей фота глядзіце тут)

Читать также
Культура camera_alt

Барановичи в Instagram. Концерт Славы

15 часов назад remove_red_eye 2542
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up